Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Продаж людзей – у Беларусі безь перамен


Леташняя мапа гандлю людзьмі, прэзэнтаваная Гілары Клінтан -- месца Беларусі не зьмянілася

Леташняя мапа гандлю людзьмі, прэзэнтаваная Гілары Клінтан -- месца Беларусі не зьмянілася

Беларусь застаецца крыніцай, транзытнай зонай і краінай прызначэньня для жанчын, мужчын і дзяцей, якія робяцца ахвярамі гандлю людзьмі для сэксуальнай і працоўнай эксплуатацыі – такая выснова ўтрымліваецца ў штогадовай справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, прысьвечанай гандлю людзьмі.

У справаздачы краіны падзеленыя на тры катэгорыі. У першай – краіны, урады якіх цалкам адпавядаюць мінімальным стандартам барацьбы з гандлем людзьмі, у другой – краіны, урады якіх ня ў поўнай меры адпавядаюць мінімальным стандартам, але прыкладаюць значныя намаганьні, у трэцяй – краіны, урады якіх ня ў поўнай меры адпавядаюць мінімальным стандартам і не прыкладаюць значных намаганьняў.

Акрамя таго, некаторыя краіны з другой катэгорыі ўключаныя ў так званы кантрольны сьпіс (watch list). Гэта краіны, урады якіх ня ў поўнай меры адпавядаюць мінімальным стандартам, але прыкладаюць значныя намаганьні, і пры гэтым:

а) колькасьць ахвяраў гандлю людзьмі застаецца вельмі значнай ці значна павялічваецца;

б) няма доказаў росту намаганьняў па змаганьні зь цяжкімі формамі гандлю людзьмі цягам мінулага году; ці

в) выснова, што краіна прыкладае значныя намаганьні, каб адпавядаць мінімальным стандартам, грунтуецца на абавязаньнях краіны зрабіць дадатковыя крокі цягам наступнага году.

Менавіта ў кантрольны сьпіс у другой катэгорыі ў справаздачы патрапіла Беларусь – ужо трэці год запар. Аўтары справаздачы адзначаюць, што Беларусь не патрапіла ў трэцюю катэгорыю, таму што ўлады маюць пісьмовы плян па змаганьні з гандлем людзьмі і выдзяляюць дастатковыя рэсурсы для ажыцьцяўленьня гэтага пляну.

Сярод эўрапейскіх краінаў у кантрольным сьпісе другой катэгорыі таксама Альбанія і Ўкраіна. Польшча патрапіла ў першую катэгорыю, Латвія і Літва ў другую, а Расея, адзінай з эўрапейскіх краінаў, у трэцюю.

У справаздачы гаворыцца: «Беларускія жанчыны і дзеці падвяргаюцца сэксуальнай эксплуатацыі ў Расеі, Італіі, Эгіпце, Чэхіі, Літве, Гішпаніі, Бэльгіі, Турэччыне, Ізраілі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, на Кіпры, у Нямеччыне, Грэцыі, Лібане, Польшчы і ў самой Беларусі. Некаторых беларускіх жанчын перавозяць праз Літву і Латвію ў Заходнюю Эўропу, дзе іх пасьля прымушаюць да прастытуцыі. Беларускія мужчыны, жанчыны і дзеці патрапляюць на прымусовыя працы ў будаўнічай індустрыі ў Расеі і ў Беларусі.

У справаздачы асабліва адзначаецца, што беларускія ўлады забаранілі звальняцца з працы работнікам дзяржаўных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія мадэрнізуюцца. Таму сярод рэкамэндацыяў для беларускіх ўладаў – адмена адпаведнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG