Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякая гэта не талерантнасьць — звычайная абыякавасьць да ўласнага лёсу»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Тэма, якая часта гучыць у пошце Свабоды, — прычыны і наступствы апалітычнасьці значнай часткі беларускага грамадзтва. Разважаючы над гэтай праблемай, слухачы, як правіла, шукаюць карані ў далёкай і нядаўняй нацыянальнай гісторыі. Так, як гэта робіць наш слухач Язэп Ідолінскі зь вёскі Чудзенічы Лагойскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Ён піша:

«Столькі ўсяго недарэчнага, несправядлівага творыцца вакол нас. А тубыльцы толькі лыпаюць вачыма і кажуць: „Ну і што?“ Ніякая гэта не талерантнасьць, а поўная абыякавасьць да ўсяго, у тым ліку і да ўласнага лёсу.

...Памятаю той дзень, калі ўпершыню ўбачыў над нашым пасялковым саветам бел-чырвона-белы сьцяг. Прыгожае, незабыўнае відовішча. Але тады ж зьявілася трывожнае прадчуваньне: ня можа быць, каб ён доўга лунаў тут: не дазволяць. Так і здарылася. І хто заступіўся за яго? Тубыльцаў са слабой галавой і памяцьцю тут няма чаго абвінавачваць: ім і няўцям, небаракам, што такое нацыянальныя сьвятыні. А вось да нашага знакамітага земляка — касманаўта Кавалёнка — ёсьць пытаньні. Гэта ж ён уносіў сьцяг у залю Вярхоўнага Савету. А потым выракся. Маўляў, ня ведаў, што яго выкарыстоўвалі фашысты. Нібыта ашукалі яго дэмакраты, падставілі, выкарысталі ў сваіх нядобрых справах... Дзіва дзіўнае. Генэрал, а сьмеласьці і сумленнасьці не хапіла...

За што часта хваляць Лукашэнку, дык гэта за тое, што пры ім гарады сталі чысьцейшымі — нібы раней вуліцы і не мяліся, і не прыбіраліся... У цэлым мы сталі жыць лепш — гэта праўда. Але заслугі Лукашэнкі ў гэтым, я лічу, няма. Проста людзі імкнуцца жыць годна, па-чалавечы: гэта закладзена прыродай. А ўлада ўсё носіцца са сваімі сумнеўнымі абяцаньнямі „чаркі і скваркі“»
.

Аблічча большасьці беларускіх гарадоў за гады незалежнасьці, сапраўды, зьмянілася ў лепшы бок. Прычына найперш у тым, што ў мясцовых бюджэтах зьявіліся на гэта грошы. У савецкую эпоху Масква высмоктвала з ускраін амаль усе рэсурсы. Раскошу ў выглядзе фарбаваньня фасадаў і брукаваньня вуліц дазвалялі вельмі нямногім. Грошы траціліся найперш на ракеты, танкі, самалёты. Аздабленьне і добраўпарадкаваньне лічылася далёка не першараднай патрэбай.

Зрэшты, чысьціня і парадак на вуліцах сёньняшніх беларускіх гарадоў — зьява ў пэўным сэнсе адносная. Дастаткова зайсьці ў любы двор і пад’езд акуратна пафарбаванага звонку дома, каб пераканацца ў гэтым. Вельмі часта за фарбаванымі фасадамі — заняпад і ўбоства, якія засталіся нязьменнымі з эпохі камунізму.

Чарговы ліст даслаў нам Андрэй Кот зь Менску — пасьлядоўны прыхільнік русыфікацыі і зацяты апанэнт тых, хто спрабуе абараняць беларускую мову. Спадар Кот піша:

«Ці магчыма гэта: перайсьці на паўсюднае выкарыстаньне беларускай мовы? І ці патрэбна ўвогуле?

У авіяцыі, на чыгунцы, у мэдыцыне, у многіх галінах эканомікі адмова ад расейскай мовы прывядзе да шматлікіх аварый, надзвычайных сытуацый і няшчасных выпадкаў. Там шмат складаных тэхнічных тэрмінаў, недакладнае разуменьне якіх — недапушчальнае.

