Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што на Крашчаціку гавораць пра Лукашэнку


Калі б Аляксандар Лукашэнка вырашыў праехаць па знакамітым кіеўскім Крашчаціку, то ўбачыў бы там нямала праяваў дэмакратыі, не ўласьцівых Менску. Амаль два гады ў цэнтры ўкраінскай сталіцы стаіць намётавы гарадок прыхільнікаў кіраўніцы партыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі, а пры самай праезнай частцы — лёзунгі, якія ў Беларусі кваліфікаваліся б як антыдзяржаўныя: «Свабоду палітвязьням!», «Януковіч, цябе будзе судзіць Украіна!», «Банду прэч», «Вызвалім Юлю — вызвалім Украіну!» Якія пажаданьні жыхары цімашэнкаўскага лягера хацелі б адрасаваць беларускаму госьцю?

Былая кіраўніца ўкраінскага ўраду Юлія Цімашэнка асуджаная Пячэрскім судом на 7 гадоў турмы за перавышэньне паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй. Яе паплечнікі палічылі прысуд палітычным і адразу ж пасьля абвяшчэньня выраку ў ноч на 6 жніўня 2011 году на знак пратэсту раскінулі намёты на ходніках пад вокнамі суду на Крашчаціку. Некалькі разоў улады спрабавалі зьліквідаваць намётавы лягер, аднак ён неадкладна паўставаў наноў.

Цяпер тут блізу трох дзясяткаў намётаў, шмат лёзунгаў і плякатаў у падтрымку Юліі Цімашэнкі, вядзецца адлік дзён, праведзеных за кратамі. Расказвае адна са сталых актывістак гарадка:

«Гэты гарадок — апірышча дэмакратыі ў нас ва Ўкраіне. Мы дапамагаем Юліі Ўладзімераўне перадусім тым, што падтрымліваем яе маральна: раздаём літаратуру, якую друкуе наша партыя, расказваем пра яе палітычную справу. На днях адбыўся зьезд партыі, арганізацыя папоўнілася новымі сябрамі. Прыкладам, Арсені Яцанюк цяпер ужо мае білет „Бацькаўшчыны“ і ўзначаліў палітычную раду партыі. Увогуле нашы пляны такія, што Юлія Цімашэнка абавязкова выйдзе на волю, будзе лекавацца, а дэмакратыя пачне разьвівацца ў новым кірунку».

Намётавыя пастаяльцы ня могуць дараваць прэзыдэнту Віктару Януковічу «мэтанакіраванай расправы» над сваёй галоўнай апанэнткай і ня стрымліваюць сябе ў выказваньнях на ягоны адрас. Словы пацьвярджаюцца ілюстратыўна. На некаторых палатках папераджальны знак — перакрэсьлены профіль Януковіча з каронай на галаве. Адзін зь сябраў «Бацькаўшчыны» кажа, што хоць у Януковіча і моцная спакуса пайсьці шляхам Лукашэнкі і застацца ля ўлады навечна, але ўкраінцы яму гэтага не дазволяць:
Удзельнік намётавага лягеру на Крэшчаціку пра Лукашэнку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:42 0:00

«Януковіч ужо канчаткова заблытаўся, хто ён такі. То кажа, што беларус, то ў яго раптам знаходзяцца латвійскія карані. А ўсё таму, што ён проста тупы чалавек — маю на ўвазе, што тупы зь дзяржаўнага гледзішча. Але, зразумела ж, з амбіцыямі паўладарыць. Што тычыцца вашага „бацькі“, то я ўвогуле ня ведаю, каго і што ён там у Беларусі яшчэ трымае. Бо тое, што ён рэальна трымаў, дык добрую палову ўжо раздаў Пуціну. Таму, хутчэй за ўсё, Беларусьсю ўжо камандуе Пуцін, а не Лукашэнка. А Лукашэнка ўжо проста як шырма, як пасаджаная каралева. Усё астатняе — грыбы ў Беларусі добрыя, беларусы — народ добры, як кажуць, лапкі ваду не прапускаюць. Гэтак жа, як і ўкраінцы, сала елі, ад Расеі пакутавалі. Ад такога прыгону ня так проста акрыяць. Галоўнае, што людзі насамрэч думаюць, а думаюць яны ў правільным кірунку. І хутка Лукашэнку надыдзе незайздросны канец».

Суразмоўца прызнае, што ва Ўкраіне супрацьстаяць рэжыму прасьцей, чым у Беларусі. Украінцы, адрозна ад Беларусі, нашмат болей рассмакавалі дэмакратыю, і ўзнавіць аўтарытарныя часы наўрад ці ўдасца. У выніку з думкай народу мусяць лічыцца ня толькі мясцовыя ўлады, але і крамлёўскія гаспадары — маўляў, і хацелі б на прыклад Беларусі праглынуць ласыя кавалкі, ды хто ж ім дасьць?

«Сьледам за Беларусьсю Масква хоча праыватызаваць нашу газаправодную сыстэму. Але кароткі завароткі. Труба Ўрэнгой — Памары — Ужгарад праходзіць праз Конча-Заспу, а там лес суцэльны, балоты. І яны ведаюць, што труба ў адзін цудоўны дзень можа проста выбухнуць, ёлкі-палкі. То бок, калі труба будзе расейскай, яна можа ўзьляцець у паветра. У нас партызаны вучоныя, у нас быў тэрарыст № 1 — Сідар Артэмавіч Каўпак, які ведаў, што робіць. Ад Пуціўля да Карпат прайшоў і назад вярнуўся. І з Бандэрам жыў, як бог, у Адэсе, вось як. Так што ў нас тут так проста камандаваць ня будзеш…»

Адрозна ад кіраўнікоў Расеі, з украінскімі лідэрамі Лукашэнка агульную мову знаходзіць цяжка. Аднак украінцы перакананыя, што суседзям кантактаваць неабходна:

«Лічу вельмі нават станоўчым, што Лукашэнка нарэшце вырашыў прыехаць сюды, каб у агульнай дыскусіі абмеркаваць насьпелыя пытаньні. Гэта добра, бо мы заўсёды былі разам. Беларусы, расейцы, украінцы — мы ўсе з адной калыскі, з Кіеўскай Русі. І я ня бачу падставаў, каб мы супрацьстаялі адзін аднаму. Нават тое, што ў нас збольшага ўсё падобна, нават палітычныя рэжымы падобныя, — гэта яшчэ адзін доказ таму, што ў нас ня можа штосьці быць прынцыпова інакш. Таму мы заўсёды цёпла ставімся да беларусаў, гэтак жа, думаю, як і вы да нас».

«Жыхары» намётавага гарадка на Крашчаціку зьбіраюцца трымаць абарону да вызваленьня свайго лідэра Юліі Цімашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG