Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усевалад Сьцебурака: Каліноўскі змагаўся б супраць іх


Усевалад Сьцебурака. Аўтар фота - Ганна Бабіцкая.
Усевалад Сьцебурака. Аўтар фота - Ганна Бабіцкая.

На Астравеччыне мясцовыя ўлады забаранілі правядзеньне літаратурна-музычнага фэсту, прысьвечанага паўстаньню пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, які меўся адбыцца 22 чэрвеня на возеры Каймін. Што сталася прычынай забароны — імя Каліноўскага ці імёны ўдзельнікаў імпрэзы?

Госьцем перадачы — адзін з арганізатараў фэсту паэт Усевалад Сьцебурака.

— Усевалад, дык чаму ўсё ж фэст, прысьвечаны паўстаньню 1863 году, на Астравеччыне не адбудзецца?

— Фэст павінен быў адбыцца пры ўзаемнай згодзе двух бакоў — грамадзкай ініцыятывы (мясцовых актывістаў-краязнаўцаў) і Астравецкай раённай адміністрацыі, у прыватнасьці, аддзелу культуры. Афіцыйны дазвол быў атрыманы тыдні тры таму. Усё называлася сваімі імёнамі: месца, час і фармат правядзеньня. Ужо былі запрошаныя выступоўцы — барды, музыкі, паэты, прафэсійныя акторы, якія павінны былі чытаць вершы нашых клясыкаў. Прайшлі абвесткі ў «Рэгіянальнай газэце», «Нашай ніве», на сайце «krai.by» і г.д. Культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» таксама мелася быць нашым інфармацыйным партнэрам. Усё, паўтаруся, было ўхвалена раённымі ўладамі. Пачатак быў вельмі пазытыўным.

— Дык што выклікала насьцярогу ўладаў? Можа быць, прозьвішчы выступоўцаў?

— На фэсьце плянаваліся выступы бардаў Зьмітра Бартосіка і Тацьцяны Грыневіч-Матафонавай зь Менску, Віктара Шалкевіча з Горадні, Алеся Наркевіча зь Вялейкі, Андрэя Мельнікава з Гомеля, Ігара Высоцкага з Ашмянаў, Алега Мізулы з Жодзішак, Кастусь Герашчанка з Плісы. Меўся прыехаць літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч — укладальнік паэтычнай анталёгіі «Тварам да шыбеніцы», прысьвечанай паўстаньню. Сёлета мы рабілі стаўку на музычны складнік. Былі запрошаныя гурты «1863», «Пава», «Альта Мэнтэ», «Балцкі субстрат», плянаваўся выступ вядомага гарадзенскага гурта «Людзі на балоце». Музыкі ў фінале фэсту павінны былі паставіць прыгожы акорд — усё было прадумана. Больш за тое, плянаваўся прагляд фільмаў — уночы, на вялікім экране, для тых, хто ставіў намёты на возеры. Меўся адбыцца паказ легендарнай стужкі яшчэ 1928 году — «Кастусь Каліноўскі». У падрыхтоўцы фэсту ўдзельнічала вялікая колькасьць людзей, якія далучаліся на розных этапах. Скажам, з ідэяй рэтра-кіно выступіў Глеб Лабадзенка, які таксама мусіў быць адным з сувядоўцаў.

— Месца правядзеньня фэсту — возера Каймін — нейкім чынам зьвязанае з падзеямі паўстаньня?

— Каймін — вельмі маляўнічае возера, якое ўваходзіць у заказьнік «Сарачанскія азёры». Паўстанцкіх боек на яго берагах не зафіксавана, але
Астравеччына, памежжа Гарадзеншчыны і Віленшчыны — гэта край, які ўдзельнічаў ва ўсіх нацыянальна-вызвольных паўстаньнях шляхты і сялянства
ў ягоных ваколіцах фармаваліся атрады. Увогуле, сама Астравеччына, памежжа Гарадзеншчыны і Віленшчыны — гэта край, які ўдзельнічаў ва ўсіх нацыянальна-вызвольных паўстаньнях шляхты і сялянства. Там было вельмі шмат удзельнікаў паўстаньня Касьцюшкі, Лістападаўскага паўстаньня 1830-1831 гадоў і, безумоўна, 1863 году. Мы былі ўсьцешаныя тым, што ўдалося знайсьці паразуменьне зь мясцовай уладай. Мне цяжка сказаць, што сталася прычынай забароны, — ці прозьвішчы ўдзельнікаў, ці само імя Каліноўскага. Хутчэй за ўсё, тут мае месца сукупнасьць прычынаў. Летась на возеры Каймін адбылася сустрэча ў больш сьціплым фармаце — у межах літаратурнага слэму. А сёлета плянаваўся сур’ёзны, абласнога маштабу фэст. Кантраляваць яго было б складана. Напэўна, улады пабаяліся браць на сябе адказнасьць — мала што хто сьпяе, скажа. А раптам штосьці ня тое...

— Месяц таму падобны фэст быў забаронены ў Мілавідах пад Баранавічамі. Нягледзячы на гэта, ён усё ж прайшоў, і цяпер арганізатараў хочуць прыцягнуць да суду. У выпадку астравецкім, як я зразумеў, вы ня маеце намеру ісьці на абвастрэньне. Адбой — як напісалі вы ў фэйсбуку?

