Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прыпыніў рашэньне аб высяленьні царквы «Новае жыцьцё»


У царкве «Новае жыцьцё»

У царкве «Новае жыцьцё»

Стан здароўя яе пастара Вячаслава Ганчарэнкі адносна стабілізаваўся.

Гаспадарчы суд Менску 14 чэрвеня прыпыніў сваю пастанову аб завядзеньні выканаўчай вытворчасьці ў дачыненьні да рэлігійнай абшчыны хрысьціян поўнага Эвангельля «Царква Новае жыцьцё», згодна зь якім ёй прапаноўвалася да 20 чэрвеня вызваліць будынак па вуліцы Кавалёва, 72 у Менску. Пра гэта БелаПАН паведаміў юрыст «Новага жыцьця » Сяргей Луканін.

Паводле ягоных слоў, раніцай 14 чэрвеня яму патэлефанавалі з гаспадарчага суду Менску і прапанавалі пасьля абеду забраць пастанову аб прыпыненьні судовага рашэньня.

«Такім чынам, суд чарговым разам адмовіўся ад намеру забраць наш будынак», — адзначыў Луканін.

У той жа час адносна стабілізаваўся стан здароўя пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі, шпіталізаванага 13 чэрвеня, яшчэ да атрыманьня пастановы суду. У яго выявілі ішэмічны мікраінсульт (магчыма, інсульт).

«Цяпер мы атрымалі інфармацыю, што ў нашага пастара цалкам аднавіліся глядзельныя функцыі і стала выразнай гаворка. Ён можа самастойна рухацца па палаце, хоць і застаецца ў рэанімацыі. Бліжэйшым часам яму патрэбен поўны спакой».

13 чэрвеня Луканін атрымаў судовую пастанову аб узбуджэньні выканаўчай вытворчасьці ў дачыненьні да царквы. Пастанова, прынятая на падставе заявы ўласьніка будынка — ЖРЭА Маскоўскага раёну Менску, прадпісвала рэлігійнай грамадзе вызваліць будынак у тыднёвы тэрмін.

Вернікі адмовіліся пакідаць будынак і пачалі кругласутачнае дзяжурства і штодзённую малітву за здароўе пастара Ганчарэнкі і захаваньне будынка.

Выселіць «Новае жыцьцё» з будынка, які быў перароблены вернікамі на свае сродкі з былога кароўніка 21 год таму, гарвыканкам спрабуе ўжо восем гадоў. Сытуацыя вакол «Новага жыцьця » атрымала шырокі міжнародны рэзананс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG