Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіманаў: Кангрэс рускай прэсы выслухаў галоўнага душыцеля свабоды слова


У Менску праходзіць XV Кангрэс рускай прэсы, на які сабраліся прадстаўнікі амаль 300 расейскамоўных мэдыяў з 60 краін сьвету.

Арганізатары далі найвышэйшую ацэнку «беражліваму стаўленьню» да расейскай мовы ў Беларусі, адзначыўшы ў гэтым заслугу кіраўніцтва краіны і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Пра дыскрымінацыю і заняпад беларускай мовы, якая церпіць ад татальнай русыфікацыі, на кангрэсе ніхто ня згадваў.

Прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі рускай прэсы Віталь Ігнаценка задаволены тым, што Беларусь як ніводная іншая краіна шануе расейскую мову ва ўрон уласнай беларускай, а колькасьць расейскамоўных выданьняў тут толькі расьце:

«З нашага боку вельмі высокая ацэнка таму, як ставяцца да расейскай мовы ў Беларусі. Гэта цешыць. Увогуле, мы хочам, каб людзі, якія бяруць у рукі рускую газэту ці глядзяць рускае тэлебачаньне, разумелі — якая вялізная культура стаіць за рускай мовай, якая вялізная магутнасьць за ёй. Надзвычай складана ў якойсьці краіне ўтрымліваць тэлебачаньне ці ўтрымліваць газэты, але мы намагаемся ўсім дапамагаць. І вось сёньня ў Беларусь прыехалі прадстаўнікі 60 краінаў, дзе руская прэса трыюмфуе».

Віталь Ігнаценка стаіць за Ўладзімерам Пуціным, архіўнае фота

Віталь Ігнаценка стаіць за Ўладзімерам Пуціным, архіўнае фота

Тэлеграму на адрас удзельнікаў кангрэсу даслаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, які адзначыў, што форум «па праву лічыцца адной з самых заўважных падзеяў у жыцьці ўсяго Рускага сьвету»: «Ён традыцыйна зьбірае ўсіх тых, каму блізкая расейская мова, хто цікавіцца гісторыяй і сёньняшнім днём Расеі, цэніць яе найбагацейшую культурную, духоўную спадчыну».

«Трыюмф» расейскамоўнай прэсы радуе і Аляксандра Лукашэнку, які асабіста наведаў імпрэзу і ў сваім выступе агучыў меркаваньне — маўляў, усе беларусы лічаць расейскую мову роднай для сябе. Лукашэнка ўпэўнены, што сам час паказаў правільнасьць наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай. Ня бачыць Лукашэнка і праблемаў са свабодай слова ў Беларусі:

«Былі часы, калі крайнія нацыяналісты хацелі выгнаць зь Беларусі ня толькі рускую мову, але і ўсіх рускіх людзей. На шчасьце, мы перамаглі гэтую небясьпеку. Адной з прычынаў паразы нашых нацыяналістаў зьяўляецца тое, што яны былі ярымі праціўнікамі рускай мовы. Прымаючы ў свой час рашэньне аб наданьні рускай мове дзяржаўнага статусу, мы зыходзілі зь яснага разуменьня: вялікая руская мова, якая зьяўляецца фундамэнтам адной з найвялікшых у сьвеце культураў, — гэта агульны набытак усіх народаў, якія калісьці стваралі нашу агульную Айчыну».

Прэзыдэнт расейскага фонду абароны галоснасьці Аляксей Сіманаў зьвяртае ўвагу на аднароднасьць дэлегатаў кангрэсу, сярод якіх няма ніводнага апанэнта Крамля, а таксама на тое, што вучыць жыцьцю журналістаў узяўся адзін з самых жорсткіх душыцеляў свабоды слова ў сьвеце — Лукашэнка:

Аляксей Сіманаў

Аляксей Сіманаў

«Калі на кангрэсе такая вялізная колькасьць удзельнікаў з 60 краін слухае аднаго з самых жорсткіх душыцеляў свабоды слова спадара Лукашэнку, прымаюць яго на вышэйшым узроўні, то пра што ўвогуле гаварыць? Значыць, гэта кампанія аднадумцаў. Калі Лукашэнка асабіста там выступае, калі Пуцін дасылае туды свае сардэчныя прывітаньні — ну дык цудоўна, значыць, што гэта вельмі добры кангрэс паслухмянай рускай прэсы. Наагул рэльеф так званай расейскамоўнай прэсы робіцца абсалютна аднастайным. Газэт, якія б выдзяляліся „лица необщим выраженьем“, вельмі няшмат. Вось „необщим выраженьем“ задняй часткі, філейных частак — гэта так, а зь „лица необщим выраженьем“ — праблема. На жаль, мы выраўноўваемся ў раўненьні на начальства. Гэта лішні раз дэманструе кангрэс, і гэта вельмі непрыемна бачыць».

Выступаючы перад удзельнікамі кангрэсу, Лукашэнка зазначыў, што яму ўдалося пабудаваць мірную, добрую краіну, у якой нікому нават у галаву ня прыйдзе думка «прыціскаць чалавека з-за таго, што ён гаворыць на якойсьці ня той мове». Праўда, факты сьведчаць якраз пра іншае: беларускамоўны аўтаматычна прыраўноўваецца да апазыцыянэра, адукацыя на роднай мове практычна вынішчаная, беларускамоўных выданьняў — адзінкі, дый сам Лукашэнка пераходзіць на трасянку, калі хоча прынізіць апанэнта. Зрэшты, як лічыць журналіст, пісьменьнік Аляксей Сіманаў, беларусам ня варта адчайвацца, бо са зьменай улады жыцьцё ўсё расставіць па сваіх месцах:
Атрымліваць дзяржаўную падтрымку ад такой крыніцы, як Аляксандар Рыгоравіч, па-мойму, вельмі небясьпечна

«Зь цяперашняга пункту гледжаньня сёньняшняя сытуацыя — так, часова горшая. Але я ня думаю, каб яна была пагібельнай для беларускай мовы. Увогуле беларуская мова вельмі добрая, мілагучная, мяккая; цудоўная мова, якая знойдзе сваё месца і праліецца сваім ручаём. Калі мова не ідзе вялікай ракой, гэта значыць, што яна не атрымлівае дзяржаўнай падтрымкі. А можа, і дзякуй богу, насамрэч. Таму што атрымліваць дзяржаўную падтрымку ад такой крыніцы, як Аляксандар Рыгоравіч, па-мойму, вельмі небясьпечна. Бо потым, як той казаў, невядома адкуль нарывы зьяўляюцца».

Падчас кангрэсу былі раздадзеныя ганаровыя граматы ўраду Расейскай Фэдэрацыі выданьням, якія найбольш адзначыліся на ніве расейскамоўнай журналістыкі. У ліку пяці ляўрэатаў лепшай па прафэсіі прызнаная «Советская Белоруссия».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG