Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – краіна шаманаў


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі
Карэспандэнт:

– Дзе будзе Беларусь праз дзесяць гадоў: у Эўропе ці не?

Выпускніца кулінарнага коледжу:

– Усё залежыць ад прэзыдэнта. Калі ён скажа, то пад Эўропу сысьці лепш.


***

Савецкі чалавек першы раз выяжджае ў Эўропу, як навучэнец аўташколы – першы раз у горад. Нібы тысячу разоў усё бачыў па тэлевізары, чытаў у інтэрнэце, слухаў расповеды, але атрымлівае сапраўдны інфармацыйны шок. Усё вакол зьмяняецца, блішчыць, мігціць, гудзіць. Хочацца схавацца ў норку, перавесьці дых.

Маці адной маёй знаёмай была ўсе 1990-я гады апалітычным, сацыяльна пасіўным чалавекам. Зьезьдзіўшы на госьці да дачкі ў адну з эўрапейскіх краінаў, па вяртаньні адразу пайшла на бліжэйшы па часе мітынг апазыцыі (тады мітынгі бывалі досыць рэгулярна).

Пасьля выхаду чалавека з псыхалягічнай норкі ўсё залежыць ад таго, хто ён успрымае новую інфармацыю. Хтосьці за два тыдні ў Нямеччыне прызвычайваецца не спазьняцца на сустрэчы. Ці вітацца ў краме з прадаўцамі. Не напружвацца, заўважыўшы паліцыю. Трымаць дыстанцыю ў чарзе. Ня бачыць у кожнай кішэні дулю. Не адчуваць сябе вінаватым за тое, што замінаеш афіцыянтам працаваць. Трымацца законаў, бо яны для людзей, а ня толькі для газэты. (Дадай сваё).

***

– Калі нават Менск захоча ўстаць на роўні зь іншымі эўрапейскімі гарадамі паводле зьнешняга выгляду, ён не патрапіць гэта зрабіць. А нават калі і патрапіць, дык ён згубіць сваю ўнікальнасьць і непаўторнасьць, – цьвердзіць баўгарын, які прадстаўляе міжнародную карпарацыю ў Менску. Гэта пра сталінскі ампір. Пра клінаўскі «Горад Сонца».

Возьмем шырэй: калі ўся Беларусь захоча ўступіць у Эўразьвяз, яна згубіць сваю ўнікальнасьць і непаўторнасьць.

Сустракаю выпадкова ў цягніку Яўгена Калмыкова (прадусар «Ляпісаў»). Курым у тамбуры, раптам наступаю яму на нагу, і аўтаматычна кажу, маўляў, наступі мне (каб не пасварыцца).

– У Маскве гэта называюць «беларускія штучкі», – сьмяецца Жэня. – Пустую бутэльку са стала прыбраць, сьмецьце не выносіць перад далёкай паездкай, глядзецца ў люстэрка, калі забыўся штосьці ў доме, і ўсё такое.

Закідаю тэму ў фэйсбук, і пачынае вымалёўвацца кавалак вялікай мазаікі, побач зь якой мы жывем, і якую не заўважаем: Беларусь – краіна забабоншчыкаў.

***

У 2006 годзе напярэдадні выбараў я дапамагаў калегу з польскай «Gazety Wyborczej» Влодку шукаць герояў для ягонага матэрыялу. Задача была складаная, патрабаваліся самыя разнастайныя паводле полу, узросту і занятку прыхільнікі Лукашэнкі.

У раёне Розачкі-Карлачкі (так менчукі называюць вуліцы Розы Люксэмбург і Карла Лібкнехта) я знайшоў ганаровую дворнічыху, аўтарытэта раёну, што само па сабе для паляка было экзотыкай праз парадокс пасады і нефармальнага сацыяльнага статусу гераіні.

Польскі журналіст імгненна забыўся пра тэму размовы, калі дазнаўся, што інтэрвію трэба перанесьці, бо неўзабаве будуць хаваць аднаго з жыхароў, і мусіць сабрацца ўвесь двор. А калі рэпартэр пачаў пагружацца ва ўсе нюансы калектыўнага рытуалу, ён адчуваў сябе, як Міклуха-Маклай, які адкрыў новае племя.

«Ты, Влодэк, яшчэ на Радаўніцу ў нас не бываў», – падумаў я, але вырашыў пакінуць калегу сам-насам са сваім новым адкрыцьцём.

Пазьней у вялікім рэпартажы Влодэк падаваў убачанае без камэнтароў, высноваў і паралеляў. Я так разумею, што адно толькі апісаньне сталася гваздом нумару.

***

Без усялякіх жартаў я лічу, што забабонна-паганская традыцыя робіць Беларусь унікальнай і непаўторнай. І калі традыцыю сыстэматызаваць, то можна падаваць заяўку ў ЮНЭСКА на ўключэньне ў сьпіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Прычым, як уласна паганскае, так і новастворанае за апошнія стагодзьдзі-дзесяцігодзьдзі.

Як і сталінскі ампір у Менску.

Я абсалютна упэўнены, што з усіх аўтарытарных краінаў толькі ў Беларусі можна пачуць перакананьне, што калі прэзыдэнт загадае, увесь народ адразу стане эўрапейцамі.

Вера ў звышчалавечую сілу начальства і бытавых рытуалаў – вось што робіць унікальнымі і яднае сучасных беларусаў.

Заклікаючы беларусаў у Эўропу, вы робіце замах на ідэнтычнасьць сваіх суайчыньнікаў! :)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG