Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белдзяржцырку абвяргаюць зьвесткі пра звальненьні іншых супрацоўнікаў, акрамя былога дырэктара Тацяны Бандарчук. Паводле Сьледчага камітэту, расьсьледаваньне па справе аб злоўжываньнях у Белдзяржцырку працягваецца.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту Павал Траулька паведаміў карэспандэнту Свабоды, што працягваецца расьсьледаваньне па справе, якая была заведзеная адносна былога дырэктара Белдзяржцырку Тацяны Бандарчук. «Абвінавачаньне Тацяне Бандарчук ня выстаўленае, сьледчыя дзеяньні працягваюцца ў патрэбным памеры», — сказаў Павал Траулька.

Між тым у самім Белдзяржцырку абверглі ранейшыя зьвесткі мэдыяў пра звальненьні супрацоўнікаў, якія нібыта былі зьвязаныя з праверкай Дзяржкантролю і завядзеньнем крымінальнай справы. Гаворка ішла пра звальненьні намесьніка дырэктара, галоўнага бухгальтара, бухгальтара і юрысконсульта. 14 чэрвеня памочнік дырэктара Натальля Холад гэтыя зьвесткі абвергла:

«Нікога ня звольнілі. Мы працуем у штатным рэжыме, у нас ідзе праграма, працуем як раней. Акрамя таго, што іншы чалавек выконвае абавязкі дырэктара, усё як было».

Пры гэтым, калі я пазваніў у бухгальтэрыю, там адмовіліся пацьвердзіць ці абвергнуць зьвесткі пра звальненьні галоўнага бухгальтара і бухгальтара.

Галоўны рэжысэр цырку Серж Бандарчук сказаў «Свабодзе» пра стан здароўя сваёй маці:

«Стан здароўя? Стан здароўя складаны. Зразумейце мяне як чалавек, а не як журналіст: мы працуем, працягваем працаваць, цырк працягвае зьдзіўляць. Гэта ўсё. Прыходзьце паглядзець на спэктакль».

Тацяна Бандарчук

Тацяна Бандарчук

Калі ў 2000 годзе Тацяну Бандарчук арыштавалі паводле падазрэньня ў атрыманьні хабару і трымалі за кратамі, былыя супрацоўнікі цырку ахвотна дзяліліся з журналістамі інфармацыяй пра парадкі, якія існавалі ў цырку. Празь месяц абвінавачваньні з Тацяны Бандарчук зьнялі, яна ня толькі выйшла на волю, але і зноў заступіла на пасаду дырэктара цырку. Як тое «вяртаньне» адбіваецца сёньня на жаданьні дзяліцца інфармацыяй у людзей, набліжаных да цырку? Былая артыстка цырку Ірына гаварыць пра сытуацыю ў Белдзяржцырку рашуча адмовілася.

«У мяне ёсьць інфармацыя, і вельмі шмат, але я дзяліцца ёю ня буду. Я добра ведаю Тацяну Мікалаеўну, мы сябравалі, працавалі разам. Ані добрай інфармацыі, ані дрэннай паведамляць ня буду».

Пра звальненьне Тацяны Бандарчук з пасады дырэктара Белдзяржцырку і завядзеньне крымінальнай справы аб службовых злоўжываньнях стала вядома 7 чэрвеня. 10 чэрвеня Тацяна Бандарчук заявіла сайту tut.by: «Калі Дзяржкантроль вырашыў адкрыць крымінальную справу і мяне проста забіць, дык разьбярэцца кіраўнік дзяржавы — ён аб’ектыўны чалавек». Пазьней стала вядома, што гэта было сказана напярэдадні допыту ў Сьледчым камітэце. Пасьля допыту зьвестак пра кантакты Тацяны Бандарчук з мэдыямі не было.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG