Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італія, Нэапаль, 23 чэрвеня 1990-га. Стадыён «Сан-Паола», сонечны і стракаты, як ніколі (у гэты дзень ён жоўта-зялёна-сіне-чырвона-белы), віруе, зацягваючы ў сябе доўгія вечаровыя цені Кампаньі. Футбольны чэмпіянат сьвету працягваецца — у той год ён быў небагаты на галы, затое поўны амаль шэксьпіраўскага драматызму. І адна восьмая фіналу не зрабілася выключэньнем. Кароль Лір, лэдзі Макбэт, Гамлет, і ўсё на адной сцэне адначасова: карацей, Камэрун супраць Калюмбіі.

Ідзе дадатковы час, сто дзявятая хвіліна, зусім нядаўна камэрунец Ражэ Мілер, ці, як яго называлі, Міла, нарэшце адкрыў лік, прымусіўшы зайсьціся ў экстазе ўсю Афрыку, і станчыўшы ля кутняга сьцяжка свой нязьменны танец — і вось ягоная каманда зноў атакуе. Але гэтым разам усё, здаецца, абышлося, абаронца калюмбійцаў завалодаў мячом недалёка ад сваёй штрафной, зірнуў абачлівым вокам на найбліжэйшага афрыканца, што памкнуўся быў да яго, але перадумаў. Стадыён прыціхае. Калюмбіец вырашае не рызыкаваць і аддае мяч упоперак поля свайму брамніку. Нічога асаблівага — на першы погляд. Калі ня ведаць, што за брамнік.

...Галкіпэр зборнай Калюмбіі Рэнэ Ігіта ўсё сваё жыцьцё паклаў на тое, каб давесьці, што ягоны пост апошняга абаронцы — панятак умоўны і насамрэч даўно састарэлы. Самі вы кіпэры! — нібыта казала ягоная таўсматая галава, у якой заўжды невядома што рабілася — але дакладна можна сказаць, што ў ёй ніколі не зьяўлялася рэчаў звычных і рацыянальных. Штрафная пляцоўка заўжды была яму цесная, як ільву клетка. Або як скарпіёну слоік. Празь пяць гадоў ён скорыць увесь сьвет сваім scorpion kick: у матчы з ангельцамі Ігіта, выгнуўшыся, нібыта ён зроблены з плястыліну, і пругка кінуўшыся рукамі на траву, адаб’е мяч пяткамі (!) — трук настолькі ж рызыкоўны, наколькі фантастычны. Там, дзе іншы вартаўнік брамы баязьліва ціснуўся да сваіх штангаў, Ігіта паляваў на мяч у цэнтры поля; сорак чатыры галы за кар’еру, большасьць з пэнальці, сем са штрафных — такі вось чалавечышча па мянушцы El Loco, Вар’ят, атрымаў мяч ад свайго абаронцы ў тую злую сто дзявятую хвіліну матчу Камэрун-Калюмбія.

І вось перад Ігітам — Мілер, у небясьпечнай блізіні, але нармальны брамнік цалкам мог пасьпець перадаць мяч наперад ці вярнуць абаронцу, або выбіць яго куды ад граху далей. Аднак вар’яты на тое і вар’яты. І Ігіта спрабуе абвесьці афрыканца. За сьпінай Вар’ята пустая брама. І адбываецца непапраўнае: Мілер перахоплівае мяч і дабягае да штрафной калюмбійцаў — на перакошаным твары Ігіты, які намагаецца дагнаць камэрунца, яшчэ няма разуменьня таго, што ўсё скончана, а на твары Ражэ блукае нешта кшталту хітрай усьмешкі. Мяч няўмольна ўкочваецца ў сетку. 2:0. Ражэ Мілер зноўку танчыць ля сьцяжка.

Празь сем хвілінаў калюмбійцы заб’юць. Але будзе ўжо позна. Дзякуючы авантуры Ігіты Калюмбія разьвітаецца з чэмпіянатам. Адна памылка вырашыць лёс каманды. Савецкі трэнэр Няпомняшчы, які вывеў афрыканцаў у чвэрцьфінал, зробіцца ў Камэруне нацыянальным героем. А ў Калюмбіі — ніхто там не абвінаваціць Ігіту ў здрадзе, шкодніцтве або недахопе патрыятызму. Бо гэта быў бы такі самы абсурд, як абвінаваціць яго ў тым, што ён ня ўмее гуляць у футбол, тое самае, што абвінаваціць мяч у тым, што ён мае форму шара. Людзі любяць вар’ятаў. Ты маеш права быць якім заўгодна. Адзінае права, якога ты ня маеш — быць нудным. Нават калі за сьпінай пустая брама. Ня ў ёй, урэшце, сэнс — хай правілы часам і сьцьвярджаюць адваротнае.
XS
SM
MD
LG