Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыве Беларусь!» прэзэнтавалі ў Партугаліі і Нямеччыне. Наперадзе — Бэльгія


Галоўная заля кінафэстывалю "Фэштроя" ў Сэтубале

Галоўная заля кінафэстывалю "Фэштроя" ў Сэтубале

Фільм «Жыве Беларусь!» сабраў аншляг на міжнародным кінафэстывалі ў Сэтубале (Партугалія) і выклікаў дыскусію ў Рэгенсбургу (Нямеччына). Фільм таксама запрошаны ў конкурс на фэстываль у Брусэль.

Партугалія


Зь 7-га па 16-га чэрвеня ў горадзе Сэтубал у Партугаліі адбываецца Міжнародны кінафэстываль Фэштроя. Гэта другі па важнасьці кінафэстываль у Партугаліі.

Прэзэнтацыя фільму «Жыве Беларусь!» адбылася 9 чэрвеня ў галоўнай залі «Forum Luisa Todi» у Сэтубале пры аншлягу. ФІльм прадстаўлялі рэжысэр Кшыштаф Лукашэвіч, выканаўца галоўнай ролі Зьміцер ’Вінсэнт’ Папко і сусцэнарыст Францішак Вячорка.

Кшыштаф Лукашэвіч падкрэсьліў у сваім выступе, што «Жыве Беларусь!» — гэта ня проста фільм, а знак салідарнасьці з тымі, хто змагаецца за свае перакананьні ў Беларусі" і што «важна паказаць праблемы, зь якімі сутыкаюцца людзі ў гэтай эўрапейскай краіне».

Вінсэнт

Вінсэнт

Паводле Вінсэнта, удзел у фільме — для яго гонар:

«Фактычна, гэта першы сучасны беларускамоўны мастацкі фільм. Каб гэты фільм зьявіўся, мы аддалі шмат сілаў. І цяпер мы радыя, што далёкая Партугалія можа пабачыць вынік нашай працы, паслухаць беларускую мову і даведацца трошкі больш пра сучасную Беларусь. Гэта краіна з выдатнымі прыгожымі людзьмі, якія імкнуцца да лепшага жыцьця».

У конкурсе фэстывалю «Фэштроя» удзельнічаюць 14 эўрапейскіх фільмаў. Акрамя «Жыве Беларусь!» польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча, за галоўны прыз спаборнічаюць фільм «Дзяўчына і сьмерць» Ёса Стэлінга зь Сяргеем Макавецкім і Рэнатай Літвінавай, «У белым палоне» оскараўскага намінанта Пітэра Нэса з Рупэртам Грынам і Дэвідам Кросам у галоўных ролях. У конкурсе бяруць удзел таксама фільмы «90 хвілінаў» (90 minutter) нарвэскай рэжысэркі Эвы Сорхаўг, рэлігійная драма пра рэжым Піначэта «The Passion of Michelangelo» чылійскага рэжысэра Эстэбана Ларэна, «Колы» Срджана Галубавіча пра падзеі 1993 году падчас вайны на Балканах ды іншыя.

Францішак Вячорка, Кшыштаф Лукашэвіч і Вінсэнт

Францішак Вячорка, Кшыштаф Лукашэвіч і Вінсэнт

Францішак Вячорка адзначыў, што сам удзел у фэстывалі такога ўзроўню — ужо прызнаньне для стужкі:

«Прабіцца на фэстывалі такога ўзроўню вельмі цяжка. Напрыклад, беларускія фільмы, калі не лічыць „У тумане“, ніколі так высока не траплялі. Нашыя супернікі — знакамітыя рэжысэры і зоркі эўрапейскага кіно. Усе адзначылі якасны ўзровень „Жыве Беларусь“. Таксама мы дамовіліся з арганізатарамі, што на наступны год фэстываль запросіць які-небудзь беларускі фільм».

Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя 15 чэрвеня.


Нямеччына


12 чэрвеня адбылася закрытая прэзэнтацыя «Жыве Беларусь!» у нямецкім Рэгенсбургу. Фільм прадставіў адзін з аўтараў Францішак Вячорка. Пасьля фільму ён адказаў на пытаньні гледачоў. Немцаў цікавіла, што ў фільме праўда, а што мастацкая выдумка. Таксама пыталіся, наколькі ў Беларусі кантралюецца інтэрнэт і мэдыі.

«Фільм мае унівэрсальны мэсыдж, магчыма, таму ён зразумелы ня толькі беларусам. Гэта фільм пра страх, як ён скоўвае людзей, і пра тое, як яго пераадолець. Акрамя таго, многія эўрапейскія народы прайшлі праз дыктатуру», — адзначыў Вячорка

Паказ фільму адбыўся ў межах цыклю імпрэзаў «Ці ведаеце вы Беларусь?», дзе прадстаўленая жывая беларуская культура — літаратура, тэатр, музыка, кіно, фатаграфія. Арганізатарам выступіў «Эўрапэўм» — Усходне-Заходні Цэнтар пры Рэгенсбурскім унівэрсытэце, які займаецца разьвіцём кантактаў паміж Усходняй і Заходняй Эўропай у галіне навучаньня і дасьледаваньняў.

Адна з актыўных арганізатараў цыклю імпрэзаў, праект-мэнэджэр «Эўрапэўму» Каця фон Пошынгер адзначыла важнасьць падобных мерапрыемстваў:

«Беларусь для немцаў — пакуль што невядомая краіна, белая пляма на мапе. А калі ім пачынаеш расказваць, калі яны бачаць беларускую культуру, чуюць мову — у іх зьяўляецца зацікаўленасьць».

Бэльгія


Брусэльскі кінафэстываль 2013

Брусэльскі кінафэстываль 2013

«Жыве Беларусь!» возьме ўдзел у конкурснай частцы на фэстывалі ў Брусэлі, які адбудзецца зь 19 па 26 чэрвеня. Пра гэта паведамляе Польскае Радыё.

«Беларускага рокера Мірона сілай забралі ў войска, і ён напоўніцу расплочваецца за сваё вальнадумства! Каб расказаць грамадзтву пра зьдзекі, якія пераносіць хлопец, яго дзяўчына пачынае пісаць блёг, які падагравае супраціў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Суаўтар сцэнару Франак Вячорка ведае, пра што ён кажа: [...]будучы апазыцыйным актывістам, ён сам дамагаўся права гаварыць па-беларуску ў войску. [...] Ад жорсткасьцяў арміі ды беларускага КДБ у гледачоў бягуць па сьпіне мурашкі!» — так гучыць анонс кінастужкі Кшыштафа Лукашэвіча, апублікаваны на сайце Брусэльскага кінафэстывалю.

Дырэктар Брусэльскага кінафэстывалю Іван Карбюзье заявіў у інтэрвію Польскаму Радыё:

«Цікавая ня толькі тэма стужкі, але й яе рэалізацыя. На мой погляд, гэты фільм вельмі малады, дынамічны. Гульня галоўных герояў таксама вельмі добрая [...] Гэта добры фільм: і з пункту гледжаньня тэматыкі, і з пункту гледжаньня рэалізацыі. Я спадзяюся, што яго добра ацэняць — як за тэматычныя, так і эстэтычныя якасьці.»

Узровень супернікаў «Жыве Беларусь!» досыць высокі. Сярод 12 конкурсных карцінаў — два намінанты сёлетняга Канскага кінафэстывалю — фільм «Miele» і «Michael Kohlhaas»
XS
SM
MD
LG