Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч пра Аліневіча: «Зь ім бы я пайшоў у разьведку»


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч у гарадзенскай турме чытае кнігу вязьня наваполацкай калёніі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан».

Вытрымкі з кнігі Аліневіча пра тое, што ён перажыў у турме КДБ, друкуе газэта «Новы час». Ліст Аўтуховіча працытавала грамадзкая актывістка Інэса Яхліель, якія рэгулярна лістуецца з палітвязьнем:

«Вы мне пісалі пра Ігара Аліневіча і ягоную маці Валянціну. Добры ў яе сын. Відаць, з такім бы я пайшоў у разьведку. Перадавайце вялікае прывітаньне Валянціне і яе сыну. Урыўкі зь ягонай кнігі я чытаў у газэце „Новы час“, якая да мяне прыходзіць наўпрост з рэдакцыі. Дзякуй, што падтрымліваеце маю маці. Прывітаньне вам, да хуткай сустрэчы».

Таксама ў сваім лісьце Мікалай Аўтуховіч напісаў пра сваё здароўе: «З надыходам цяпла мне стала лепей, але яшчэ карыстаюся мазьзю. Каменьчыкі ў нырках у мяне знайшлі яшчэ ў 2005 годзе, у турэмным шпіталі. Магчыма, яны і непакояць калі-некалі. Праблему з зубамі дагэтуль ня вырашыў».

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў захоўваньні патронаў. Сам Аўтуховіч сваёй віны ў судзе не прызнаў і казаў, што зь ім паквіталіся за барацьбу з карупцыяй сярод высокапастаўленых чыноўнікаў. Палітвязьня трымаюць у гарадзенскай турме як злоснага парушальніка рэжыму.

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў нападзе на афіцыйныя будынкі. Праваабаронцы лічаць Ігара Аліневіча палітвязьнем.
XS
SM
MD
LG