Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка наведвае Ўкраіну з афіцыйным візытам. Ці варта чакаць прарыву ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях у выніку сустрэчы двух прэзыдэнтаў?

Аляксандар Лукашэнка наведвае Ўкраіну з афіцыйным візытам. Ці варта чакаць прарыву ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях у выніку сустрэчы двух прэзыдэнтаў? Якая Ўкраіна больш патрэбная Менску — якая імкнецца ў Мытны саюз Расеі, Беларусі і Казахстана альбо якая заяўляе пра сваю інтэграцыю ў Эўрапейскі Зьвяз?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць украінскі палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

«Няма ніякай агульнай плятформы для сур’ёзных дамоўленасьцяў»


Цыганкоў: «Лукашэнка апошні раз быў з афіцыйным візытам ва Ўкраіне, калі прэзыдэнтам быў яшчэ Віктар Юшчанка. Для дзьвюх дзяржаваў, якія маюць агульную мяжу, гісторыю, зьвязаныя шматлікімі ніцямі, гэта вельмі нізкі ўзровень палітычнага супрацоўніцтва. Калі бакі нарэшце здолелі арганізаваць дзяржаўны візыт, ці азначае гэта, што можна чакаць прарыву ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях?»

Віталь Портнікаў

Віталь Портнікаў

Портнікаў: «Мне здаецца, што да стасункаў паміж Януковічам і Лукашэнкам можа прымяніць формулу, якую мы заўсёды ўжываем, калі гаворым пра адносіны паміж Януковічам і Пуціным. Яны могуць сустракацца, гаварыць адзін аднаму нейкія прыемныя словы, але няма ніякай агульнай плятформы для сур’ёзных дамоўленасьцяў. Бо ў Януковіча і Пуціна розныя інтарэсы, і даўно стала ясна, што на саступкі адзін аднаму Масква і Кіеў ня пойдуць.

Тое самае з Лукашэнкам. Калі Лукашэнка прыяжджаў ва Ўкраіну мінулым разам, у яго быў рэальны інтарэс. Тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка быў ягоным эўрапейскім адвакатам. Тады Лукашэнка быў зацікаўлены ў пэўных стасунках з Эўропай, выкарыстоўваў іх як інструмэнт палітычнага шантажу ў адносінах з Расеяй.

Зараз ніякай рэальнай зацікаўленасьці ў нейкіх сур’ёзных дамоўленасьцях паміж Лукашэнкам і Януковічам няма. Гэта не азначае, што ім няма пра што гаварыць! Яны пра нешта гандлююцца, і гэта гандаль чыста карпаратыўнага характару, пра вынікі якога мы ніколі не даведаемся. І адзіным вынікам такога гандлю будзе нейкае афіцыйнае пратакольнае рашэньне. Калі б Лукашэнка ня быў бы чалавекам, які нікуды ня езьдзіць і ні з кім не сустракаецца, пра гэты візыт не гаварылі б нават у Беларусі. А так пра яго мала што гавораць ва Ўкраіне».

«Лукашэнка пераступіў праз свае крыўды»


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: «Тое, што ўзаемны гандаль паміж краінамі складае 8 мільярдаў даляраў — гэта ўжо стварае вельмі шырокае поле для перамоваў. Тым болей, што абодва прэзыдэнты — аўтарытарныя кіраўнікі, плюс шэфы, патроны вялікіх бізнэсовых, фінансавых плыняў. І тут я згодны са спадаром Портнікавым, што мы не даведаемся пра значную частку дамоўленасьцяў. Два „вялікія чалавекі“ сустрэліся і будуць размаўляць „па панятках“, „разрульваць“ пэўныя праблемы.

Лукашэнка пераступіў праз свае крыўды. Бо мы памятаем, як яго не запрасілі на Чарнобыльскія ўгодкі, і тады мы пачулі і пра „вашывасьць“ украінскай палітыкі, і пра „казла“ Барозу. Я ня думаю, што Лукашэнка ў душы зьмяніў свае ацэнкі, але ён крыўды адсоўвае ўбок, бо трэба вырашаць пытаньні.

Што тычыцца бізнэс-інтарэсаў беларускага боку, то дамоклаў меч навісае над нафтапрадуктамі. Бо Беларусь ціхай сапай акупавала значную частку ўкраінскага рынку нафтапрадуктаў, таму ў дэпрэсіі тамтэйшая нафтаперапрацоўка. Януковіч нават сказаў у пасланьні, што варта было б увесьці кватаваньне імпарту нафтапрадуктаў. Гэта замах на адну з крыніцаў беларускіх даходаў.

Па-другое, перапоўненыя склады. І Лукашэнка гатовы з чортам лысым дамаўляцца, каб гэтыя склады разгрузіць. Ён у Кіеве прыгожа гэта падаў — маўляў, мы дапаможам вам мадэрнізаваць сельскую гаспадарку. І зараз будуць імкнуцца беларускія сеялкі і камбайны сьпіхнуць ва Ўкраіну. І такіх пытаньняў нямала».

