Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Известия»: Лукашэнка едзе ў Кіеў дзяліць мяжу і рэклямаваць інтэграцыю


Аляксандар Лукашэнка і Віктар Януковіч на ўкраінскім плякаце супраць дыктатуры выяўленыя разам зь Гітлерам і Сталінам

Аляксандар Лукашэнка і Віктар Януковіч на ўкраінскім плякаце супраць дыктатуры выяўленыя разам зь Гітлерам і Сталінам

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведае Ўкраіну з афіцыйным візытам 17-18 чэрвеня. На 18 чэрвеня прызначана сустрэча кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў, а таксама сустрэча ў фармаце сам-насам. Таксама заплянавана сустрэча з Лукашэнкам старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімера Рыбака.

Расейскія «Известия» аналізуюць беларуска-ўкраінскія стасункі напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў.

Прэзыдэнт Беларусі, раней пакрыўджаны на свайго ўкраінскага калегу, 18–19 чэрвеня наведае Кіеў упершыню з 2010 году.

Як паведамляюць «Известия», памірыў Аляксандра Лукашэнку і Віктара Януковіча казахстанскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў падчас травеньскага саміту ў Астане, дзе Ўкраіна атрымала статус назіральніка ў Мытным зьвязе.

Лукашэнка пакрыўдзіўся на Януковіча праз тое, што на мерапрыемствах з нагоды 25-годзьдзя Чарнобыльскай аварыі, якія адбываліся ў Кіеве ў 2011 годзе, на просьбу старшыні Эўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу прыняць прэзыдэнта Беларусі вырашылі асобна ад эўрапейскіх гасьцей. Тады Лукашэнка ў Кіеў не зьявіўся ўвогуле, выказаўшы шмат «камплімэнтаў» усім сваім крыўдзіцелям. У прыватнасьці, украінскія ўлады ён назваў вашывымі, а Барозу — казлом.

Аднак пасьля прымірэньня ў Астане Лукашэнка, відаць, мае больш спагадлівы настрой. І цяпер у Кіеве ён мае намер пераканаць украінскае кіраўніцтва шчыльней супрацоўнічаць з Мытным зьвязам і ЭўрАзЭС, не абмяжоўваючыся фармальным статусам у гэтых структурах.

«Як я зразумеў з сустрэчаў зь Віктарам Фёдаравічам, ён усё разумее, ён разумны чалавек. Украіна вельмі шмат страціла з-за таго, што яна з намі ня ў зьвязе. Мы хочам, каб Украіна была з намі», — заявіў Лукашэнка «Известиям».

Калі ўсё будзе разьвівацца ў гэтым кірунку, то, паводле ягоных словаў, зьнікнуць і непаразуменьні паміж Украінай і Расеяй наконт газу. Беларускі лідэр увогуле раіць Кіеву прадаць газатранспартную сыстэму расейскаму боку.

Украіна не аддае трубу. Але пачалі будаваць „Паўднёвы паток“, „Паўночны паток“, — і ўсё: украінскія трубы застануцца гніць у зямлі
«Мы ёй прадалі трубу за $5 млрд. Мы забясьпечаныя прыродным газам у вялікім аб’ёме, мы маем цану вышэйшую за расейскую, але ніжэйшую за ўкраінскую. За тыя грошы, што мы зэканомілі, мы можам пабудаваць новую трубу, але яна нам не патрэбная», — сказаў прэзыдэнт Беларусі. — «Украіна не аддае трубу. Але пачалі будаваць „Паўднёвы паток“, „Паўночны паток“, — і ўсё: украінскія трубы застануцца гніць у зямлі».

Апроч размоваў пра інтэграцыйныя працэсы, ад Лукашэнкі ў Кіеве чакаюць пачатку дэмаркацыі мяжы паміж дзьвюма краінамі. Адпаведную дамову парлямэнты ратыфікавалі яшчэ ў 2010 годзе, але дагэтуль яна не выконваецца, бо Менск адмовіўся абменьвацца неабходнымі для гэтага граматамі.

Спачатку Беларусь запатрабавала вяртаньня Ўкраінай запазычанасьці ў $134 млн. Гэтыя грошы беларускія прадпрыемствы ў 1992 годзе нібыта пералічылі ўкраінскім, але тавар наўзамен не атрымалі. Украіна ж заяўляе, што грошай гэтых ня бачыла, і доўг не прызнае.

Але цяпер Кіеў ня ў самай выгоднай пазыцыі — дэмаркацыя яму больш патрэбная, чым Менску, бо гэта неабходная ўмова падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ, якую Ўкраіна спадзяецца заключыць ужо ў лістападзе.

У пакет прапановаў таксама ўключаныя зьніжкі для Менску на ўкраінскую электраэнэргію. Цяпер у Кіеве чакаюць, што Лукашэнка прывязе з сабой гэтую „зьніклую грамату“
«Дэмаркацыя мяжы цяпер важнейшая для Ўкраіны, якая павінна выканаць патрабаваньне ЭЗ. Беларусь можа не сьпяшацца», — сказаў «Известиям» палітоляг Міхаіл Паграбінскі.

Таму ўкраінскі бок нават гатовы ўзяць на сябе практычна ўсе зьвязаныя зь мяжой выдаткі.

«У 2009 годзе Кіеў прапанаваў Менску кампэнсацыйную схему: аддаць на абсталяваньне мяжы амаль 70 млн эўра з 180 млн, выдзеленых Эўразьвязам па праграме „Ўсходняга партнэрства“», — нагадвае гісторык і палітоляг Канстанцін Бандарэнка.

Пры гэтым падобны працэс дэмаркацыі мяжы Беларусі з ЭЗ каштаваў усяго 11 млн эўра.

«У пакет прапановаў таксама ўключаныя зьніжкі для Менску на ўкраінскую электраэнэргію. Цяпер у Кіеве чакаюць, што Лукашэнка прывязе з сабой гэтую „зьніклую грамату“», — сказаў Бандарэнка.

Калі прэзыдэнты дамовяцца, дэмаркацыя пачнецца ў 2020 годзе. Беларускі бок нагадвае, што справа гэтая павольная. Напрыклад, дэмаркацыя мяжы зь Літвой і Латвіяй цягнулася 10 гадоў. Сытуацыю паміж Украінай і Беларусьсю ўскладняе тое, што дзяліць давядзецца і чарнобыльскія тэрыторыі.
XS
SM
MD
LG