Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі прапануе стрымаць заробкі


Міністар эканомікі Мікалай Снапкоў прапануе да канца гэтага году стрымліваць рост заробкаў.

«Рэкорднае значэньне заработнай платы ў 565 даляраў зьяўляецца гістарычным максымумам. На канец 2013 году, паводле прагнозу, мы павінны выйсьці на 600 даляраў, таму ў астатні пэрыяд падыход да павышэньня заработнай платы да прагнознага ўзроўню павінен быць непасрэдна ўвязаны з прадукцыйнасьцю працы», — заявіў Снапкоў 14 чэрвеня на пасяджэньні Савету міністраў.

Паводле міністра, абмежавальныя захады павінны збалянсаваць тэмпы росту рэальнага заробку з тэмпамі росту прадукцыйнасьці працы па выніках году. Ён адзначыў, што цяпер паміж гэтымі паказчыкамі назіраецца значны разрыў на карысьць заробку.

Між тым ён пацьвердзіў, што абмежаваньне тэмпаў росту заробкаў будзе стымуляваць адток кваліфікаванай рабочай сілы ў Расею. Для вырашэньня гэтай праблемы Снапкоў прапануе дзяржаўным структурам скараціць колькасьць працоўных рэсурсаў па кожнай арганізацыі. На яго думку, зьнізіць выдаткі дзяржпрадпрыемстваў і дзяржарганізацыяў дапаможа перадача на аўтсорсінг няпрофільных відаў дзейнасьці.

Паводле Белстату, рэальная (з улікам інфляцыі) зарплата сёлета ў студзені-красавіку вырасла ў параўнаньні з студзенем-красавіком 2012 году на 22,9%, паведамляе Інтэрфакс.
XS
SM
MD
LG