«Лукашэнка значна больш разумны чалавек, чым Пуцін»


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: «Якія інтарэсы беларускага кіраўніцтва ў гэтым геапалітычным трохкутніку Менск — Масква — Кіеў? Пэўны час лічылася, што Лукашэнку больш выгадны празаходні прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, бо Януковіч можа стаць канкурэнтам у барацьбе за расейскую ўвагу і рэсурсы. Ва Ўкраіне ідзе дыскусія, ці варта далучацца да Мытнага саюзу. Гэты аспэкт ці ўплывае на беларуска-ўкраінскія дачыненьні?»

Портнікаў: «Відавочна. Але праўда ў тым, што ніякай дыскусіі наконт уступленьня Ўкраіны ўсур’ёз не існуе. Яна існуе выключна ў расейскіх палітычных фантазіях. Само ўкраінскае кіраўніцтва не разглядае ўсур’ёз магчымасьці эўразійскай інтэграцыі. У прэзыдэнцкім пасланьні Януковіча гаварылася пра эўрапейскую інтэграцыю, што Кіеў для гэтага зробіць усё магчымае. Украіна падпісала ўсе дакумэнты, каб увайсьці ў зону вольнага гандлю».

Цыганкоў: «А Лукашэнка, па вашаму, разумее гэтую рэальнасьць?»

Портнікаў: «Лукашэнка значна больш разумны чалавек, чым Пуцін. Бо ён жыве, з палітычнага пункту гледжаньня, у больш рэалістычным сьвеце. Словы Лукашэнкі ў Астане, што „Януковіч больш да нас не прыедзе“, адлюстроўваюць больш дакладнае разуменьне сытуацыі, чым гэта маюць некаторыя людзі ў Крамлі».


«І калі б разам была Ўкраіна, было б яшчэ лягчэй разам адбіваць імпэрскія замашкі Крамля»


Цыганкоў: «Аляксандар, а на вашу думку, які ўплыў гэтага „трэцяга лішняга“ (ці ня лішняга, маецца на ўвазе Масква), які нябачна прысутнічае падчас перамоваў Менску і Кіева?»

Класкоўскі: «Тут няпростая сытуацыя. Трактаваць гэта спрошчана, што Лукашэнку нібыта выгадна, каб Украіна ўступіла ў Эўразьвяз, і тады Менск атрымае больш ад Расеі — усё не зусім так адназначна. Бо што тычыцца магчымай канфігурацыі з удзелам Украіны ў Эўразійскім Зьвязе — я ня думаю, што гэта было б адназначна горш для Лукашэнкі. Бо найцяжэй для яго было адбіваць атакі на сувэрэнітэт, калі ён быў сам на сам з Расеяй. Ужо калі зьявіўся Назарбаеў, стала лягчэй. І калі б была Ўкраіна, было б яшчэ лягчэй разам адбіваць імпэрскія замашкі Крамля.
Пэрспэктыва Ўкраіны ў Эўразьвязе азначае, што лукашэнкаўская Беларусь застаецца адна ў замкнёным варожым атачэньні

Іншая рэч, што Ўкраіна свой эўрапейскі вэктар відавочна ня зьменіць, і Лукашэнка будзе шукаць сябе карысьць у гэтым супярэчлівым сёньняшнім стане. Бо як Кіеў, так і Менск вельмі любяць сядзець на двух крэслах. І ў гэты пэрыяд няпэўнасьці Лукашэнка будзе здымаць дывідэнды, зьлізваць вяршкі, бо Крэмль баіцца перагнуць кій у сэнсе ціску на Лукашэнку. Наадварот, Крэмль хоча паказваць Кіеву — бачыце, за інтэграцыю, за добрыя паводзіны гэтаму хлопчыку, Лукашэнку, даюць пернік.

А па вялікім рахунку, канечне, пэрспэктыва Ўкраіны ў Эўразьвязе азначае, што лукашэнкаўская Беларусь застаецца адна ў замкнёным варожым атачэньні. Застаецца адна гарлавіна на Ўсход, а там — пастка».


«Менск спаўзае ў эўразійскую пастку, а Ўкраіна рухаецца ў бок Эўразьвязу»


Цыганкоў: «Ці выкліча сёньняшні візыт Лукашэнкі ў Кіеў пэўную нэгатыўную рэакцыю Масквы — ня ў прэсе, а на сур’ёзным узроўні? Ці дадуць Лукашэнка і Януковіч нейкую рэальную падставу для занепакоенасьці Масквы?»

Портнікаў: «Не.Таму што ніякай палітычнай канкрэтыкі, я паўтаруся, у адносінах Беларусі і Ўкраіны ня можа быць. Бо няма агульных інтарэсаў».

Класкоўскі: «Так, я таксама трымаюся думкі, што ня будзе ніякага „славянскага трохкутніка“, зь іншага боку — ня будзе і альянсу Лукашэнкі і Януковіча супраць Масквы. Аб’ектыўна Менск і Кіеў знаходзяцца зараз у розных супярэчлівых трэндах. Менск спаўзае ў пастку эўразійскую, а Ўкраіна, хай і непасьлядоўна, але рухаецца ў бок Эўразьвязу. Таму ніякага альянсу ня будзе, пакуль ня будзе сугучнасьці геапалітычных памкненьняў.

Пры Лукашэнку нейкага моцнага геапалітычнага альянсу з Украінай прагназаваць не даводзіцца. І адпаведна, Пуцін ня будзе глытаць валідол з тае нагоды, што ў Кіеве сустрэліся Януковіч і Лукашэнка».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG