Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскаму бізнэсу ў Беларусі непярэліўкі


Пакуль што беларускі рынак для ўкраінцаў і нявыгадны, і непрывабны. Гэткая выснова вынікае зь невялікага апытаньня, якое калегі з украінскай службы нашага радыё правялі сярод украінскіх бізнэсоўцаў.

«Беларусы вельмі моцна падтрымліваюць свайго вытворцу. Таму апошнім часам нам штораз цяжэй. Таму што ў іх ёсьць прэфэрэнцыі падчас правядзеньня тэндэраў. І афіцыйна, і неафіцыйна мясцовы вытворца, у адрозьненьне ад Украіны, падтрымліваецца. Дадатковая цяжкасьць у тым, што паколькі мы больш працуем зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, мэханізм аплаты досыць складаны. Яны разьлічваюцца ў беларускіх рублях, а іх ва Ўкраіне даволі цяжка потым прадаць» — сказаў Аляксей Ліцінскі, дырэктар аддзелу продажу кампаніі «Квант-эфір», якая вытварае абсталяваньне для тэле- і радыёвяшчаньня.

Тым ня менш, Ліцінскі лічыць, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны, ёсьць вельмі станоўчы бок у бізнэсе — усе кампаніі, і дзяржаўныя, і прыватныя, працуюць у сьціслай адпаведнасьці з заканадаўствам.

«Калі ў нас ёсьць нейкія фармулёўкі ў заканадаўстве, да якіх можна ставіцца дваяка ды могуць быць разныя варыянты вырашэньня той ці іншай праблемы, дык там з гэтым даволі жорстка» — лічыць Ліцінскі.

Іншую праблему ў супрацоўніцтве зь беларускімі кампаніямі бачыць Уладзімір Каліна, які ва Ўкраіне прадстаўляе інтарэсы беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць вымяральныя прыборы (вальтмэтры, асцылёграфы і інш.):

«Напрыклад завод «Белвар» — найбуйнейшы вытворца вымяральнай тэхнікі ў Беларусі. Цяжка супрацоўнічаць з гэтым заводам. Там была такая грувасткая, неэфэктыўная сыстэма паставак. Як заўсёды — пры іх сацыялізьме, які там і дагэтуль. Запчасткі, якія мне былі патрэбныя, лягчэй было атрымаць ад прыватных прадпрыемцаў у Беларусі. Хоць завод быў абавязаны пастаўляць іх мне. З прыватнымі прадпрыемцамі супрацоўніцтва было цудоўнае. Але цяпер усё сыходзіць на нішто, бо справа не ў супрацоўніцтве, а ў тым, што навука не фінансуецца — ні ў Беларусі, ні ва Ўкраіне» — кажа Каліна.

Украінскі бізнэс-кансультант Арцём Шаркоў, які дапамагае суродзічам адкрыць бізнэс у Беларусі, лічыць, што сыстэма працы прадпрыемстваў у Беларусі моцна зарэгуляваная:

Беларусь для ўкраінцаў не такая ўжо прывабная ў пляне бізнэсу. Ва Ўкраіне ўмовы вядзеньня бізнэсу цікавейшыя, прасьцейшыя, і прыбытак вышэйшы
«Беларусь для ўкраінцаў не такая ўжо прывабная ў пляне бізнэсу. Ва Ўкраіне ўмовы вядзеньня бізнэсу цікавейшыя, прасьцейшыя, і прыбытак вышэйшы. У Беларусі даволі складаная сыстэма бухгалтарскай фінансавай справаздачнасьці, трэба мець, напрыклад, касавы апарат нават у выпадку інтэрнэт-гандлю. Трэба мець свайго бухгалтара, нават калі ў вам малое прадпрымества. Таксама ў Беларусі цяпер увялі новыя правілы гандлю ў сувязі з новым рэглямэнтам Мытнага саюзу. Ва Ўкраіне гэтага няма, там купіў і прадаеш сабе спакойна».

Нягледзячы на такія крытычныя ўкраінскія ацэнкі, у рэйтынгу ўмоваў вядзеньня бізнэсу (Doing Business-2013), складзеным Сусьветным банкам, Беларусь знаходзіцца на 58-м месцы, а Ўкраіна — на 137-м.
XS
SM
MD
LG