Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Турэччына на мяжы грамадзянскай вайны


Турэцкія ўлады разграмілі намётавы лагер на плошчы Таксім, але пратэсты ў Стамбуле і іншых гарадах працягваюцца. Эрдаган рыхтуе войска

Турэцкія ўлады разграмілі намётавы лагер на плошчы Таксім, але пратэсты ў Стамбуле і іншых гарадах працягваюцца. Эрдаган рыхтуе войска

Турэцкія ўлады разграмілі намётавы лагер на плошчы Таксім, але пратэсты ў Стамбуле і іншых гарадах працягваюцца. Эрдаган рыхтуе войска. Піша карэспандэнтка расейскай Свабоды Алена Сонцава

Паліцэйская спэцапэрацыя пачалася пасьля таго, як дэманстранты прынялі рашэньне працягваць сядзячую акцыю пратэсту на плошчы Таксім, нягледзячы на ўсе запэўніваньні ўладаў разысьціся і пакінуць лягер. «Рашэньне было прынята падчас рэфэрэндуму большасьцю галасоў, — распавядае адзін з дэманстрантаў, службовец стамбульскай гандлёвай кампаніі, саракагадовы Айхал. — У галасаваньні бралі ўдзел усе дэманстранты і нават іх бацькі. Многія галасавалі праз інтэрнэт, дасылалі паведамленьні ў Twitter. Актывісты лягеру сустракаліся з прэм’ер-міністрам краіны Рэджэпам Эрдаганам, які абяцаў паставіцца з разуменьнем да пратэстаў моладзі. Аднак улады ў чарговы раз падманулі нас. Яны дзейнічалі таемна. Прыйшлі паліцыянты і зладзілі тут сапраўдную Барталямэеўскую ноч».



У 1:30 раніцы на плошчу нечакана ўвайшоў спэцназ і атачыў намётавы лягер. Паліцыянты пачалі выганяць сонных людзей з намётаў дубінкамі. Побач зь лягерам стаў зьбірацца вялікі натоўп. Людзі патрабавалі адхіліць ад улады кіроўную партыю Справядлівасьці і аддаць пад суд яе лідэра Рэджэпа Эрдагана, якога яны называлі «дыктатарам, які ненавідзіць уласны народ».



«Усе былі вельмі арганізаваныя. На чале кожнай групы дэманстрантаў стаяць людзі, якія адказваюць за сувязь, за спакой і парадак, — кажа ўдзельнік акцыі. — Самая актыўная групоўка „Чаршы“ са стамбульскага раёну Бешыкташ аб’ядноўвае некалькі тысяч чалавек розных палітычных поглядаў. Гэта гандляры, спартовыя заўзятары, уладальнікі невялікага бізнэсу, гаспадары рэстаранаў хуткага харчаваньня, моладзь. Усе яны сыходзяцца ў адным — Эрдаган павінен пакінуць сваю пааду. Паліцыянты арыштавалі лідэра і прэс-сакратара гэтай групы сёньня рана раніцай».



У тры гадзіны раніцы паліцыянты ўжылі сьлезацечны газ і вадамёты. Апазыцыйны тэлеканал «Халк» паказаў кадры, на якіх было відаць, як вялікая група дэманстрантаў, наглытаўшыся газу, паспрабавала схавацца ў суседнім гатэлі. Сярод дэманстрантаў было шмат жанчын і некалькі замежных журналістаў, у тым ліку карэспандэнт амэрыканскай газэты «Нью-Ёрк Таймс».

Паводле відавочцаў, людзі забеглі ў невялікае закрытае памяшканьне, а паліцыянты кінулі туды газавую гранату і зачынілі дзьверы: «Людзі пачалі задыхацца і крычаць, некалькі жанчын ляжалі без прытомнасьці. Нам усё ж удалося адчыніць дзьверы, і мы выпаўзьлі адтуль напаўжывыя. Паліцыя выкарыстала нейкі вельмі жорсткі і задушлівы газ, які не выкарыстоўвалі раней».

На плошчы было шмат правакатараў і паліцыянтаў у цывільным, якія правакавалі дэманстрантаў на актыўныя дзеяньні супраць паліцыі. Дзясяткі людзей былі затрыманыя і каля тысячы атрымалі моцнае атручваньне газам. Адзін зь лідэраў апазыцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі трапіў у шпіталь. Да раніцы паліцыя цалкам разграміла лягер на плошчы Таксім. Машыны і спэцтэхніка пасьпешліва прыбіралі рэшткі барыкадаў, намёты і вывозілі на звалку.

Плошча была ачэплена паліцыяй. Улады заклікаюць грамадзян не пакідаць свае дамы і пагражаюць, што ўсе, хто скіруецца на Таксім, будуць затрыманыя як злачынцы, якія выступаюць супраць законных уладаў.

У сацыяльных сетках ідзе агітацыя за правядзеньне масавага антыўрадавага мітынгу. У розных раёнах Стамбулу на вуліцы ўжо выйшлі тысячы людзей. Быў заблакаваны рух па мосьце праз Басфор. Паліцыянты паспрабавалі разагнаць калёну людзей і кінулі газавую шашку ў самы натоўп. Гэта выклікала абурэньне людзей, якія накінуліся на паліцыянтаў.

«Турэччына стаіць на парозе грамадзянскай вайны, — лічыць стамбульскі журналіст Эрджан. — На вуліцы выйшлі прадстаўнікі найбольш адукаваных пластоў насельніцтва, шмат журналістаў, настаўнікаў, лекараў, моладзі і студэнтаў. Людзі патрабуюць адстаўкі ўраду. Але Эрдаган не аддасьць уладу і можа вывесьці на вуліцу войска. Тады пальецца кроў».

Акцыі ў падтрымку дэманстрантаў у Стамбуле праходзяць і ў іншых турэцкіх гарадах. У Анкары, на праспэкце Кэнэдзі, які выходзіць да амбасады ЗША, сабралася каля дзесяці тысяч чалавек. Сотні дэманстрантаў арыштаваныя. Актывісты антыўрадавых акцыяў пратэсту называюць урадавых журналістаў «баязьлівымі пінгвінамі», заклікаюць байкатаваць афіцыйную прэсу і ня слухаць «пінгвінавыя навіны». Адзін з найбуйнейшых прафзьвязаў Турэччыны, «Канфэдэрацыя прафзьвязаў дзяржаўных службоўцаў», заклікаў арганізаваць ўсеагульны страйк.

Улады, у сваю чаргу, зьбіраюцца правесьці мітынг сваіх прыхільнікаў у Анкары і Стамбуле. Паводле відавочцаў, у Стамбул прыбылі прынамсі восем грузавікоў з жаўнерамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG