Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найлепшае рашэньне візавай праблемы — Беларусь у шэнгенскай зоне»


Веслаў Пакладак (Wiesław Pokładek)

Веслаў Пакладак (Wiesław Pokładek)

Традыцыйная прэсавая канфэрэнцыя кіраўніка аддзелу садзейнічаньня гандлю і інвэстыцыям амбасады Польшчы ў Менску Веслава Пакладка была прысьвечаная вынікам працы польскай эканомікі і беларуска-польскаму эканамічнаму супрацоўніцтву. Але не абышлося і бязь візавага пытаньня.

І хоць гэта не зьяўляецца непасрэднай адказнасьцю спадара Пакладка, беларускія журналісты не маглі не задаць польскаму дыплямату гарачае пытаньне пра праблемы з атрыманьнем шэнгенскіх візаў у польскіх консульствах.

«Найлепшым рашэньнем візавай праблемы стала б далучэньне Беларусі да шэнгенскай зоны», — пажартаваў спадар Пакладак, і потым ужо працягнуў больш сур’ёзна:

«Вядома, нам сорамна, што існуюць такія не найлепшыя ўмовы ў нашых консульскіх аддзелах, вялізныя чэргі. Але нам не прадстаўляюцца лепшыя ўмовы, гэта не ад нас залежыць».
Нам сорамна, што ў нашых консульскіх аддзелах вялізныя чэргі. Але нам не прадстаўляюцца лепшыя ўмовы

Польшча, дарэчы, выдае амаль палову ўсіх шэнгенскіх візаў грамадзянам Беларусі і выступае за скасаваньне аплаты за візавы збор — аднак далёка ня ўсе эўрапейскія краіны падтрымліваюць такі падыход.

Зь іншага боку, як адзначыў польскі дыплямат, мусіць спрацоўваць прынцып узаемнасьці. У той час як многія беларусы скардзяцца на дарагоўлю гадавой візы ў шэнгенскую зону — 60 эўра, гадавая беларуская віза для замежнікаў каштуе 150 эўра.

Што тычыцца эканамічных стасункаў між дзьвюма суседнімі краінамі, то максымальны таваразварот паміж Беларусьсю і Польшчай, паводле мэтодыкі, якую ўжывае беларускі бок, быў зафіксаваны ў 2008 годзе і склаў амаль 3 мільярды даляраў. Далей назіралася істотнае падзеньне.

У 2011 годзе таваразварот падрос да 2,5 мільярда, а летась зноў упаў — да 2,3 мільярда. І паводле Пакладка, самым аптымістычным вынікам 2013 году было б выйсьці на ўзровень 2,5 мільярда:

«Мы бачым павелічэньне паставак польскіх тэхналягічных лініяў у Беларусь. Пакуль у Беларусі ідзе мадэрнізацыя, краіна мае патрэбу ў польскіх тэхналёгіях», — адзначыў дыплямат.

Што зьяўляецца асноўнай перашкодай для росту агульнага таваразвароту? Паводле Пакладка, сыстэма прыцягненьня замежных інвэстыцыяў у Беларусі пакуль ня можа прывабіць інвэстараў. І сытуацыя тут не палепшылася за апошнія гады. Да таго ж непаваротлівасьць беларускай фінансавай сыстэмы робіць яе ня самым лепшым пасярэднікам, польскія фірмы выходзяць непасрэдна на больш прасунутыя расейскія банкі. Таму радыкальнага павялічэньня польскіх інвэстыцыяў у беларускую эканоміку пакуль не адбываецца, хаця паводле наўпроставых інвэстыцыяў у Беларусь Польшча займае даволі высокае сёмае месца.
XS
SM
MD
LG