Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўцекачы ў асноўным гандлююць на рынках


20 чэрвеня — Усясьветны дзень уцекача. Ён быў абвешчаны ў 2000 годзе пастановаю Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да праблемы ўцекачоў.

Хто шукае лепшай долі ў Беларусі і хто і зь якіх прычынаў уцякае з краіны?

Штогод у Беларусь з хадайніцтвамі аб наданьні статусу ўцекача зьвяртаюцца ад 60 да 100 замежнікаў. Мінулы год быў рэкордным — 106 вымушаных мігрантаў шукалі прытулку ў Беларусі. Але зь іх толькі 16 чалавек атрымалі статус уцекача, 20 — беларускае грамадзянства і двое — так званую «дадатковую абарону». Вымушаныя мігранты прыбываюць у Беларусь галоўным чынам з Паўднёва-Ўсходняй Афрыкі, Азіі і Блізкага Ўсходу. Сёлета да шматлікіх аўганскіх уцекачоў дадаліся сырыйцы і малійцы.

Старшыня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Аўганская абшчына, зямляцтва і ўцекачы» Хайдар Джоя Гулям кажа, што ў Беларусі цяпер прыкладна 890 грамадзянаў Аўганістану. Палову зь іх прызналі ўцекачамі, а палова — тыя, хто ажаніўся з грамадзянкамі Беларусі. Але цяпер статус уцекача атрымліваюць лічаныя адзінкі:

«Людзі прыяжджаюць, але статусу ўцекача амаль ніхто не атрымлівае. На жаль, мае суайчыньнікі прыяжджаюць неяк ня так, ня так сюды трапляюць, у іх разыходжаньні ў паказаньнях у розных гутарках, інтэрвію, нестыкоўкі, і потым яны адмову атрымліваюць. Гэта не віна дзяржавы, а віна саміх людзей, якія прадстаўляюць ілжывую інфармацыю. Многія падманваюць — да прыкладу, займалі пасаду прапаршчыка, а кажуць, што былі генэраламі».
Людзі прыяжджаюць, але статусу ўцекача амаль ніхто не атрымлівае

Калі статыстыка па колькасьці ўцекачоў, якія выбіраюць Беларусь, ёсьць, то палічыць, колькі беларусаў шукаюць прытулку на Захадзе, значна больш складана. Некаторыя зьяжджаюць з эканамічных прычынаў, у пошуках лепшай долі і большых заробкаў. Але бальшыня — з палітычных матываў. Відавочна, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў колькасьць палітуцекачоў зь Беларусі павялічылася. У Вялікай Брытаніі статус уцекача атрымаў Андрэй Саньнікаў, у Польшчы — журналістка Натальля Радзіна, Зьміцер Бандарэнка, Аляксандар Атрошчанкаў, Зьміцер Бародка, Вячаслаў Дзіянаў, дзясяткі актывістаў зьехалі ў Літву і Ўкраіну. Такім чынам, беларусы часьцей выбіраюць суседнія краіны.

Нядаўна ў Літве атрымаў статус уцекача былы вайсковец Сьцяпан Захарчанка. Ён патлумачыў уцёкі тым, што зазнаў пагрозы і зьбіцьцё, калі адмовіўся падпісваць ліст-абавязаньне страляць у выпадку атрыманьня загаду ва ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Спачатку літоўскія ўлады яму адмаўлялі, пагражалі дэпартаваць, але ўрэшце пасьля шматлікіх праверак дазволілі застацца ў краіне.

Сьцяпан Захарчанка

Сьцяпан Захарчанка

«У Літве ўцекачам даволі складана ўладкавацца. На самой справе цяжка. Літоўская мова вельмі цяжкая, вельмі. На самой справе ўсё значна больш складана, чым здаецца. Я цяпер ужо адкрыў уласную фірму, буду займацца сваёй справай. А літоўскую мову я ўжо вывучыў, я ведаю ангельскую мову, нямецкую мову. Цяпер пачынаю вывучаць гішпанскую. Я спадзяюся, што ў хуткім часе ў нас у краіне ўсё зьменіцца. І я з радасьцю вярнуся. З радасьцю…»

Уладкавацца ўцекачам даволі складана паўсюль. Не выключэньне і Беларусь. Але ў нечым вінаватыя і самі ўцекачы, сьцьвярджае старшыня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Аўганская абшчына, зямляцтва і ўцекачы» Хайдар Джоя Гулям:

«Акрамя двух-трох чалавек, якія працуюць па спэцыяльнасьці — лекарамі, астатнія займаюцца гандлем на рынках — у Ждановічах, на „Экспабеле“. На жаль, занятасьць — вялікая праблема. І я пастаянна сваруся з суайчыньнікамі-ўцекачамі з-за таго, што яны чакаюць, што ў іх „утрымальніцкія настроі“. Табе далі статус, ты атрымаў грамадзянства — ідзі працуй! Як грамадзяне Рэспублікі Беларусь».
XS
SM
MD
LG