— Так, адбой. Па-першае, ня варта падстаўляць людзей. Па-другое, ня будзем забывацца, што Астравеччына — гэта памежная зона, якая ў нашай краіне па-ранейшаму захоўвае спэцыфічную недатыкальнасьць, туды дазваляецца ўезд толькі пры наяўнасьці адпаведных дакумэнтаў. Таму правакаваць улады сэнсу ня мае. Мы найперш хацелі зрабіць гэта па дамове. У мінулы раз улады ня проста дазволілі, а і дапамаглі тэхнічна. Прывезьлі апаратуру, туды прыехаў раённы гандаль, там былі пажарныя і міліцыя, туды была адмыслова праведзеная электрычнасьць. Мы разьлічвалі на падтрымку і сёлета. Таму былі зьдзіўленыя адмовай.

— У гэты юбілейны год не сьціхае грамадзкая дыскусія вакол асобы Кастуся Каліноўскага. І вось ужо зь яго сёй-той спрабуе зьляпіць тэрарыста з варшаўскай арыентацыяй. Што вам бачыцца за кулісамі гэтай дыскусіі?

— Мне здаецца, што падзел у грамадзтве, які быў у ХІХ стагодзьдзі, мае і сёньня тыя самыя акрэсьленыя рысы: той прарасейскі, той прапольскі, гэты каталік, гэты праваслаўны. І некаторыя людзі, на жаль, пачынаюць прыглядвацца, а хто стаяў за Каліноўскім? Безумоўна, у тых умовах супраца з польскімі сіламі была неабходная, і безь яе было не абысьціся. Лёзунг
На жаль, многія людзі ня вырасьлі з кароткіх портак савецкай гістарыяграфіі ў поглядах на паўстаньне
«За нашу і вашу вольнасьць» сьведчыць пра непазьбежнасьць такога хаўрусу. А наконт тэрарыста, які нібыта «праліў рэкі чужой крыві», — гэта перабольшваньне, якое ня мае нічога агульнага з гістарычнай рэальнасьцю. Каліноўскі спрабаваў зрабіць Беларусь максымальна свабоднай і вольнай дзяржавай, і яго трэба ўспрымаць адназначна — як нацыянальнага героя. Так, у яго былі свае спэцыфічныя погляды. Проста іншы быў час, ня больш-ня менш. У савецкі час, як вы памятаеце, дазвалялася шанаваць Каліноўскага толькі за тое, што ён змагаўся супраць паноў, супраць прыгону. На жаль, многія людзі ня вырасьлі з кароткіх портак савецкай гістарыяграфіі ў поглядах на паўстаньне. Таксама і пэўнае кола людзей пры ўладзе ня бачыць Каліноўскага сваім, бо яны ня ёсьць беларусамі ў культурна-гістарычным разуменьні. Вядома ж, ён для іх чужы. Бо каб Каліноўскі жыў сёньня, ён змагаўся б супраць іх. Таму ён для іх ня можа быць нацыянальным сымбалем.

— Вы прадстаўляеце маладое пакаленьне беларускіх літаратараў, вы аўтар дзьвюх паэтычных кніг. Скажыце, сярод шматлікіх вобразаў Каліноўскага, створаных нашымі пісьменьнікамі, які вам найбліжэй?

— Нядаўна я пабачыў сучасны малюнак Каліноўскага, дзе ён стаіць — дужы, прыгожы, малады, і ў яго за поясам два пістолі. І мне падумалася, што няма ніводнай згадкі, каб Каліноўскі асабіста ўдзельнічаў у нейкім баі. Гэта не Якуб Ясінскі, які змагаўся ў першых шэрагах, абараняючы апошнія бастыёны паўстанцаў. Гэта не Тадэвуш Касьцюшка, які быў вайскоўцам па адукацыі. Каліноўскі для мяне — чалавек на ўзроўні тагачаснага разуменьня дэмакратыі, выдавец газэты, лірык, шмат у чым рамантык. Ён меў сымпатыі да, як тады казалі, францускай роўнасьці, еднасьці і братэрства — мадэлі рэспублікі. Ён для мяне больш летуценьнік, чымсьці змагар, палявы камандзер. Каліноўскі не сядзеў на барабане, як Банапарт, і не кіраваў бойкай. Вось такога Каліноўскага мне ў беларускай літаратуры бракуе. Трэба паглядзець на яго як на чалавека. Мне так здаецца.

— Давайце вернемся да забароненага фэсту. Як вядома, нядаўна падпісаны ўказ кіраўніка краіны аб рэглямэнтацыі масава-культурных імпрэзаў. Можа быць, ён спрычыніўся да такога рашэньня астравецкіх уладаў?

— Я адразу, як толькі прачытаў у навінных стужках пра гэты ўказ, падумаў, што ў нас могуць узьнікнуць праблемы з фэстам. Але ўказ тычыцца толькі камэрцыйных мерапрыемстваў, дзе здымаецца заля, сплочваецца арэнда, набываюцца квіткі і г.д. Што тычыцца нашага фэсту, то ён арганізоўваўся на валянтэрскіх асновах. Гэта тычыцца і выступоўцаў, і арганізатараў. Мы ўсе працавалі як валянтэры. Спэцыяльна былі абраныя выходныя дні, удзельнікі мусілі ставіць свае намёты, харчавацца сваёй ежаю. Мы не абяцалі таннага халяўнага пітва, не заваблівалі шашлыкамі і г.д., мы адмыслова паведамлялі, што ўваход-уезд вольныя. Наша сумленьне ў гэтым пляне чыстае. Магчыма, улады вырашылі скарыстацца новым указам паводле прынцыпу — «каб чаго ня выйшла». Але, падкрэсьлю, наш фэст меўся быць цалкам грамадзкай ініцыятывай, а не камэрцыйнай імпрэзай.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG