Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае Чэхію пасьля адстаўкі Пэтра Нэчаса?


Прэм’ер-міністар Чэхіі сказаў, што падае ў адстаўку разам са сваім урадам пасьля таго, як на мінулым тыдні паліцыя затрымала кіраўніцу ягонага кабінэту Яну Надзёву ды іншых ягоных супрацоўнікаў.

Прэм’ер-міністар Чэхіі сказаў, што падае ў адстаўку разам са сваім урадам пасьля таго, як на мінулым тыдні паліцыя затрымала кіраўніцу ягонага кабінэту Яну Надзёву ды іншых ягоных супрацоўнікаў.

Чакаецца, што фармальную заяву аб астаўцы Пэтр Нэчас сёньня падасьць прэзыдэнту Мілашу Зэману. Пэтр Нэчас быў кіраўніком чэскага ўраду тры гады.

Яна Надзёва, найбліжэйшая супрацоўніца Нэчаса, абвінавачваецца ў подкупе дэпутатаў парлямэнту і нелегальным сачэньні за людзьмі. У прыватнасьці, яна нібыта пажадала, каб ваенная выведка сачыла за жонкай Нэчаса, зь якой ён разводзіцца.

На заднім сядзеньні Яна Надзёва адразу пасьля затрыманьня.
На заднім сядзеньні Яна Надзёва адразу пасьля затрыманьня.


13 чэрвеня, неўзабаве пасьля поўначы, чэская паліцыя па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю правяла беспрэцэдэнтныя ператрусы ва ўрадавых будынках і затрыманьні шэрагу вядомых палітыкаў з кіроўнай Грамадзянскай дэмакратычнай партыі (ODS). Паводле чэскіх СМІ, акрамя Яны Надзёвай, паліцыя затрымала былога чальца кіраўніцтва Грамадзянскай дэмакратычнай партыі Пэтра Тлухаржа, былога міністра сельскай гаспадаркі Івана Фуксу, былога начальніка ваеннай выведкі Онджэя Паленіка ды іншых.

Адыход Пэтра Нэчаса з пасады кіраўніка ўраду адначасова азначае ягонае адмаўленьне ад функцыі кіраўніка Грамадзянскай дэмакратычнай партыі. «Калі відавочна, што я не магу працягваць як прэм’ер-міністар гэтай краіны, дык яшчэ больш відавочна, што я не магу працягваць як кіраўнік ODS» — заявіў Пэтр Нэчас.

Магчыма некалькі варыянтаў далейшага разьвіцьця сытуацыі ў Чэхіі.

Урадавая кааліцыя, у якую акрамя ODS уваходзіць партыя TOP 09 і адна меншая групоўка, можа паспрабаваць утварыць новы ўрад. Урад павінен атрымаць падтрымку ня менш чым 101 дэпутата ў чэскай ніжняй палаце парлямэнту.

Тэарэтычна магчымы таксама распад цяперашняй кааліцыі і стварэньне новай, якая магла б паспрабаваць сфармаваць новы ўрад.

Магчымы таксама кансэнсус усіх палітычных сілаў, якія да наступных парлямэнцкіх выбараў ствараюць урад пазапартыйных экспэртаў. Парадаксальна, у найноўшай палітычнай гісторыі Чэхіі якраз такі «тэхнічны ўрад» прэм’ер-міністра Яна Фішэра (2009-2010), створаны пасьля падзеньня ўраду Міраслава Топаланка, заслужыў вялікай пашаны звычайных выбаршчыкаў і палітычных камэнтатараў.

Ня выключана таксама, што прэзыдэнт Мілаш Зэман можа абвясьціць датэрміновыя парлямэнцкія выбары, чаго дамагаюцца апазыцыйныя сацыял-дэмакратычная і камуністычная партыі.

Чэскі прэзыдэнт мае канстытуцыйнае права прапанаваць парлямэнту на зацьвярджэньне кандыдата на прэм’ер-міністра два разы. Калі гэтыя дзьве спробы закончацца беспасьпяхова, трэцяга кандыдата прапануе кіраўнік парлямэнту. Камэнтатары лічаць, што ў выпадку цяперашняга палітычнага крызысу Мілаш Зэман мае вялікую прастору да палітычнага манэўру і можа істотна паўплываць на палітычнае жыцьцё краіны.

Перад Пэтрам Нэчасам у адстаўку з пасады кіраўніка ўраду пасьля скандалаў, зьвязаных у тым ліку і з карупцыяй, падавалі тры ягоныя папярэднікі: Міраслаў Топаланэк, Іржы Пароўбэк, Станіслаў Грос.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG