Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралеўская сям’я: дзеці родзяцца, грошы коцяцца


Народзіны праўнука або праўнучкі каралевы Лісаветы ІІ у Вялікабрытаніі прынясе брытанскай эканоміцы фінансавае ўліваньне пад 400 мільярдаў даляраў.

Гэткім чынам, паводле прагнозаў брытанскіх эканамістаў, брытанцы адзначаць народзіны першага дзіцяці прынца Ўільяма і прынцэсы Кэйт, якія чакаюцца 13 ліпеня. Столькі нібыта маюць каштаваць выпіўкі і прыёмы ды набытыя брытанцамі сувэніры з нагоды павелічэньня каралеўскай сям’і.

Вытворчасьць сувэніраў зьвязаных з гэтай падзеяй, як паведамляюць брытанскія пляткарскія выданьні, ідзе поўным махам. Брытанцы гэтым разам ня хочуць, каб у гэтай сувэнірнай вытворчасьці выперадзілі іх кітайцы (як гэта здарылася перад Алімпіядай у Лёндане ў 2012), а таму кідаюць на рынак усё, што можа мець якое-небудзь дачыненьне да нараджэньня яшчэ аднаго каралеўскага нашчадка: кніжкі, кампакт-дыскі, цацкі, кубкі, фігуркі з парцаляны, кухонныя прылады, вопратку і іншае.

З гэтага эканамічнага буму скарыстае наўпрост і каралеўская сям’я. Фонд Royal Collection Trust, які займаецца фінансавым бокам утрыманьня каралеўскай сям’і, ужо цяпер прадае ў сваіх інтэрнэтных крамах дзіцячыя піжамы, кашулькі, падушкі і лялькі з надпісам «Princess».

Увесь даход ад гэтага эканамічнага ўздыму мае быць прызначаны на аплату ўтрыманьня каралеўскіх палацаў, замкаў і мастацкіх калекцый ды на фінансаваньне дабрачыннай дзейнасьці каралеўскай сям’і.
XS
SM
MD
LG