Расейская мова — мова ўсясьветных зносін. Яна ў гэтым пляне выконвае тую ж ролю, што і ангельская. Таму людзі дальнабачныя, якія клапоцяцца пра сваю будучыню і будучыню дзяцей, імкнуцца добра ведаць расейскую мову. І ня трэба іх у гэтым абмяжоўваць, прымушаючы пераходзіць на беларускую мову.

Лічу неабгрунтаванымі скаргі тых, хто плача, што ў краіне няма ўнівэрсытэтаў і мала школ на беларускай мове. Прычына ня ў тым, што нехта тут чыніць перашкоды, а ў тым, што няма ахвотных дзеля такога навучаньня.

Вось зьвесткі з партала tut.by. Да беларускамоўных матэрыялаў зьвяртаецца толькі крыху больш як адзін працэнт наведнікаў. Вось вам і рэальная патрэба ў беларускай мове. І ніякі прымус, да якога заклікаюць некаторыя слухачы, зьмяніць сытуацыю ня здольны. Падзеі пачатку
90-х гадоў выразна пра гэта сьведчаць.

Апроч гэтага, прашу чарговы раз не ўхіляцца ад адказу: чаму вы ўпарта працягваеце называць у сваіх перадачах рускую мову „расейскай“. Расейская Фэдэрацыя — шматнацыянальная і шматмоўная дзяржава, у якой выкарыстоўваецца ня толькі руская мова. Ні ў Расеі, ні ў Беларусі ніякай „расейскай“ мовы няма...»
.

Свае лісты спадар Кот піша па-расейску, і ўжо ня першы раз паўтарае гэтае пытаньне наконт таго, чаму мова «расейская», а ня «руская»... Калі б вы, спадар Кот, трохі глыбей цікавіліся беларускай мовай і яе гісторыяй, спрабавалі калі не пісаць, то хаця б размаўляць на ёй, то, відавочна, не задавалі б гэтага пытаньня, адказ на якое відавочны. «Руская мова» — наркамаўскае найменьне сучаснай расейскай, штучна ўведзенае ў беларускую мову па рэформе беларускага правапісу 1933 году. У беларускай лексыкаграфіі панятак «руская мова» ў дачыненьні да расейскай мовы ўпершыню быў выкарыстаны ў 1937 годзе. Калі вы, спадар Кот, чуеце ў перадачах Свабоды пра расейскую мову, то ведайце: у перакладзе на зразумелую вам мову гэта азначае «русский язык», а не «российский язык», як вам падаецца.

...І яшчэ — што да «прымусовай беларусізацыі», пагрозы якой вы, спадар Кот, так апасаецеся. Дзе вы ўбачылі ў сучаснай Беларусі гэтую пагрозу — загадка. Тыя людзі, якія спрабуюць бараніць рэшткі беларушчыны, апэлююць да дзейнай Канстытуцыі, у якой замацаваны аднолькавы дзяржаўны статус для абедзьвюх моў. Але гэтая роўнасьць на кожным кроку парушаецца. Прычым выключна не на карысьць беларускай мовы.

На пачатку году на сайце Свабоды штодня абнаўлялася «Картатэка Сталіна» — сьпіс і кароткія біяграфіі тысяч беларускіх ахвяраў таталітарнага сталінскага рэжыму. Рэдакцыя дагэтуль працягвае атрымліваць водгукі на публікацыю. Вось якую гісторыю ўласнай сям’і расказаў у сваім лісьце на Свабоду Міхаіл Бірыцкі зь Менску. Слухач піша:

«Няма ў Картатэцы Сталіна жыхара сяла Сухопаль Пружанскага раёну Бірыцкага Мікалая Андрэевіча, 1878 году нараджэньня. Першы раз яго зрабілі «кулаком» у 1947 годзе.Але тады сын Язэп накіраваў скаргу ў Маскву — і неяк удалося адбіцца. А ў 1949-м усе землі мясцовых сялян забраў калгас «Іскра». Сельсавет вызначыў для 70-гадовага Мікалая Андрэевіча працоўную павіннасьць — вывезьці 40 кубамэтраў лесу. Ён адзін раз зьезьдзіў, папрацаваў — а болей ня здолеў. Яго абвясьцілі кулаком (хоць зямлі на той час ён ужо ня меў) і пасадзілі на 5 год у турму. У сына Язэпа забралі маёмасьць — у лік аплаты так званага «кулацкага» падатку, бо ў самога Мікалая Андрэевіча здолелі забраць толькі цяля і ягня.

