Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Фёдараў: «І Кіеў, і Менск разьлічваюць на прэфэрэнцыі Крамля»


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведае Ўкраіну з афіцыйным візытам 17–18 чэрвеня. На 18 чэрвеня прызначана сустрэча кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў, а таксама сустрэча ў фармаце сам-насам. Ці можна чакаць нейкага прарыву ад гэтага візыту? У чым палягаюць інтарэсы беларускага кіраўніцтва ў геапалітычным трохкутніку Менск — Масква — Кіеў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў.

— Лукашэнка апошні раз быў з афіцыйным візытам ва Ўкраіне, калі прэзыдэнтам быў яшчэ Віктар Юшчанка. Калі бакі нарэшце здолелі арганізаваць дзяржаўны візыт, ці азначае гэта, што можна чакаць прарыву ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях?

— Наконт прарыву казаць цяжка, бо ня вельмі зразумела, што называць прарывам. Магчыма, для Кіева «прарывам» будзе нават, калі нарэшце адбудзецца абмен ратыфікацыйнымі граматамі наконт мяжы, якога Ўкраіна чакае ўжо 15 гадоў.

Што да астатняга, то няма нейкіх асаблівых спадзяваньняў. Мы бачым, што раз-пораз адбываюцца пэўныя эканамічныя канфлікты паміж дзяржавамі — вакол нафты, цукерак, піва і гэтак далей. Але я ня ўпэўнены, што гэта справа кіраўнікоў дзяржаваў — вырашаць такія пытаньні.

Ёсьць меркаваньні, што Януковіч і Лукашэнка могуць дамовіцца пра шчыльнейшае супрацоўніцтва, каб стрымаць націск Масквы. Але мне і гэта падаецца малаверагодным, бо кожны зь іх будзе разьлічваць, што Крэмль менавіта яму дасьць пэўныя прэфэрэнцыі за кошт другога.

— Якія інтарэсы беларускага кіраўніцтва ў гэтым геапалітычным трохкутніку Менск — Масква — Кіеў? Пэўны час лічылася, што Лукашэнку больш выгадны празаходні прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, а вось Януковіч стаў канкурэнтам у барацьбе за расейскія рэсурсы. Здаецца, менавіта так і адбылося, бо ў першыя гады прэзыдэнцтва Януковіча адносіны паміж Менскам і Кіевам яўна не заладзіліся. Ці можна сказаць, што на фоне росту эканамічнага ціску Масквы збліжэньне Ўкраіны і Беларусі становіцца больш рэальным?

— Ня думаю. Ня бачу, за кошт чаго Менск і Кіеў могуць зблізіцца. Усё ж Украіна ня надта імкнецца далучацца да Мытнага зьвязу. І Беларусь не была б у гэтым зацікаўлена, бо тады менавіта Ўкраіна зойме першае месца сярод партнэраў Расеі, а ўсе астатнія адыдуць на другі плян. Таму наўрад ці можна чакаць нейкіх зрухаў на шляху прыцягненьня Ўкраіны да Мытнага зьвязу.

Што тычыцца двухбаковых адносінаў, то тут адзіная задача — гэта павялічэньне гандлёвага абароту. Зразумела, што кожны бок хоча мець станоўчае сальда.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG