Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 чэрвеня — 89-я гадавіна з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава. Каб ушанаваць памяць вялікага беларуса, многія людзі прыйшлі ў гэты дзень да ягонай магілы.

У дзень нараджэньня Васіля Быкава пісьменьнікі, сябры і паплечнікі прыходзяць да магілы Васіля Ўладзімеравіча на Ўсходнія могілкі Менску штогод. Сёлета яны сабраліся дзявяты раз, адзначыў, адкрываючы памятную імпрэзу, старшыня Саюзу, пісьменьнік Барыс Пятровіч:

«Празь некалькі дзён будзе дзесяць гадоў, як ня стала Васіля Ўладзімеравіча Быкава. Але ня стала фізычна — духоўна ён побач з намі ўсе гэтыя гады. Пра гэта сьведчаць перавыданьні і выданьні ягоных твораў, зь якімі мы знаёмімся зараз толькі ўпершыню. У гэтых выданьнях ён паўстае прарокам і празорцам, і, магчыма, гэтае прадбачаньне гэтак не падабаецца нашым сёньняшнім чыноўнікам і ўладам. І таму, магчыма, гэтак мала робіцца дзеля ўшанаваньня памяці Васіля Ўладзімеравіча, дзеля выкананьня той самай пастановы Саўміну, прынятай пасьля ягонай сьмерці. Паводле гэтага дакумэнту павінны былі быць і вуліцы Васіля Быкава, і выйсьці шматтомны збор ягоных твораў, і яшчэ шмат што іншае».

Вядомыя беларускія пісьменьнікі і паэты Анатоль Вярцінскі, Анатоль Зэкаў, Генадзь Бураўкін — даўнія сябры, першыя чытачы і рэцэнзэнты кніг Васіля Быкава — нагадалі пра значнасьць асобы пісьменьніка для беларускай літаратуры і культуры, гісторыі краіны ў цэлым, а таксама чыталі новыя вершы-прысьвячэньні. Адзін зь іх — ад паэта Генадзя Бураўкіна:

«Ідзе жыцьцё, за годам год мінае,
Мяняецца пагода на зямлі.
Усё часьцей цябе я ўспамінаю
У выцертым салдацкім шынялі.
Здаецца мне: і ў сонцы, і ўначы
Стаіш ты моўчкі за маёй сьпіною,
Гатовы мне хоць нечым памагчы».

Белыя і чырвоныя кветкі, а таксама блакітныя васількі на магілу Васіля Быкава ўсклалі супрацоўнікі Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры, паведаміўшы, што да 90-х угодкаў з дня нараджэньня Васіля Ўладзімеравіча плянуюць адкрыць музэй у будынку былога лецішча пісьменьніка. Вольга Гулева ўзяла слова ад імя супрацоўнікаў музэя:

«Ёсьць такое крылатае выказваньне: няма прарока ў сваёй Бацькаўшчыне. Але, як Быкаў пісаў, ён ёсьць, ён быў і ён будзе, пакуль у людзей жыве боскае імкненьне да праўды і справядлівасьці. Мне таксама хочацца сказаць словамі аднаго з бліжэйшых сяброў Васіля Ўладзімеравіча, паэта Рыгора Іванавіча Барадуліна, які, на жаль, ня можа тут прысутнічаць:

Будуць часам ідалы раструшчаны,
Сьвет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў
».

Праваабаронца з цэнтру «Вясна» Сяргей Сыс прачытаў вытрымкі зь ліста, якія да гадавіны нараджэньня Васіля Быкава даслаў з турмы Алесь Бяляцкі. Ушанаваць памяць народнага пісьменьніка Беларусі прыйшлі і іншыя людзі маладзейшага пакаленьня. Усім ім удава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна падзякавала за памяць пра Васіля Быкава. Паэт Уладзімер Някляеў на заканчэньне падсумаваў:

«Зараз многія кажуць, што зараз кепскі час, што гэта лукашэнкаўскі час. Няпраўда — гэта час Быкава, і вось чаму. Таму што як Быкаў праз драмы, трагедыю і вайну, праз выпрабаваньне славай, якое не лягчэйшае за выпрабаваньне пакутамі, ішоў да самога сябе і дайшоў, гэтак і Беларусь: насуперак Лукашэнку і створанаму ім часу, яна ідзе дарогай Быкава да самой сябе. І я перакананы, што дойдзе: асноўная частка шляху ўжо пройдзена. Засталося хіба толькі тры крокі, як у герояў Васіля Быкава, да апошняй атакі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG