Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год беражлівасьці: у вёсцы на 500 двароў закрываюць школу


У вёсцы Калініна Буда-Кашалёўскага раёну ўлады зачыняюць базавую школу. Раней у гэтай жа вёсцы ліквідавалі бібліятэку, клюб, пошту.

Людзі спрабуюць пратэставаць, але ўлады абгрунтоўваюць сваё рашэньне неабходнасьцю ашчаджаць бюджэтныя грошы і называюць усё гэта «аптымізацыяй».

Ад пачатку чэрвеня жыхары Калініна, і найперш бацькі й школьнікі, жывуць ва ўзрушэньні. Большасьць нэгатыўна ставіцца да рашэньня раённых уладаў закрыць у вёсцы базавую школу.

Вяскоўка Тамара: «Вёска пяцьсот двароў — школу зачыняюць, пошту зачынілі. Ні клюбу, нічога няма абсалютна. Рукой, напэўна, махнулі. Людзі езьдзілі і ў райвыканкам, і ў Гомель, і ў Менск пісалі. Прыехалі правяральшчыкі і, пэўна, пажарнікам загадалі сказаць, што школа аварыйная. Казалі, што школа драўляная. А ў нас школа цагляная, добрая, дагледжаная, прыгожая — і яе зачыняюць. Такая вёска — усё, ніякага жыцьця».

Улады зачыняюць школу з прычыны малакамплектнасьці й неадпаведнасьці ўмоваў навучаньня сучасным патрабаваньням. Пра гэта кажа й дырэктарка школы Сьвятлана Баранава:

«Калі браць навучальны працэс, то ў нас усё забясьпечана. Але ў нас няма спартовай залі, у нас кацельня ўнутры школы. Актавай залі таксама няма. Кампутарную клясу мы сумясьцілі зь іншай клясай — асобнай таксама няма. Вядома, прыбіральня на вуліцы. Школьнікам патрэбны іншыя ўмовы — стандартныя, эўрапейскія ўмовы».

Спадар Ігар вучыўся сам, дзеці ягоныя вучыліся ў Калінінскай школе. А цяпер і ўнучка вучыцца. Вясковец не пагаджаецца, што дэмаграфічная сытуацыя ў паселішчы безнадзейная. І з рамонтам школкі можна знайсьці выйсьце:

«Школа, тыпу, непэрспэктыўная — закрыць яе, зьліквідаваць. А калі браць нараджальнасьць — шмат у нас цяжарных. На 50 навучэнцаў мы павінны выйсьці праз два гады. Мая нявестка, яна старшыня бацькоўскага камітэту ў школе. Яна езьдзіць, дамагаецца, каб школу пакінулі, але не атрымліваецца. Начальнікі з Буда-Кашалёва адказваюць: маўляў, раён сам вырашае — яны маюць на гэта поўнае права. Няма, маўляў, у школе спартовай залі, унутранай прыбіральні — і таго, і гэтага. Дык зрабіце капітальны рамонт школы! Бацькі дапамогуць — мы прыйдзем усе».

Трыццаць восем мясцовых школьнікаў улады зьбіраюцца вазіць на вучобу за тры кілямэтры ў суседнюю вёску Ўза.

Ігар: «Калі ў нас садзік згарэў, дзяцей пачалі вазіць аўтобусам да суседзяў. Ён выехаў на трасу і трапіў у аварыю — фура стукнула аўтобус. Цьфу-цьфу, добра, што ўсё скончылася нармальна — дзеці засталіся жывыя. Іх жа, дзяцей, ніхто не суправаджае. Нам абяцаюць, што будзе хтосьці з настаўнікаў суправаджаць. А настаўніку гэта трэба? На гадзіну раней завязуць у школу — яны будуць гадзіну там лайдачыць. Хто зь імі там будзе займацца? А пасьля школы — іх жа таксама некуды трэба падзець. А што аўтобус? Кіроўца прывёз — „Вылазьце!“ А дзецям куды?»

Маладая маці, цяжарная другім дзіцем, кажа, што дзяцей было б у Калініне больш, калі б быў свой дзіцячы садок. Непакоіцца яна й за 6-гадовую дачку, якая зь верасьня мае ісьці ў першую клясу:

«Няма садка тут. Калі б быў садок, больш і дзяцей хадзіла б у школу. А ў нас людзі ідуць на працу й развозяць дзяцей наўкола — садкі ў нас у Бальшавіку, Камунары і ва Ўзе. У мяне хутка дзіця пойдзе ў школу — трэба вазіць яго ў Камунар ці Ўзу, у адну зь дзьвюх».
Школа, хаця б да чацьвёртай клясы, павінна быць у кожнай вёсцы, дзе ёсьць дзеці

Мясцовыя жыхары наагул лічаць, што ў кожнай вёсцы, дзе ёсьць дзеці, павінна быць хаця б пачатковая школа:

«Школа, хаця б да чацьвёртай клясы, павінна быць у кожнай вёсцы, дзе ёсьць дзеці».

Антаніна Новак, эканаміст па адукацыі, рабіла ў Калінінскай школе кухарам:

«Я ў школе прапрацавала 25 гадоў. Дзіцё не прыйшло абедаць — я пайшла й знайшла яго: „Хадзі, дзіцятка, пад’еш“. Скажыце: пойдуць яны ў іншую школу — каму яны там патрэбныя? У нас у школе кожнае дзіця дагледжана, абагрэта. У школе цёпла, утульна. Школу закрываць нельга! Закрыць школу — гэта значыць заглушыць вёску. На школу дзяржава ў нас ніякіх дадатковых выдаткаў не панясе, апрача выдаткаў на паліва. Рамантуюць школу за кошт бацькоў, настаўнікаў. Ніхто прэтэнзіяў не выстаўляе. Настаўнікаў разьмеркавалі — ім жа заробак усё адно будуць плаціць. Дык што, утрымліваць дадаткова 2 тэхнічкі і 2 качагары — гэта вялікія выдаткі для дзяржавы?»

Жанчына кажа, што ўлады павінны перагледзець сваё стаўленьне да сацыяльнага стану звычайных вёсак:

«Мы хочам, каб гэтая школа існавала, каб жыла гэтая вёска. Каб у гэтай вёсцы ўпарадкавалі вуліцы, зрабілі водаправод, правялі газ. Няхай і нашых сродкаў палова будзе, але каб штосьці рабілі. Правільна, Лукашэнка едзе — прыгожыя платы стаяць. А збоч у вёску — чорт яго ведае што».

Дагэтуль у Буда-Кашалёўскім раёне закрылі ўжо чатыры падобныя школы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG