Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: вагонабудаўнічы завод затавараны


Цягам апошніх дзесяці дзён на тэрыторыі Магілёўскага вагонабудаўнічага заводу назапасілася вялікая колькасьць вырабленых вагонаў. Яна складае трохмесячны запас.

Вагоны доўгім ланцугом выстаўленыя на запасных пуцях станцыі Раста і Асавец — гэта кірунак з Магілёва ў Крычаў і далей на Расею. Вагоны туды адагналі даўно. Іхныя каткі пакрыліся налётам іржы. Іржа і на рэйках. Час ад часу вагонамі, пераважна цэмэнтавозамі, застаўляецца і станцыя Лупалава.

Аднак у аддзеле збыту прадпрыемства адмаўляюць існаваньне праблемаў з продажам прадукцыі. Тое, што завадзкая тэрыторыя застаўленая вагонамі тлумачаць тэхналягічным працэсам.

Але нават тэлеканал ОНТ паведаміў, што завод ня можа прадаць паўтысячы цэмэнтавозаў і дзьве сотні паўпрычэпаў ды зернявозаў.

Дырэктар прадпрыемства Валерый Восіпаў тлумачыць праблемы з продажам прадукцыі леташнім крызысам і спадзяецца, што яе ўдасца збыць у Казахстан. Паводле Восіпава, ў Расеі, якая зьяўляецца асноўным пакупніком магілёўскіх вагонаў, павялічаны тэрмін эксплюатацыі вагонаў. Таму расейцы зьменшылі закупы прадукцыі беларускага заводу.



Сумеснае акцыянэрнае прадпрыемства «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод» стварылі ў 2005 годзе. Яго заснавальнікі — «Белаз холдыг», якому належыць 99 працэнтаў акцыяў і «Сібірская транспартная кампанія з Масквы» — ёй належыць 1 працэнт акцыяў. На заводзе працуюць 350 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG