Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Я — бэрлінец: ля Бандэнбурскай брамы праз паўстагодзьдзя


Прэзыдэнт Абама выступіў з праграмнай прамовай ля Брандэнбурскай брамы, дзе ў 1963 годзе казаў сваю знакамітую прамову «Ich bin Ein Berliner» тагачасны прэзыдэнт ЗША Джон Кэнэдзі.

Прэзыдэнт Абама прыбыў сёньня з візытам у Нямеччыну. Ён правядзе перамовы з кіраўніцтвам краіны і выступіць з праграмнай прамовай ля Брандэнбурскай брамы, дзе ў 1963 годзе казаў сваю знакамітую прамову «Ich bin Ein Berliner» тагачасны прэзыдэнт ЗША Джон Кэнэдзі.

Як паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў Бэрліне ён сустрэнецца з канцлерам Ангэлай Мэркэль, заплянаваная яго кароткая сустрэча з лідэрам сацыял-дэмакратычнай апазыцыі. Але цэнтральнай сымбалічнай падзеяй візыту стане прамова прэзыдэнта ЗША ля Брандэнбурскай брамы. На гэтым месцы у 1963 годзе Джон Кэнэдзі прадэманстраваў, што ЗША гатовыя прыняць выклікі «халоднай вайны» і абараніць свабодны сьвет, у прамове ля Брандэнбурскай брамы прэзыдэнт Рональд Рэйган заклікаў савецкага лідэра Гарбачова разбурыць сьцяну, якая падзяляла Эўропу. Нарэшце, сам Барак Абама ў 2008 годзе ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты выступаў каля брамы на мітынгу, на які сабраліся 200 тысяч чалавек.

Дарадцы прэзыдэнта Абамы адзначаюць, што цяперашнія пагрозы не такія вострыя як былі ў 1963 годзе. Але кантроль над ядзернай зброяй і яе нераспаўсюд, барацьба з тэрарызмам, распаўсюд дэмакратычных каштоўнасьцяў за межы Эўразьвязу і ЗША — гэта тыя праблемы, якія стаяць перад свабодным сьветам сёньня.

Нямецкая аўдыторыя — даволі спрыяльная для прэзыдэнта Абамы. Хаця сытуацыя ўжо не такая, якая была падчас яго першага прыходу ў Белы дом, значная частка немцаў па-ранейшаму з сымпатыяй ставяцца да Абамы.

Напярэдадні візыту і прамовы часопіс Foreign Policy апублікаваў артыкул дасьледчыка Бэнджаміна Вэйнтхала, назва якога абыгрывае фразу з бэрлінскай прамовы Кэнэдзі «Ці зьяўляецца Абама Бэрлінцам»?

Вэйнтхал піша, што візыт Абамы адбываецца на фоне вялікага абурэньня праграмай PRISM, якая прадугледжвала сачэньне за замежнікамі, не ў апошнюю чаргу — за нямецкімі грамадзянамі. Аўтар адзначае, што паводле папярэдніх зьвестак, цяперашнюю прамову Абамы будуць слухаць усяго 8 тысяч чалавек — гэта істотна менш, чым 200000 у 2008 годзе.

Разам з тым Ангэла Мэркэль днямі выступіла з заявай наконт неабходнасьці сочкі з інтэрнэце і неабходнасьці супрацы з амэрыканскімі спэцслужбамі ў барацьбе з тэрарызмам.

Паводле зьвестак нямецкай спэцслужбы — ведамства па ахове Канстытуцыі — за мінулы год колькасьць ісламскіх актывістаў у Нямеччыне павялічылась з 38 тысяч да 42 тысяч, 950 зь іх належаць да экстрэмісцкага руху Хэсбалла.
Аўтар Foreign Policy падкрэсьлівае, што адносіны паміж Абамам і Мэркэль даволі прахалодныя, дарэчы, ў 2008 годзе, яна адмовілася сустрэцца ў Бэрліне з кандыдатам у прэзыдэнты ЗША Абамам.

Аднак пры гэтым, на думку Вэйнтхала, яны даволі падобныя, ў прыватнасьці, ў нежаданьні ўплішчвацца з сірыйскі канфлікт. Ён таксама нагадвае, што сёлетняя прамова Абамы па часе супадае зь яшчэ адной гадавінай — 17 чэрвеня 1953 году пачалося народнае паўстаньне ва Ўсходняй Нямеччыне супраць камуністычнага рэжыму.

Бенджамін Вэйнтхал піша, што наўрад ці прамова Абамы будзе вытрыманая ў духу прамовы Кэнэдзі, тады прэзыдэнт ЗША даў гарантыі, што амэрыканскае войска дасьць адпор магчымай савецкай агрэсіі. Зараз, на думку аўтара Foreign Policy Абама хутчэй за ўсё будзе гаварыць пра агульную нямецка-амэрыканскую гісторыю, пра мінулую перамогу над камунізмам і пра няўстойлівы цяперашні стан міжнароднай бясьпекі.


З прамовы Д. Кэнэдзі ў Бэрліне, 26 чэрвеня 1963 году.



У сьвеце ёсьць шмат людзей, якія ці сапраўды не разумеюць, ці кажуць, што не разумеюць істотную розьніцу паміж сьветам свабоды і сьветам камунізму. Няхай яны прыедуць у Бэрлін.

Ёсьць такія, якія кажуць, што камунізм — гэта хваля з будучыні. Няхай яны прыедуць у Бэрлін.

Ёсьць такія, якія кажуць, што мы можам працаваць з камуністамі ў Эўропе і ўсюды. Няхай яны прыедуць у Бэрлін.

Знаходзяцца нават такія, іх мала, хто кажа, што камунізм — гэта зло, але ён дае нам магчымасьць эканамічнага прагрэсу. Няхай яны прыедуць у Бэрлін.
...
Свабода непадзельная, і калі адзін чалавек у няволі — усе несвабодныя. Калі ўсе будуць вольныя, мы зможам пабачыць той дзень, калі гэты горад аб’яднаецца. І гэты горад, і гэтая краіна, і вялікі кантынэнт Эўропа аб’яднаюцца на мірнай і поўнай надзеяў Зямлі. Калі гэты дзень прыйдзе — а гэта так і будзе — народ Заходняга Бэрліну будзе мець падставы для гонару: вы былі на пярэднім краі амаль 2 дзесяцігодзьдзі.

Усе свабодныя людзі, дзе б яны ні жылі — цяпер грамадзяне Бэрліну, і таму, як свабодны чалавек, я ганаруся словамі — Ich bin Ein Berliner


Глядзіце таксама

Прамова Рональда Рэйгана ў Бэрліне 12 чэрвеня 1987

XS
SM
MD
LG