Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтам Ірану абраны памяркоўны кандыдат Хасан Рухані


Хасан Рухані

Хасан Рухані

Міністэрства ўнутраных справаў Ірану абвясьціла памяркоўнага рэлігійнага кандыдата Хасана Рухані пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах.

Міністар Мухамад Мустафа Наджар паведаміў у тэлевізіі, што Рухані атрымаў больш за 18 мільёнаў галасоў, што складае 50,68 працэнта, што было дастаткова для перамогі ў першым коле выбараў.

Рухані перамог зь вялікай перавагай, ягоны найбліжэйшы супернік — мэр Тэгерану кансэрватар Мухамад Багір Галібаф — набраў менш за 16 працэнтаў галасоў. Яўка на выбарах склала амаль 73 працэнты.



***

64-гадовы Хасан Рухані лічыцца адносна памяркоўным палітыкам. Ён вядомы за межамі краіны пераважна сваім удзелам на перамовах наконт ядзернай праграмы Ірану у 2003-2009 гадах. Апрача гэтага ў ягоным паслужным сьпісе — навуковая дзейнасьць, камандныя пасады ў войску, доўгатэрміновае дэпутацтва ў парлямэнце, шматлікія высокія ўрадавыя пасады.

Рухані нарадзіўся ў 1948 годзе ў горадзе Сархэ ў паўночнаіранскай правінцыі Сэмнан. Падчас выбарчай кампаніі ён адзначаў, што вырас у «рэлігійнай і рэвалюцыйнай сям’і».

Вучыўся ў сэмінарыі, вывучаў права ў Тэгеранскім унівэрсытэце. Пасьля ісламскай рэвалюцыі 1979 году быў абраны ў парлямэнт, дзе прабыў пяць дэпутацкіх тэрмінаў.

Падчас выбарчай кампаніі Рухані выступаў за паляпшэньне міжнародных дачыненьняў. Ён называе вялікі матэрыяльны і фізычны патэнцыял Ірану як сродак для выхаду з крызісу, спрычыненага «індывідуальнымі рашэньнямі, прынятымі без кансультацыяў». Ён бачыць ратунак у турызме і пашырэньні ролі прыватнага сэктару ў прамысловасьці.

Рухані таксама выказаўся за пашырэньне свабоды слова і паабяцаў вызваліць палітычных зьняволеных.

У сваім апошнім тэлезвароце да выбарцаў галоўнымі дасягненьнямі сваёй кар’еры Хасан Рухані назваў «актыўную бесстароннасьць» Ірану ў вайне ў Пэрсыдзкай затоцы, пакт аб бясьпецы з Савудаўскай Арабіяй за часы прэзыдэнта Хатамі і «разважлівую пазыцыю» Ірану пасьля тэрарыстычных удараў 11 верасьня 2001 году ў ЗША.


XS
SM
MD
LG