Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль што няма яснасьці ў гэтым пытаньні. Ні Сусьветная арганізацыя здароўя, ні Ўправа кантролю за харчаваньнем і лекамі ў ЗША ня выпрацавалі адназначнага падыходу да электронных цыгарэтаў.

Кампаніі, якія вырабляюць электронныя цыгарэты, сьцьвярджаюць, што гэтыя прылады зьяўляюцца больш бясьпечнымі ў параўнаньні з тытунёвымі цыгарэтамі і могуць дапамагчы курцам кінуць курыць.

Адмыслоўцы і лекары больш асьцярожныя ў сваіх заявах. Яны пагаджаюцца, што электронныя цыгарэты ня ўтрымліваюць больш за 4000 хімічных злучэньняў, уключна з моцна канцэрагеннымі, якія выдзяляюцца ў працэсе курэньня сапраўднага тытуню. Тым ня менш некаторыя досьледы выявілі прысутнасьць шкодных і канцэрагенных рэчываў таксама ў электронных цыгарэтах, напрыклад, дыэтыленгліколю і нітразаміну.

Пад сумнеў ставіцца і прыдатнасьць е-цыгарэтаў для абмежаваньня курэньня. Скептыкі кажуць, што е-цыгарэты сваімі разнастайнымі формамі і заваблівымі адценьнямі смаку хутчэй схіляюць маладых людзей да курэньня, чым адштурхоўваюць.

У кожным разе, вытворчасьць е-цыгарэтаў, якая пакуль займае ўсяго некалькі адсоткаў сусьветнага тытунёвага рынку, дынамічна разьвіваецца. А таму мэдычна-прававой рэгуляцыі адносна электроннага курэньня не давядзецца доўга чакаць. Як і палітычных рашэньняў, абкладаць продаж электронных цыгарэтаў такімі самымі падаткамі, як звычайных, або не.

Паленьне электронных цыгарэтаў — гэта пэўная праблема і для аматараў мовазнаўства і парадку ў тэрміналёгіі. У электроннай цыгарэце нічога ня спальваецца і нічога не куродыміць. Там курэц удыхае нікатын у форме пары, якая вытвараецца з адмысловага раствору пры дапамозе награвальнага элемэнту, сілкаванага батарэяй.

Таму ў ангельскай мове слова smoking (курэньне) у адносінах да е-цыгарэтаў заступілі словам vaping (так бы мовіць, парэньне, ад слова vapor — пара). А як зь беларускай мовай? Парыць, парэньне, парэц... Ці вы парыце? ... Дайце папарыць... Даўно кінулі парыць?
XS
SM
MD
LG