Лінкі ўнівэрсальнага доступу

iPhone павялічыцца ў памеры, а Samsung зробіць гібрыд смартфона і камэры


Кампаніі Apple і Samsung неўзабаве могуць парадаваць сваіх прыхільнікаў прэзэнтацыямі новых прыстасаваньняў. Піша журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода Алена Рэмоўская

Reuters піша, што Apple разглядае магчымасьць выпуску смартфонаў iPhone зь вялікімі экранамі. Між тым у Samsung абяцаюць неўзабаве выпусьціць смартфон-камэру Galaxy S4 Zoom. Але пра ўсё па парадку.

Адносна Apple, то інфармацыя пакуль гучыць неафіцыйна: Reuters паведамляе аб магчымых навацыях са спасылкай на крыніцы. Паводле агенцтва, аўтары iPhone не выключаюць павелічэньня экранаў смартфонаў да дыяганаляў 4,7, а таксама 5,7 цаляў. Такім чынам Apple хоча канкураваць зь лідэрам рынку смартфонаў — ужо згаданай кампаніяй Samsung.

Раз Apple павялічыла экран свайго смартфона летась, калі прэзэнтавалі пятую мадэль iPhone. iPhone 5 мае дыяганаль 4 цалі — у адрозьненьне ад усіх папярэдніх мадэляў, дыяганаль якіх была 3,5. Паводле дадзеных Reuters, Apple можа выпусьціць абноўленыя смартфоны ў наступным годзе. Афіцыйна ў кампаніі інфармацыю не камэнтуюць.


Між тым у Samsung ўжо апублікавалі першы ролік, які дэманструе выбітнасьці новага вынаходніцтва — гібрыд смартфона і камэры Galaxy S4 Zoom. Вынаходніцтва сапраўды «двухаблічнае»: з аднаго боку — гэта лічбавы фотаапарат, а зь іншага — зусім як смартфон.

Асаблівасьць Galaxy S4 Zoom — 16-мэгапіксэльная асноўная камэра зь дзесяціразовым аптычным зумам. Паводле афіцыйнага сайту Samsung, экран прылады мае дыяганаль 4,3 цалі, двух’ядравы працэсар з частатой 1,5 Ггц. Такім чынам, навінка трошкі прасьцейшая за флягмана рынку Galaxy S4, які мае чатырох’ядравы працэсар і 5-цалевы экран. Працаваць Galaxy S4 Zoom будзе на плятформе Android 4.2.

Сярод іншых асаблівасьцяў навінкі — карыстальнік, напрыклад, можа рабіць здымак, не перарываючы размову, і слаць яго свайму суразмоўцу. У Galaxy S4 Zoom таксама даступны старт-рэжым з функцыямі апрацоўкі зробленых фатаграфіяў.
XS
SM
MD
LG