Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы сьмяротны прысуд — забойцу студэнткі


Будынак Гомельскага абласнога суду
Будынак Гомельскага абласнога суду
14 чэрвеня Гомельскі абласны суд прыгаварыў да сьмяротнага пакараньня 25-гадовага жыхара абласнога цэнтру Аляксандра Грунова, які забіў студэнтку біялягічнага факультэту Гомельскага дзяржунівэрсытэту 22-гадовую Натальлю Емяльянчыкаву.

Трагедыя здарылася ў ноч з 19 на 20 верасьня летась. Каля паўночы Натальля Емяльянчыкава вярталася дадому, ля пад’езду на яе з нажом напаў мужчына. Як вызначыла экспэртыза, пацярпелая памерла ад страты крыві: злачынца нанёс ёй 102 удары нажом у галаву, грудзі, шыю, рукі і ногі, пераламаў рэбры. Яго абвінавацілі ў забойстве з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў. Нагодай для забойства стала сварка, якая адбылася тры месяцы таму.

У судзе абвінавачваны віну прызнаў цалкам. Маці нябожчыцы прасіла прысудзіць яго да выключнай меры пакараньня. У 2005 годзе ён быў судзімы за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія прывялі да сьмерці, — забіў свайго айчыма.За гэтае злачынства яму далі 8 гадоў турмы, а ў 2011 годзе вызвалілі датэрмінова па амністыі.

Маці асуджанага кажа. што сьмяротны прысуд будзе абскарджаны ў Вярхоўным судзе.


Гэта ня першае сьмяротнае пакараньне, вынесенае сёлета ў Беларусі.

12 чэрвеня калегія па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суду прысудзіла да выключнай меры пакараньня 23-гадовага жыхара Вялейкі. Ён забіў з рэўнасьці сваю жонку і яе знаёмага.

Сёлета пры канцы вясны сьмяротны прысуд быў вынесены і ў Магілёве — такую меру атрымаў крымінальнік па сукупнасьці злачынстваў, у тым ліку і ўдзел у забойстве сукамэрніка.

14 чэрвеня Эўрапейскі Зьвяз зноў нагадаў кіраўніцтву Беларусі пра неабходнасьць выконваць міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека і заклікаў далучыцца да міжнароднага мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бясьпецы Эўразьвязу Кэтрын Эштан і эўрапейскага камісара Штэфана Фюле, якія падтрымалі прынятую Радай правоў чалавека ААН рэзалюцыю па Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG