Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра што Абама будзе казаць у Бэрліне?


Глядзіце прамую відэатрансляцыю на сайце Радыё Свабода 19 чэрвеня ў 16:00 па менскім часе.

Глядзіце прамую відэатрансляцыю на сайце Радыё Свабода 19 чэрвеня ў 16:00 па менскім часе.

Пасьля завяршэньня саміту «Вялікай васьмёркі» Барак Абама нанясе свой першы дзяржаўны візыт у Нямеччыну. Глядзіце прамую відэатрансляцыю на сайце Радыё Свабода 19 чэрвеня ў 16:00 па менскім часе.

У якасьці прэзыдэнта Барак Абама ўжо адзін раз пабываў у Нямеччыне як удзельнік саміту НАТА 2009 г. у Бадэн-Бадэне. Ён наведаў шэраг сымбалічных аб’ектаў — цудоўна адрэстаўраваную, збольшага на сродкі амэрыканскіх спонсараў, царкву Frauenkirche ў Дрэздэне, амаль разбураную бамбаваньнямі 1945; былы нацысцкі канцлягер Бухенвальд і амэрыканскі ваенны шпіталь у Ландштуле. Абама, аднак, адмовіўся тады ад паездкі ў Веймар, дзе тварылі Гётэ і Шылер, і, нягледзячы на настойлівыя просьбы канцлера Мэркель, не зрабіў прыпынку ў Бэрліне.

Не прыехаў Абама ў нямецкую сталіцу і з нагоды дваццатай гадавіны падзеньня Бэрлінскага муру, чым выклікаў крытыку з боку нямецкай прэсы, якая параўнала яго ў нядбайнасьці да Эўропы і яе гістарычных датаў з падвышанай увагай да Блізкага Ўсходу, куды Абама накіраваўся як «прымірыцель цывілізацыяў» адразу пасьля таго, як уладкаваўся ў Белым доме. Выказваліся таксама здагадкі, што ў сьвятле палітыкі «перазагрузкі» Абама не жадае закрануць адчувальныя струны Расеі, для якой крушэньне Бэрлінскай муру ўвасабляе гібель ўсёй яе імпэрыі ва Ўсходняй Эўропе. У сродках інфармацыі тады хадзілі чуткі, што Абама адхіляе прапанову канцлера яшчэ і таму, што пакрыўджаны на яе за адмову дазволіць яму годам раней выступіць ля Брадэнбургскіх брамаў. Абама тады быў кандыдатам на прэзыдэнта, а гэта месца, як яму далі зразумець, «забраніравана» выключна для дзейных кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў. 19-га чэрвеня мара Абамы збудзецца, і, улічваючы яго асабістую папулярнасьць у Германіі, яго выступ можа лёгка сабраць некалькі соцень тысяч чалавек — столькі, колькі прыйшлі да Трыюмфальнай калёны паслухаць яго ў 2008 г.

Перад Брандэнбургскімі брамамі будуць усталяваныя крэслы па колькасьці запрошаных, а ўся зона будзе ачэплена на адлегласьці мінімум адзін кілямэтар ад месца выступу прэзыдэнта ЗША. Ніякіх зонаў з экранамі для народу не прадугледжана. Нямецкія мэдыі сьцьвярджаюць у адзін голас, што бэрлінцы на гэты раз, у адрозьненьне ад перадвыбарнай прамовы 2008 году, Абаму змогуць пабачыць толькі па тэлевізары. У прыватнасьці, ня будзе ніякіх рукапацісканьняў з насельніцтвам.

У раёне гатэлю, у якім будзе начаваць Абама, ля мэтро «Потсдамер Плятц», за некалькі гадзін да яго выхаду будуць прапускаць толькі тых, хто жыве ў гэтым раёне. Нават прагулачныя караблі па рацэ Шпрэе ня будуць курсаваць па звычайных маршрутах, а будуць разварочвацца перад зонамі трох будынкаў: палаца прэзыдэнта, рэзыдэнцыі канцлера і замка Шарлотэнбург, у якім пройдзе ўрачыстая вячэра нямецкіх палітыкаў з прэзыдэнтам ЗША.

Газэты Германіі абмяркоўваюць пытаньне: хто гэтыя 4000 чалавек, запрошаныя паслухаць Абаму? Як паведамляе прэс-служба канцлера, аўдыторыю прэзыдэнта ЗША складуць прадстаўнікі ўсіх пластоў насельніцтва. Але хто і калі склаў гэтыя сьпісы, застаецца таямніцай.

Партыя піратаў рыхтуе дэманстрацыю пратэсту ля той самай Калёны, дзе 5 гадоў таму выступаў Абама. Дэманстрацыя будзе праходзіць адначасова з прамовай прэзыдэнта. Пратэстоўцы маюць намер выступіць супраць сачэньня за грамадзянамі ў інтэрнэце і ўжываньня дронаў. Яны таксама выступаюць супраць прынятых у Бэрліне захадаў бясьпекі, якія паралізуюць жыцьцё ў горадзе.

У Барака Абамы заплянаваная кароткая сустрэча з кандыдатам у канцлеры ад сацыял-дэмакратаў Пэерам Штайнбрукам. Паведамляючы пра гэта, адміністрацыя амэрыканскага прэзыдэнта зрабіла адразу некалькі памылак, пераблытаўшы Штайнбрука зь іншым лідэрам сацыял-дэмакратаў Штайнмаерам, назваўшы таго, з кім сустрэнецца Абама, спадаром Штайнбергам, прыпісаўшы яму пасаду кіраўніка партыі, якую займае Зігмар Габрыэль.

Назіральнікі зьвяртаюць увагу, што Барак Абама ня зможа быць у Бэрліне 26 чэрвеня, у дзень 50-ай гадавіны знакамітай прамовы прэзыдэнта Джона Кэнэдзі, у якой ён дэкляраваў салідарнасць ЗША з жыхарамі гвалтоўна падзеленага горада, прамовіўшы сакрамэнтальнае «Ich bin ein Berliner».

Глядзіце прамую відэатрансляцыю выступу Барака Абамы на сайце Радыё Свабода 19 чэрвеня ў 16:00 па менскім часе.

XS
SM
MD
LG