Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць гадоў інтэрнэт-рэсурсу Experty.by


Кіраўнік праекту Зьміцер Бескаравайны

Кіраўнік праекту Зьміцер Бескаравайны

Пяць гадоў адзначае 13 чэрвеня рэсурс Experty.by. Гэтая некамэрцыйныя ініцыятыва аб’яднала вакол сябе экспэртаў, якія зьбіраюць і апісваюць сучасную беларускую музыку. На сайце таксама ёсьць архіў з пары сотняў рэцэнзіяў і трэкаў.

За гэты час найвышэйшую адзнаку экспэртаў атрымаў альбом этна-трыё «Троіца». Гэты гурт таксама атрымліваў найбольш ляўраў на штогадовай прэміі Experty.by. Сярод іншых Experty.by уганароўвалі гурты The Toobes, «Ляпис Трубецкой» і «Серебряная свадьба».

Рэсурс дае магчымасьць выказвацца ня толькі прафэсійным, але і «народным» экспэртам. Цікава, што яны таксама паставілі альбом «Троіцы» на першае месца.

Як прайшлі гэтыя пяць гадоў, апавядае кіраўнік праекту Зьміцер Бескаравайны:
За гэтыя гады памянялася пакаленьне музыкаў. Гэтая новая генэрацыя вельмі разнастайная, нашмат большая, чым тое, што было раней

«Галоўная нашая мэта — каб шырылася інфармацыя пра беларускую музыку наагул, пра асобныя альбомы. За гэтыя гады памянялася пакаленьне музыкаў. Ёсьць постаці, якія прайшлі праз гады, але іх няшмат. Гэтая новая генэрацыя вельмі разнастайная, нашмат большая, чым тое, што было раней. І на розных мовах сьпяваюць, і ў розных стылях граюць. Пры гэтым ва ўсіх плынях ёсьць лідэры, якіх ведаюць і ў Беларусі, і за мяжой».

Бескаравайны адзначае, што адпачатку да праекту ставіліся зь недаверам: «Баяліся, што нашыя адзнакі будуць залежаць ад таго, каго мы рэцэнзуем. Але ўжо прайшло досыць часу, у кагосьці выйшла па 2–3 альбомы, і яны ўжо бачаць, што нашыя адзнакі залежаць ад якасьці альбома. І вядомыя музыкі ў нас атрымліваюць нізкія балы, а невядомыя атрымліваюць высокія. На дадзены момант узровень даверу да праекту іншы».

Па словах Зьтмітра, музычнымі крытыкамі ў Беларусі робяцца толькі тыя, каму гэта сапраўды цікава. «Зарабіць гэтым на жыцьцё амаль немагчыма. Займаюцца гэтым стала тыя, хто інакш ня можа. Для каго гэта ня проста момант уласнага піяру ці амбіцый».
XS
SM
MD
LG