Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паведамілі ў СМІ, што ва Ўкраіну прыбыў «прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка».

Чаму ў двукосьсі, спытаеце? Не магу зразумець кіраўніцтва краіны, якое «ў поце твару працуе» над падрыхтоўкай да падпісаньня дакумэнтаў аб асацыяваным сяброўстве ў ЭЗ і аб зоне свабоднага гандлю з ЭЗ і тут жа прымае з пашанаю дыктатара Лукашэнку. І гэта пры тым, што ў ЭЗ дарога грамадзяніну Лукашэнку зачыненая, як і яго бліжэйшаму ўладнаму асяродку і прыдворным бізнэсмэнам.

Вы скажаце, можа, Віктар Януковіч узяў на сябе абавязак управіць мазгі тырану? Ну, па-першае, дзе вы бачылі дыктатара, які б стаў «голубам міру». А па-другое, чаму добраму прэзыдэнт Януковіч можа навучыць Аляксандра Лукашэнку, відаць па сытуацыі ва Ўкраіне. Вось і ўзьнікае пытаньне, ці не прыехаў суседзкі дыктатар дзяліцца вопытам, як фальсыфікаваць вынікі выбараў, як распраўляцца з апазыцыяй, як ліквідаваць СМІ, як блякаваць разьвіцьцё грамадзкіх рухаў.

Не магу зразумець кіраўніцтва краіны, якое «ў поце твару працуе» над падрыхтоўкай да падпісаньня дакумэнтаў аб асацыяваным сяброўстве ў ЭЗ і аб зоне свабоднага гандлю з ЭЗ і тут жа прымае з пашанаю дыктатара Лукашэнку
Такім чынам, пачухаўшы патыліцу, усе вяртаюцца да вядомага шырокаму колу пытаньня абмену ратыфікацыйнымі граматамі па дамовах аб дзяржаўнай мяжы. Такое ўражаньне, быццам абедзьве краіны знаходзяцца яшчэ ў стане вайны. І тут выскоквае адразу «шкілет з шафы»... Так званы доўг, сфармаваны ў савецкі час. Праблема, адразу магу сказаць, надуманая і зразумелая толькі пры ўмове палітычнага жаданьня даць незваротную дапамогу рэжыму Беларусі. А раптам? І ўсё ж я ня веру ў жаданьне Віктара Януковіча камусьці аддаць доўг...

Меншаму колу, а дакладней зусім вузкаму, вядома, што да міжурадавага пратаколу ўнесена прынамсі дваццаць пяць праблемных пытаньняў, па якіх, як пішуць спэцыялісты, чатыры знаходзяць на этапе рашэньні, а ўсе астатнія апрацоўваюцца. Слова «апрацоўваюцца» тут, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасьці. Пераважная большасьць пытаньняў, як маёмасьць санаторыя «Беларусь», плаціны, якія рэгулююць узровень вады на рацэ Прыпяць, распрацоўка Хаціслаўскага крэйдавага радовішча, грузавое суднаходзтва па Дняпры, транзыт нафты праз нафтаправод Адэса-Броды далей па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у Эўропу, транзыт электраэнэргіі ў Балтыйскія краіны...

Пытаньні рознага роду транзытаў немагчымыя з-за знаходжаньня РБ у Мытным саюзе. У гэтых праблемах прысутнічае трэці бок, і гэта Расея, якая захоўвае нецывілізаваныя правілы функцыянаваньня энэргарынку. Што да нерухомай маёмасьці, то гандляваць тэрыторыяй дзяржавы ня мае права ніхто.

Немагчыма абысьці ўвагай і некалькі «пасьпяховых» напрамкаў — гандаль нафтапрадуктамі і прадукцыяй сельскай гаспадаркі і перапрацоўкі. Паводле статыстыкі сьветлыя ГЗМ займаюць 36% рынку Ўкраіны, а рэальна — да 5-10%. Аднак, гэтыя сьветлыя ГЗМ вырабленыя з расейскай нафты на аб’ектах, якія належаць расейскім грамадзянам або РФ. Цікава, ці ня гэта зьяўляецца прычынай спыненьня большасьці ўкраінскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, якімі таксама валодаюць расейскія гаспадары?

Хто падказаў суседзям разьмясьціць па Кіеве гандлёвыя шапікі з надпісамі «якасьць СССР»? Дадумаліся такое напісаць у краіне, дзе намаганьнямі кіруючых вярхоў СССР былі мэтанакіравана зьнішчаныя голадам мільёны людзей
Пастаўка прадуктаў харчаваньня? Пачатак быў трагічны... Ну хто падказаў суседзям разьмясьціць па Кіеве гандлёвыя шапікі з надпісамі «якасьць СССР»? Добра, што гэтую фразу зафарбавалі, але гэты надпіс дастаткова доўга зьдзіўляў жыхароў Кіева. Дадумаліся такое напісаць у краіне, дзе намаганьнямі кіруючых вярхоў СССР былі мэтанакіравана зьнішчаныя голадам мільёны людзей.

