Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы аспрэчваюць Палецкіса


Будынак Эўрапарлямэнту

Будынак Эўрапарлямэнту

У падкамітэце правоў чалавека Эўрапарлямэнту адбылася дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі.

Уладзімер Лабковіч, прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», і кіраўнічка Цэнтру праўнай трансфармацыі Алена Танкачова выкладалі сваё бачаньне і крытыкавалі праект дакумэнта Эўрапарлямэнта па Беларусі, над якім працуе эўрадэпутат Юстас Палецкіс.

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч пярэчыў меркаваньню, выказанаму ў праекце сп-ра Палецкіса наконт пэўнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, ён паведаміў, што 10-ці грамадзкім арганізацыям, якія падавалі дакумэнты на рэгістрацыю, было адмоўлена. Лабковіч прыгадаў, што ў мінулым годзе быў асуджаны Алесь Бяляцкі, офіс кіраванай ім арганізацыі «Вясна» быў сканфіскаваны, у турме Бяляцкі адчувае ціск, ціснуць таксама і на іншых палітвязьняў, часам да іх ужываюцца і катаваньні.

Алена Танкачова

Алена Танкачова

Алена Танкачова падкрэсьліла, што Беларусь адмаўляецца супрацоўнічаць з ААН, спэцыяльным дакладчыкам ААН, рабочай групе ААН было адмоўлена ў магчымасьці наведаць краіну.

Танкачова заявіла, што праваабаронцы падзяляюць ацэнкі, якія ўтрымліваў даклад адмысловага дакладчыка ААН пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасьці, пры гэтым, паводле яе, ацэначны дакумэнт, над якім працуе сп-р Палецкіс, выклікаў у праваабарончай супольнасьці вялікую дыскусію. Праваабаронца выказала ўдзячнасьць сп-ру Палецкісу за адкрытасьць да абмеркаваньня.

Аднак, на думку Танкачовай, некарэктны быў спосаб параўнаньня цяперашняй сытуацыі з пікам рэпрэсіяў у сьнежні 2010 году.

Акрамя таго, кіраўнічка Цэнтру праўнай трансфармацыі сказала, што праваабарончыя арганізацыі маюць агульную пазыцыю – што зьняцьцё абмежаваньняў, якія Эўропа наклала на ўрад Беларусі, да вызваленьня ўсіх палітвязьняў будзе разглядацца як палітычная непасьлядоўнасьць з боку эўрапейскіх інстытутаў. Яна падкрэсьліла, што такое рашэньне можа быць прынятае Эўропай зь нейкіх іншых чыньнікаў, але няма падставаў прымаць яго з прычыны нібыта паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Юстас Палецкіс

Юстас Палецкіс

Юстас Палецкіс падзякаваў за дыскусію, ён паведаміў, што ў ліпені дэлегацыя Эўрапарлямэнту мае намер наведаць Беларусь. Паводле яго за апошнія 10 гадоў была толькі адна дэлегацыя, якая наведала Менск. Палецкіс сказаў, што падчас магчымага візыту ў Беларусь будзе гатовы задаць пытаньні ўладам Беларусі наконт справаздачы прадстаўніка ААН у правах чалавека ў Беларусі.

Таксама эўрадэпутат сказаў:

Палецкіс: Ніхто ня мае мэдычнага рэцэпту, як палепшыць сытуацыю. Вынікам дыскусіі можа стаць знаходжаньне выхаду з існага становішча. Дэлегацыя, якая, магчыма, паедзе ў Менск, будзе дамагацца магчымасьці сустрэцца з палітычнымі вязьнямі. Палітычныя вязьні – гэта першы прыярытэт. Мы ніколі не забудзем пра сытуацыю ў Беларусі, і мы ніколі не пагодзімся з тымі эўрапейскімі палітыкамі, якія кажуць, што Беларусь страчаная для Эўропы і што мы павінны канцэнтравацца на іншых краінах. Не, мы павінны яшчэ больш увагі надаваць Беларусі, каб палепшыць сытуацыю.
XS
SM
MD
LG