Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды сышоў Ахмадзінэжад?


Махмуд Ахмадзінэжад і Хасан Рухані

Махмуд Ахмадзінэжад і Хасан Рухані

Далейшы лёс Ахмадзінэжада, якога параўноўвалі з Аляксандрам Лукашэнкам, шмат у чым будзе залежаць ад таго, як да яго паставіцца новаабраны прэзыдэнт Хасан Рухані.

Не пасьпелі выбарнікі ў Іране адсьвяткаваць як сьлед перамогу Хасана Рухані ў прэзыдэнцкіх выбарах на мінулым тыдні, як усё яшчэ дзейны прэзыдэнт, Махмуд Ахмадзінэжад, атрымаў позву зьявіцца ў суд па крымінальных справах.

Пра характар справы, дзеля якой Ахмадзінэжада выклікаюць у суд, пакуль не паведамляюць. Аднак сёньня ўжо відавочна, што гэтая позва, уручаная Ахмадзінэжаду амаль два месяцы да таго, як ён фармальна сыдзе са сваёй прэзыдэнцкай пасады, сьведчыць аб тым, што яго чакае ня вельмі прыемны судовы разбор.

Назіральнікі за палітычнай сцэнай у Іране кажуць, што позва Ахмадзінэжаду зьвязаная зь ягоным канфліктам зь вярхоўным лідэрам Ірану аяталай Хамэнэі і атачэньнем вярхоўнага лідэра, у прыватнасьці, сьпікэрам іранскага парлямэнту Алі Ларыджані.

У лютым Ахмадзінэжад абвінаваціў сям’ю Ларыджані ў карупцыі і злоўжываньні ўладай. Ахмадзінэжад прадставіў дэпутатам парлямэнту запіс размовы паміж братам сьпікера і адным з чыноўнікаў, які меў нібыта сьведчыць пра дачыненьне сям’і Ларыджані да карупцыі. Дэпутаты не паверылі Ахмадзінэжаду, і ён выйшаў з парлямэнту прыніжаны, у суправаджэньні сьвістаў і галёканьня. Ларыджані у сваю чаргу абвінавачваў Ахмадзінэжада ў выкарыстанні «мафіёзных мэтадаў».

Потым яшчэ Ахмадзінэжад пагражаў, што апублікуе матэрыялы пра карупцыю ў найвышэйшых эшалёнах іранскай улады, калі на прэзыдэнцкіх выбарах не зарэгіструюць ягонага сябра, Эсфандыяра Рахіма Машэі. Хамэнэі назваў пагрозы Ахмадзінэжада блефам, Машэі не зарэгістравалі, а згаданыя матэрыялы не зьявіліся і дагэтуль.

Далейшы лёс Ахмадзінэжада, стыль кіраўніцтва якога некаторыя параўноўвалі са стылем Аляксандра Лукашэнкі, як здаецца, шмат у чым будзе залежаць ад таго, як да яго паставіцца новаабраны прэзыдэнт Хасан Рухані.

«У гэты момант Іран ня хоча падымаць яшчэ аднаго вэрхалу пасьля выбару Хасана Рухані. Хасан Рухані — вельмі практычны чалавек, і я думаю, што ў яго пад завязку іншых праблемаў, якія яму трэба вырашыць, а таму ён ня схоча адварочваць увагу народу ад гэтых праблемаў, надаючы спадару Ахмадзінэжаду больш значэньня, чым ён заслугоўвае» — сказаў нашаму радыё Хасэйн Аскары, эспэрт у іранскіх пытаньнях ва Ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона.

Ахмадзінэжад і Лукашэнка

Махмуд Ахмадзінэжад і Аляксандар Лукашэнка шмат гадоў шчыльна супрацоўнічалі. Лукашэнка быў дэ-факта адзіным з эўрапейскіх лідэраў, хто падтрымліваў стасункі з кіраўніцтвам Ірану на высокім узроўні.

Бакі ўсяляк дэманстравалі прыхільнасьць адзін да аднаго, абменьваліся візытамі і сяброўскімі дэклярацыямі. У 2007 годзе прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад назваў Аляксандра Лукашэнку адным са сваіх найлепшых сяброў. У сваю чаргу, кіраўнік Беларусі заявіў, што Іран «здольны стаць адным з уплывовых цэнтраў сусьветнай супольнасьці».

Ахмадзінэжада і Лукашэнку ставілі ў адзін шэраг найгоршых дыктатараў плянэты. Аднак вынікі апошніх выбараў у Іране і «мірны» сыход Ахмадзінэжада для многіх беларусаў аказаліся нечаканымі.
XS
SM
MD
LG