Ёсьць і тэма, якую ўкраінскі бок ня ведае, гэта — радыяцыйны кантроль. Сьцьвярджаю, што ў Беларусі большасьць прадуктаў харчаваньня не праходзяць радыяцыйнага кантролю нават па ўкраінскіх парамэтрах. І тут варта згадаць пра пытаньне межаў. З дванаццаці мытных пераходаў уладкаваныя толькі два, а гэта сьведчыць пра тое, што радыеактыўная прадукцыя бескантрольна распаўзаецца па ўсёй Украіне. Больш за тое, каровы пасьвяцца ў так званай Чарнобыльскай зоне, выконваючы праграму надояў. Сам прэзыдэнт Лукашэнка кажа пра тое, што ўсё ў межах нормы. Вось толькі ў крамах самі беларусы яшчэ палохаюцца прадуктаў гомельскае вытворчасьці.

Піва? У выніку змовы транснацыянальных карпарацый і іх контрагентаў канфідэнцыйна і штучна дыктуюцца экспартныя цэны ўкраінскім вытворцам. З году ў год вядзецца бяздумная дыскусія паміж украінскімі вытворцамі і чыноўнікамі «бацькі», вынікам якой зьяўляецца ўсталяваньне адміністрацыйных коштаў, якія зьніжаюць канкурэнтаздольнасьць украінскіх вытворцаў.

Разьлікі? Як правіла, суадносіны тут два да аднаго не на карысьць украінскага. Украінскія суб’екты гаспадараньня разьлічваюцца горш. Прычым, пратэрмінаваная і бягучая запазычанасьць больш з украінскага боку і складае каля 200 млн. даляраў. У асобных выпадках гаворка ідзе пра безнадзейныя сумы, паколькі ёсьць прыкметы змовы бакоў. Сьветлай плямай выглядаюць два транспартныя праекты «Зубр» і «Вікінг», але і тут бяда, бо рухаюцца яны амаль пустыя.

Лукашэнка абзывае спадара Барозу «казлом», а спадара Януковича «вашывым», а яны прымаюць і ў госьці клічуць
У двухбаковых адносінах ёсьць і глябальная тэма, якая ўключае ў сябе прыкметы міждзяржаўнай і міжнароднай тэхнагеннай пагрозы. Безумоўна, гэта распрацоўка Хаціслаўскага крэйдавага радовішча. Апошнія дасьледаваньні аналягічных пагрозаў праводзіліся яшчэ ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя, калі паглыблялася распрацоўка Чырвонаградзкага вугальнага басэйна ва Ўкраіне. Ужо тады стала відавочным, што набліжэньне падобных работ у басэйн ракі Прыпяць нясе ў сабе небясьпеку для ўсяго палескага макрарэгіёну. Знаходзячыся ў зоне водападзелу, распрацоўкі Хаціслаўскага радовішча прывядуць да абязводжваньня не толькі рэк Чарнаморскага, а і Балтыйскага басэйнаў. Наступствы такіх працэсаў вельмі лёгка спрагназаваць. Гэта экалягічная катастрофа.

І ўсё ж — пра што будзе гаворка? Відавочна, што прабягуць «беларус» Віктар Януковіч і «ўкраінец» Аляксандар Лукашэнка па ўсіх названых пытаньнях, i тут усе сілы прыкладзе Аляксандар Рыгоравіч.

Аднак, бачацца яны па іншых прычынах. Прэзыдэнта Януковіча «турбуе» праблема Мытнага саюзу і ўсіх іншых выдуманых у Маскве палітычных пражэктаў. А дыктатар Лукашэнка зьдзіўлены нечаканай ідэяй запрашэньня на Віленскі саміт «Усходняга партнэрства». А там абяцаныя грошы па праграме ўладкаваньня межаў, ну і мноства размоваў. Але што атрымліваецца? Лукашэнка абзывае спадара Барозу «казлом», а спадара Януковича «вашывым», а яны прымаюць і ў госьці клічуць.

Непрыемна, што прэзыдэнт Украіны афіцыйна прымае дыктатара.


Раман Бясьсьмертны — украінскі палітык, адзін з кіраўнікоў Майдану ў 2004 годзе, былы пасол Украіны ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG