Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майра Мора: Сьмяротная кара не перашкаджае страшным злачынствам


21 чэрвеня ў Менску на круглым стале «Рэлігія і сьмяротнае пакараньне» абмяркоўвалася пытаньне аб правамернасьці сьмяротнага пакараньня.

У дыскусіі ўзяў удзел старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Мікалай Самасейка. Ён заявіў, што пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня ляжыць не ў прагматычнай плоскасьці, а ў маральна-духоўнай, і выходзіць далёка за рамкі права, перадае БелаПАН.

Дэпутат адзначыў, што гэтае пытаньне нельга вырашыць без уліку рэаліяў жыцьця і ўсіх «за» і «супраць». Акрамя таго, Мікалай Самасейка сказаў, што трэба ўлічыць розныя меркаваньні, у тым ліку рэлігійных канфэсій.

Самасейка таксама заявіў, што беларускі бок не прымае ціску звонку ў пытаньні магчымай адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

"Мы гатовыя да супрацоўніцтва па любых пытаньнях, у прыватнасьці па пытаньні сьмяротнага пакараньня таксама, але не ў выглядзе санкцыяў і ультыматумаў", - цытуе БелТА Самасейку.

Ён таксама заклікаў эўрапейцаў перастаць ўвязваць дзейнасьць рабочай групы Палаты прадстаўнікоў па вывучэньні праблематыкі сьмяротнай кары як інструмэнта пакараньня з працай судовай сыстэмы.“Парлямэнт Беларусі не можа і не мае права ўмешвацца ў справы судовай улады”, - сказаў ён.

Генэральны дырэктар па правах чалавека і вяршэнства права Рады Эўропы Філіп Буая адзначыў, што тры гады таму быў у Менску і абмяркоўваў пытаньні, якія тычацца адмены сьмяротнага пакараньня. «Рэакцыя ў цэлым была пазытыўная, і я ад’яжджаў зь Менску перапоўнены надзеямі», — сказаў Буая. Аднак, «з жалем» канстатаваў ён, за мінулы час у Беларусі былі вынесеныя новыя сьмяротныя прысуды, некаторыя зь іх прыведзены ў выкананьне.

«Беларусь — частка Эўропы, усе мы зь нецярпеньнем чакаем, калі Беларусь прыме адпаведныя меры і зможа па праву заняць сваё месца ў эўрапейскай сям’і. Мы разумеем, што працэс адмены сьмяротнага пакараньня патрабуе часу і актыўнага ўдзелу палітычных дзеячаў, якім часам даводзіцца ісьці насуперак грамадзкай думцы», — адзначыў Буая.

Філіп Буая чарговы раз заявіў аб пазыцыі міжнароднай арганізацыі, якую ён прадстаўляе, — што сьмяротнае пакараньне неабходна адмяніць, перадае БелТА.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора ў сваім выступе адзначыла, што ЭЗ займае прынцыповую пазыцыю па гэтым пытаньні і заклікае ўсіх да адмены сьмяротнага пакараньня.

«ЭЗ лічыць сьмяротнае пакараньне жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, якое пры гэтым не перашкаджае страшным злачынствам», — сказала яна.

Паводле Моры, адмена сьмяротнага пакараньня — гэта, як правіла, палітычнае рашэньне, якое прымаецца разам зь пераадоленьнем грамадзкай думкі. На яе погляд, палітыкі і грамадзкія дзеячы павінны пераконваць насельніцтва ў неабходнасьці такога кроку.

Амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры сказаў, што пазыцыя ягонай краіны ў гэтым пытаньні непахісная. «Францыя выступае супраць сьмяротнага пакараньня пры любых акалічнасьцях. Адмена сьмяротнага пакараньня — гэта ня толькі палітычнае рашэньне, гэта перш за ўсё пытаньне маралі і сумленьня».

Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы. Галоўная прычына — наяўнасьць у краіне сьмяротнага пакараньня. Толькі з пачатку 2013 году беларускія суды вынесьлі тры сьмяротныя прысуды.

Круглы стол «Рэлігія і сьмяротнае пакараньне», які праходзіць сёньня ў Менску, арганізаваны беларускімі ўладамі і Радай Эўропы. У ім бяруць удзел дыпляматы, беларускія парлямэнтары, упаўнаважаны па правах чалавека ў Расеі Ўладзімер Лукін, а таксама прадстаўнікі ПАРЭ, Канстытуцыйнага суду Беларусі, рэлігійнай супольнасьці. Гэтая імпрэза павінна была прайсьці яшчэ ў лютым 2011 года.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG