Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вызваліў Віктара Камянкова ад пасады старшыні і судзьдзі Вышэйшага гаспадарчага суду.

Адпаведны ўказ падпісаны 14 чэрвеня, паведамілі ў прэзыдэнцкай прэс-службе.

Камянкоў займаў гэтую пасаду з кастрычніка 2001 году.

Прычыну адстаўкі ў прэс-службе карэспандэнту «Свабоды» не патлумачылі. Таксама там не паведамілі, хто будзе прызначаны замест Камянкова.

57-гадовы Камянкоў паходзіць з Магілёўшчыны. У 2006 годзе яго абралі старшынёй Беларускага саюзу юрыстаў. У траўні разам зь віцэ-прэм’ерам Пятром Пракаповічам Віктар Камянкоў ачоліў Раду прадухіленьня банкруцтва.

Віктар Камянкоў, адзін зь нямногіх чыноўнікаў, які мае свой блог. Там ён сярод іншага разьмясьціў віншаваньне з новым 2013 годам і пажадаў любыя падзеі ўспрымаць «спакойна». Таксама ён пажадаў «падначаленым — мудрых начальнікаў».
Такая якасьць, як літасьць, калі яна будзе ў судзьдзі гаспадарчага суду, прывядзе да хаосу ня толькі ў сыстэме правасудзьдзя, але і ў дзяржаве наагул

Віктар Камянкоў зьяўляецца складальнікам кніг «Біблія пра сям’ю і для сям’і» «Біблія ў правасудзьдзі».

У 2009 годзе Камянкоў з нагоды таго, што менскія гарадзкія ўлады адбіраюць будынак у царквы «Новае жыцьцё», заявіў Свабодзе, што праблемы вернікаў палягаюць «за межамі судовай вытворчасьці».

Яшчэ раней, у 2006 годзе, калі Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў незалежным газэтам у распаўсюдзе празь дзяржаўную сетку-манапаліста, Камянкоў заявіў карэспандэнту Свабоды: «Такая якасьць, як літасьць, калі яна будзе ў судзьдзі гаспадарчага суду, прывядзе да хаосу ня толькі ў сыстэме правасудзьдзя, але і ў дзяржаве наагул».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG