Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 15 чэрвеня: дзень нараджэньня Юркі Віцьбіча і Юліі Несьцярэнкі


Юрка Віцьбіч, Ларыса Геніюш, Кастусь Езавітаў, Натальля Арсеньнева, Аляксей Анішчык-Чэмер. Менск, 1944 г.

Юрка Віцьбіч, Ларыса Геніюш, Кастусь Езавітаў, Натальля Арсеньнева, Аляксей Анішчык-Чэмер. Менск, 1944 г.

Гэты дзень у Беларусі, сьвеце, гісторыі

Падзеі дня:

Менск — У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі выстава ўнікальных кніжных помнікаў 17 стагодзьдзя — трох першых выданьняў кнігі Казімера Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» на нямецкай мове.

Пружаны — ў музэі-сядзібе «Пружанскі палацык» распачнецца фэстываль экспэрымэнтальнага мастацтва «Рэха ДАХа». Пачатак а 18-ай.

У Шанхаі (Кітай) — Міжнародны кінафэстываль.

Гэты дзень у гісторыі:

1812— Полацкі езуіцкі калегіюм пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію з правамі ўнівэрсытэту.

1863 — У Ашмянскім павеце расейскія войскі разьбілі атрад паўстанцкага камандзера Зыгмунта Мінейкі. Сам Мінейка быў схоплены і засуджаны на 12 гадоў сыбірскае катаргі, але ўцёк за мяжу і празь нейкі час узяў удзел у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт, за што атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна Грэцыі.

1956 — у Лівэрпулі ўпершыню сустрэліся Джон Ленан і Пол Макартні



1977 — пачалося будаўніцтва Менскага мэтрапалітэну.

1978 — старт касьмічнага арабля «Саюз-29». Камандзер экіпажу — беларус Уладзімер Кавалёнак.

Уладзімір Кавалёнак на мітынгу БНФ

Уладзімір Кавалёнак на мітынгу БНФ


У гэты дзень нарадзіліся:

1831 — Вінцэсь Каратынскі, беларускі і польскі пісьменьнік, перакладчык.. Аўтар зборнік паэзіі «Чым хата багата, тым рада» (па-польску, 1857), паэмы «Таміла» (па-польску, 1858), таксама В. Каратынскаму прыпісваюць ананімныя антыцарскія творы «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседзяў».

1896 — Пётр Татарыновіч, каталіцкі сьвятар, беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, публіцыст, паэт, выдавец.

1905 — Юрка Віцьбіч, пісьменьнік, грамадзка-культурны дзяяч, дзяяч эміграцыі ў ЗША. Нарадзіўся ў Вяліжы пад Віцебскам. Псэўданімы - Юрка Стукаліч, Алесь Крыжаніч. Яго бацька быў праваслаўным сьвятаром, маці — настаўніцай. Першае апавяданьне выйшла ў 1929 г. на старонках «Узвышша». Падчас нямецкай акупацыі браў удзел у культурным жыцьці Беларусі, у 1943 годзе перавёз зь Віцебску ў Полацак парэшткі Эўфрасіньні Полацкай. У 1944 годзе Юрка Віцьбіч разам з Беларускай Цэнтральнай Радай выехаў у Германію. Выступаў на Радыё Свабода. Віцьбіч быў адным зь першых, хто знаёміў чытачоў «Нового русского слова» зь беларускай нацыянальнай ідэяй, таксама бараніў погляды беларусаў, якія імкнуліся аднавіць незалежнасьць Беларусі. Вядомы беларускі паэт-эмігрант Алесь Салавей пісаў пра Віцьбіча: «Віцьбіч зьяўляецца чалавекам, які больш як хто іншы аддаў сілаў, думкі і крыві за беларускую справу. Адмаўляць сёньня Юрку Віцьбіча як пісьменьніка — значыць рабіць пагром на беларускай літаратуры на эміграцыі». Чытайце кнігу Віцьбіча: Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі


1914 — Юры Андропаў, старшыня КДБ СССР, у 1982-1984 — генэральны сакратар ЦК КПСС. Быў ініцыятарам высылкі за межы СССР дысыдэнтаў, у тым ліку Аляксандра Салжаніцына. Паводле ягонай прапановы быў высланы ў Горкі акадэмік Андрэй Сахараў. Быў адным з ініцыятараў уводу савецкіх войскаў у Аўганістан. На пасадзе генэральнага сакратара ЦК КПСС вызначыўся узмацненьнем рэпрэсіяў супраць дысыдэнтаў, актывістаў нацыянальных рухаў у рэспубліках Савецкага Саюзу.

Юры Андропаў

Юры Андропаў



1936 — Мікола Гіль, беларускі пісьменьнік, журналіст, перакладчык.

1948 — Анатоль Бутэвіч, беларускі пісьменьнік, палітык і дыплямат

1979 — Юлія Несьцярэнка, беларуская лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка.

У гэты дзень памерлі:

1996 — Эла Фіцджэральд, амерыканская джазавая спявачка



1992 — Леў Гумілёў , расейскі гісторык-этноляг, філёзаф, паэт, перакладчык з фарсі, сын Ганны Ахматавай і Мікалая Гумілёва

2001 — Валеры Навіцкі, грамадзка-культурны дзяяч, дзяяч эміграцыі ў Канадзе.

Цытата на памяць

Мы Беларусы незалежна ад таго, скуль мы — ці з-пад Дзьвіны, ці з-пад Прыпяці, ці з-пад Дняпра, ці з-пад Бугу
Юрка Віцьбіч
XS
SM
MD
LG