Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Лукашэнкі — супраць пашырэньня правоў ІП


Індывідуальным прадпрымальнікам не даюць права наймаць работнікаў ня зь ліку сваякоў, бо адміністрацыя прэзыдэнта не падтрымлівае гэтую прапанову.

Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Калінін, камэнтуючы рэалізацыю ініцыятываў, зь якімі выступалі бізнэс-саюзы.

«Мы выступалі, прапанову падавалі, пытаньне пакуль ня вырашана. Супраць выступаюць не ва ўрадзе, а ў адміністрацыі прэзыдэнта», — адзначыў Калінін.

На яго думку, калі б ІП атрымалі права наймаць работнікаў ня зь ліку сваякоў, гэта б дазволіла легалізаваць працу тых людзей, якія афіцыйна нідзе не працуюць. Сёньняшняя сытуацыя, калі індывідуальным прадпрымальнікам забаронена наймаць работнікаў ня зь ліку сваякоў, спрыяе схаванай занятасьці, дадаў Калінін:

«Нармальны чалавек ня можа адстаяць кожны дзень восем гадзін і адначасова падвозіць сабе тавар. Таму ў кожнага індывідуальнага прадпрымальніка, які гандлюе на рынку, ёсьць хаця б адзін памочнік. Але гэтыя людзі, якія дапамагаюць працаваць прадпрымальнікам, ня могуць быць афіцыйна аформлены і, адпаведна, ня плацяць падаткаў і складак у Фонд сацабароны насельніцтва.

Легалізацыя працы найманых працаўнікоў спрыяла б павелічэньню падаткаў і нармалізавала б дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў».

Паводле зьвестак на 1 чэрвеня, у Беларусі было зарэгістравана 258,8 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў.
XS
SM
MD
LG