Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фотамадэлі» ў пажыцьцёвых строях


Фотаздымкі вязьняў, за якія фатограф газэты МУС «На страже» Вячаслаў Цуранаў стаў пераможцам конкурсу Belarus Press Photo, працягваюць абмяркоўваць у грамадзтве.

Зь людзьмі, якія лічаць гэтую фатасэсію «зьдзекам са зьняволеных», спрачаюцца тыя, для каго здымкі Цуранава сталі прыкладам прафэсіяналізму фотажурналіста.

Былы палітвязень Зьміцер Бандарэнка настойвае на сваёй раней заяўленай пазыцыі, што здымкі Вячаслава Цуранава — гэта зьдзек зь вязьняў Жодзінскай турмы. Спасылаючыся на свой турэмны досьвед, Зьміцер Бандарэнка ня верыць, што асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне добраахвотна далі згоду на падобную фатасэсію.

Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
«Абуральна ўжо тое, што людзі, якіх аўтар, сам міліцыянт, выбраў у якасьці мадэляў, знаходзяцца з рукамі ў кайданках за сьпінай. Хіба гэта не падстава задумацца? А потым, ёсьць і такія простыя рэчы, як гэтае крэсла ў прагулачным дворыку. Яго могуць прынесьці хіба з кабінэту начальніка турмы, бо такіх крэслаў няма ў нікога з зэкаў — такія ня могуць стаяць у камэры, у дворыку…»

Пераможца фатаконкурсу Belarus Press Photo ў намінацыі «пастановачны партрэт» Вячаслаў Цуранаў адмовіўся камэнтаваць выказваньні былога палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі на адрас ягонай працы.

Вячаслаў Цуранаў
Вячаслаў Цуранаў
«Мне асабіста нецікава нічога казаць, выказвацца. Уражаньне, што нейкая ўнутраная раўнавага парушыцца. Я не публічны чалавек, мяне не было ў інтэрнэце і далей хай ня будзе».

Зьміцер Бандарэнка, якому я паведаміў пра адмову Вячаслава Цуранава камэнтаваць выказаныя да яго прэтэнзіі, зноў згадаў пра крэсла ў турэмным дворыку. Канкрэтна — пра тое фота, дзе гэтае крэсла ўрэшце аказалася пустым:

«Самае галоўнае, як казаў аўтар, гэта пустое крэсла… Але ж яно можа і іншае азначаць: што ня лезьце супроць улады, усіх перамелем, у нас на ўсіх крэслаў хопіць. То бок бачыце, які ўнівэрсальны фотамастак: ён і аматараў высокага мастацтва задаволіў, і мянтоўскае начальства задаволіў».

А што думаюць фотакарэспандэнты пра працу свайго калегі Вячаслава Цуранава?

Сябра журы конкурсу Belarus Press Photo, фотакарэспандэнт агенцтва AP Сяргей Грыц лічыць, што фатаздымкі Сяргея Цуранава — гэта добрая праца, вартая ўзнагароды конкурсу. Пазыцыю наконт саўдзелу фатографа ў маральным катаваньні вязьняў Сяргей Грыц не падзяляе.

«Мяркую, сябры журы таксама ня думалі пра тое, зь якімі ўражаньнямі вязьні сядзелі на крэсьле, калі іх фатаграфаваў аўтар. Мяркую, гэта было зроблена з дазволу кіраўніцтва калёніі і са згоды саміх зьняволеных. Не ўяўляю, як здымкі могуць быць катаваньнем? Вязьняў усё роўна выводзяць у гэты дворык на прагулку — на гадзіну ці колькі часу».

Незалежны фотакарэспандэнт Юля Дарашкевіч заўважае, што Вячаслаў Цуранаў даўно здымае ў турмах, а ягоныя здымкі — унікальныя.

Юля Дарашкевіч
Юля Дарашкевіч
«Ягоныя здымкі — адзінае сьведчаньне ўмоваў утрыманьня ў беларускіх турмах. Іншых мы ўвогуле ня маем. Слава — фактычна адзіны чалавек, які здымае ў турмах, публікуе здымкі, дасылае на наш конкурс. Можна прагартаць альбомы Press Photo і ўбачыць ягоныя здымкі, дзе паказаныя нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня нашых вязьняў».

Што думаюць пра фатапрацу Вячаслава Цуранава іншыя людзі, якія сядзелі ў беларускіх турмах? Кіраўнік праваабарончай установы «Плятформа-інавэйшн», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка зыходзіць з таго, што доказаў прымусу дзеля фатасэсіі пакуль няма.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
«Гэта звычайная журналісцкая праца, пакуль я ня бачу тут ніякіх прыкмет зьдзекаў. Я не на баку Зьмітра Бандарэнкі, хоць не падтрымліваю і журналістаў, якія кажуць, што гэта была цалкам добраахвотная фатасэсія. Трэба разьбірацца. Варта падымаць дыскусію пра ўмовы, у якіх знаходзяцца вязьні беларускіх турмаў, бо прагулкі ў кайданках — гэта вельмі дрэнна. Але трэба разумець і тое, што гэта пажыцьцёва зьняволеныя і ёсьць Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Таму прэтэнзіі найперш павінны быць на адрас заканадаўцы».

Былы вязень Жодзінскай турмы Ігар амаль не сумняецца, што згоды ад вязьняў на фатаздымкі ніхто і не пытаўся:

«Магчыма, хто за дадатковы ларок і пагадзіўся, але ў асноўным і пытацца ня будуць. Скажуць: ты, ты і ты — вывелі на здымкі і пасадзілі ў крэсла. Там усё жорстка. Я памятаю, як у Жодзіне, калі быў у такім „стакане“, то з Глыбокага якраз перавозілі пажыцьцёвых. Іх стрыглі налыса, дык адзін паспрабаваў запярэчыць, што ў яго без таго кароткія валасы. Яго за гэта білі хвілін дзесяць. То бок гэта безумоўна зьдзек зь вязьняў — такія фота. Ня думаю, што яны самі хацелі б, каб іх паказалі ў такім выглядзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG