Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя застанецца толькі ў Беларусі ды ў Цэнтральнай Азіі


Ва Ўкраіне заявілі пра пляны рэфармаваць МУС і рэарганізаваць міліцыю ў паліцыю да 2015 году.

Пра гэта распавёў намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Сяргей Чарных.

«Рэфармаваньне міністэрства на першым этапе мэтазгодна пачаць са стварэньня нацыянальнай паліцыі Ўкраіны як цэнтральнага органа выканаўчай улады, дзейнасьць якога будзе накіроўвацца і каардынавацца Кабінэтам міністраў празь міністра ўнутраных спраў», — сказаў намесьнік міністра.

Як паведамляе ўкраінская інтэрнэт-газэта korrespondent.net,
чакаецца, што практычны этап рэфармаваньня органаў унутраных спраў плянуецца рэалізаваць за 2013–2015 гады.

Чарных адзначыў, што для пераўтварэньня міліцыі ў паліцыю неабходна ўнесьці зьмены ў цяперашні закон «Аб міліцыі» або прыняць іншы закон «Аб паліцыі».

На другім этапе рэфармаваньня плянуецца стварыць Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў і рэфармаваць Унутраныя войскі.

З постсавецкіх краін савецкая назва органаў правапарадку на сёньня засталася толькі ва Ўкраіне і Беларусі, Расея адмовілася ад «міліцыі» некалькі гадоў таму з ініцыятывы былога прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Такім чынам, у 2015 годзе міліцыя можа застацца толькі ў Беларусі ды постсавецкіх краінах Цэнтральнай Азіі. Апрача таго, толькі ў Беларусі захавалася савецкая назва спэцслужбы — КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG