Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Беларусі ў Італіі крытыкуе фільм «Жыве Беларусь!»


«Фільм зьняты за замежныя грошы і не паказвае праўдзівай сытуацыі ў беларускім войску», — піша Амбасадар Яўген Шастакоў у папулярнай італьянскай газэце «l’Unita»

Напярэдадні ў італьянскай газэце «l’Unita» быў апублікаваны артыкул Монікі Мацытэлі, прысьвечаны кінафэстывалю Festroia ў партугальскім Сэтубале і ўдзелу ў ім фільму «Жыве Беларусь!» і яго ўдзелу ў конкурснай частцы.

«Вельмі цікавы і варты адной прэміі таксама фільм польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча «Жыве Беларусь», пераважна зроблены на аснове жыцьця палітычнага актывіста Франка Вячоркі, які цягам 15 месяцаў вайсковай службы ў Чарнобылі, пачаў нелегальна пісаць блог, дзе апісваў цяжкасьці і зьдзекі, якія адбываліся ў арміі <...> Гэта не дакумэнтальны, а сапраўдны мастацкі фільм, цікавы ня толькі з пункту гледжаньня зьместу, але і формы», — піша журналістка Моніка Мацытэлі.

У артыкуле таксама гаворыцца, што выканаўца галоўнай ролі Вінсэнт ня можа вярнуцца на Радзіму, аўтарам і акторам пагражаюць рэпрэсіі.

«Насамрэч гэта вельмі цікавы дакумэнт, моцны і эмацыйны» — падсумоўвае журналістка.

На публікацыю адразу ж адрэагаваў Амбасадар Беларусі ў Італіі Яўген Шастакоў. Ён даслаў у рэдакцыю абвяржэньне з просьбай апублікаваць у газэце.

Амбасадар піша: «Гэты артыкул утрымлівае шэраг ілжывых сьцьвярджэньняў, якія створаць у чытача скажонае ўяўленьне аб краіне, якую я маю гонар прадстаўляць у Італіі».

Паводле Амбасадара, па-першае, Чарнобыль, куды, паводле артыкулу, быў адпраўлены галоўны герой, — гэта Ўкраіна, і немагчыма, каб там служылі беларускія салдаты. Па-другое, Франак Вячорка быў забраны ў войска не за палітычную дзейнасьць, а таму што ў Беларусі існуе абавязковы прызыў, і многія маладыя беларусы яго веку праходзяць службу. Па-трэцяе, як піша Амбасадар, фільм зьняты за замежныя грошы і не паказвае сапраўднай сытуацыі ў беларускім войску. І напрыканцы Амбасадар адзначае, што хаця фільм паказваюць на розных кінафэстывалях ужо амаль год, але ў шырокую дыстрыбуцыю ў Эўропе ён так і ня трапіў, а гісторыя пра перасьлед выканаўца галоўнай ролі — ня больш чым рэклямны трук. Напрыканцы Яўген Шастакоў падколвае газэту, ці не была гэта прыхаваная рэкляма, бо, як вядома, дыстрыбуцыяй фільму займаецца італьянская кампанія.

Раней фільм «Жыве Беларусь» быў раскрытыкаваны амбасадай Беларусі ў Польшчы. Амбасадар Віктар Гайсёнак напісаў польскаму дыстрыбутару фільму Kino Świat ліст, згодна зь якім «ніводзін з паказаных у стужцы фрагмэнтаў ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю, а наўпрост дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнару». Вобраз Беларусі, пададзены ў фільме, быў названы «фальшывым», а сам фільм і яго распаўсюд, паводле пасла, ёсьць спробай пасварыць Беларусь і Польшчу. Тым ня менш, стала вядома, што сам Гайсёнак фільм яшчэ не глядзеў. Гайсёнак таксамазаклікаў польскага дыстрыбутара адмовіцца ад распаўсюду фільму і паказу яго ў кінатэатрах, але дыстрыбутар заявіў, што адмаўляцца ад распаўсюду фільму не плянуе.

Папулярная газэта «l’Unita» прытрымліваецца левых поглядаў, заснаваная ў 1924 годзе як афіцыйны орган Камуністычнай партыі Італіі. Цяпер газэта блізкая да Дэмакратычнай партыі. Газэта крытыкавала тагачаснага прэм’ера Сыльвіё Бэрлюсконі за кантактаваньне з Лукашэнкам і злоўжываньне мэдыямі. У 2011 годзе на старонках «l’Unita» зьявіўся камэнтар лідэра дэмакратычнай партыі Італіі П’ера Люіджы Бэрсані: «Сыльвіё выкарыстоўвае тэлебачаньне як у Беларусі!».


*пераклад зь італьянскай паасобных цытатаў — Lidia Federica Mazziteli
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG