Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 чэрвеня Палата прадстаўнікоў мяркуе разгледзець (магчыма, адразу ў двух чытаньнях) прапановы па зьмяненьні некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу і Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях, якія тычацца адказнасьці за кіраваньне транспартным сродкам у стане алькагольнага ап’яненьня. Законапраект прадугледжвае значнае ўзмацненьне адказнасьці кіроўцаў.

Самае жорсткае пакараньне — канфіскацыя аўтамабіля — прадугледжваецца за паўторнае цягам аднаго году кіраваньне транспартным сродкам у стане алькагольнага ап’яненьня. Прычым пад гэтую норму падпадаюць як фізычныя, так і юрыдычныя асобы. Але канфіскацыі ня будзе, калі машыну ўзялі без дазволу альбо скралі.

Таксама прапануецца:

— Павялічыць штрафы за кіраваньне транспартным сродкам у стане алькагольнага ап’яненьня — 50–100 базавых велічынь замест цяперашняй нормы — 15–35.

— Вызначыць тэрміны пазбаўленьня волі за ўчыненае ў стане ап’яненьня дарожна-транспартнае здарэньне, у якім загінулі 2 і больш чалавек, — 4–10 гадоў.

— Вызначыць тэрміны пазбаўленьня волі за ўчыненае ў стане ап’яненьня дарожна-транспартнае здарэньне, у якім загінуў адзін чалавек, — 6–7 месяцаў пазбаўленьня волі.

Згодна зь дзейным заканадаўствам законапраект у двух чытаньнях прымае Палата прадстаўнікоў. Затым яго ўхваляе Савет Рэспублікі і падпісвае кіраўнік дзяржавы. Пасьля гэтага закон друкуюць. І ён пачынае дзейнічаць праз тры месяцы пасьля апублікаваньня.

Лідэр закрытай уладамі Асацыяцыі ўладальнікаў і кіраўнікоў аўтатранспарту Алег Маркевіч апавёў «Свабодзе»:
Я баюся, што, калі будуць павялічаныя штрафы, кіроўцы, якія п’янымі знаходзяцца за рулём, ня будуць спыняцца

«Я баюся, што, калі будуць павялічаныя штрафы, кіроўцы, якія п’янымі знаходзяцца за рулём, ня будуць спыняцца. Іх будзе палохаць памер штрафу — 100 базавых велічынь. І мы можам атрымаць эфэкт „жывога шчыта“. Я думаю, што і цяперашнія памеры пакараньня адносна нашых заробкаў дастаткова жорсткія.

Я ні ў якім выпадку не апраўдваю п’яных кіроўцаў. Іх не павінна быць у прынцыпе. Бо ад іх церпяць і пешаходы, і добрасумленныя кіроўцы. Дадзены законапраект — ініцыятыва сілавых структураў. Яны думаюць, што так можна зрабіць лепей. Але ўсясьветны досьвед паказвае — гэта ня так.

Што тычыцца канфіскацыі аўтамабіляў, дык тут я наагул не магу пагадзіцца. Аўтамабіль — гэта прыватная ўласнасьць. І ў яго набыцьці ўдзельнічаў ня толькі той разгільдзяй, які сеў за руль, але і яго родныя. Тыя ж бабулі і дзядулі, якія адмаўлялі сабе ва ўсім, каб набыць машыну і каб іх вазілі на лецішча. Прыватная ўласнасьць павінна быць недатыкальнай».
XS
SM
MD
LG