Хата і хлявы «раскулачанага» прастаялі да 1953 году. Іх разабралі з дапамогай школьнікаў Сухапольскай сярэдняй школы. Засталіся толькі падмуркі. Потым іх забраў сабе мясцовы камуніст — на перабудову ўласнай хаты. А другі камуніст за кошт «раскулачанага» павялічыў свой прысядзібны ўчастак.

Мікалая Андрэевіча — старога і хворага — вызвалілі ў
53-м па стану здароўя — выправілі паміраць дахаты, хоць хаты фактычна ўжо не было. Дайсьці самастойна ён ужо ня змог. Людзі паведамілі сыну Ўладзімеру — былому франтавіку, ардэнаносцу, што бацька ня можа ісьці — ляжыць у лесе за 18 кілямэтраў ад вёскі. Сын сеў на ровар і паехаў шукаць старога. Знайшоў і цягнуў на ровары 18 кілямэтраў. У сына ён пражыў яшчэ некалькі месяцаў. Што характэрна: за ўтрыманьне бацькі-кулака сына Ўладзімера ўжо не раскулачвалі. Вось дзякуй «гуманнай» савецкай уладзе...

Драматычна склаўся лёс другога ягонага сына — Язэпа, які працаваў бухгальтарам «Заготзярна». Арыштавалі ў
1950-м, проста на працоўным месцы. Потым прывялі дахаты — і адразу банда ад камуністычнай улады пачала выносіць маёмасьць. Асудзілі ў 51-м — за антысавецкую агітацыю — на 10 год. Засталіся ў яго жонка і двое малых дзяцей. Рэабілітавалі ў 65-м, але маёмасьць не вярнулі. Сказалі: бо не сплаціў «кулацкі» падатак. Цяпер нарабаванае ахоўваюць берасьцейска-пружанскія «вэртыкальшчыкі».

Вось цікава: простага грамадзяніна, які б захоўваў нарабаванае, пасадзілі б у турму. А «вэртыкальшчыка» за тую ж справу толькі заахвочваюць, нават дэпутацкі мандат выдаюць...«
.

Ні вяртаньня ўласнасьці, ні кампэнсацый, ні аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці дзеці і ўнукі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ад сёньняшняга аўтарытарнага рэжыму не дачакаюцца — гэта відавочна. Улада з сымпатыяй ставіцца да сталінскай спадчыны, што ня раз было засьведчана красамоўнымі прыкладамі: адкрыцьцём мэмарыялу на Лініі Сталіна пад Менскам, абыякавым стаўленьнем да памяці расстраляных у Курапатах; партрэтамі генэралісімуса, якія раз-пораз пачалі зьяўляцца падчас афіцыйных сьвяткаваньняў... Калі-небудзь беларускай дзяржаве і грамадзтву давядзецца вярнуцца да гэтай праблемы. Але адбудзецца тое, відавочна, не пры гэтай уладзе...

Напрыканцы траўня і на пачатку чэрвеня ў нашым эфіры гучала клясыка расейскай аўтарскай песьні ў перакладах Рыгора Барадуліна і ў выкананьні барда Зьмітра Бартосіка. Вось які водгук на гэты цыкль даслаў наш даўні сябар Ігар Сьцябуля зь Менску. Ён піша:

«Ведаеце, спачатку я паставіўся да гэтай ідэі насьцярожана і з пэўным недаверам. Апасаўся, што атрымаецца тая ж расейская папса, якая штодня гучыць з усіх дзяржаўных каналаў. Але паслухаў раз, другі — і ад колішняга недаверу не засталося і знаку. Маё ранейшае крытычнае стаўленьне да гэтага дыска зьнікла дарэшты. Выкананьне песень заслугоўвае самай высокай адзнакі. Па сутнасьці, гэта ўжо зьява беларускай культуры. Добра таксама, што спадар Бартосік распавядае пра аўтараў песень — Вярцінскага, Акуджаву ды іншых...».

Гэта сапраўды выдатныя пераклады ўсім вядомых тэкстаў і новы погляд на савецкую і расейскую песенную спадчыну. Штопраўды, мы атрымліваем і нэгатыўныя, скептычныя водгукі на рэалізаваную Зьмітром Бартосікам ідэю. І ўсё ж станоўчых ацэнак і ўражаньняў — большасьць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG