Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадусар Шаркуновай: «У Ганцавічах будзе аншляг»


Уладзімер Кубышкін

Уладзімер Кубышкін

Уладзімер Кубышкін — музычны прадусар Аляксандра Саладухі, Ганны Шаркуновай, Ганны Багданавай, Германа і гурту «Ямайка», аўтар песень. 44 гады, паводле адукацыі — стаматоляг.

13 чэрвеня ў Ганцавічах мае адбыцца канцэрт падапечнай Кубышкіна Ганны Шаркуновай. Радыё Свабода зьвярнулася да прадусара з просьбай пракамэнтаваць ініцыятыву ганцавіцкага чыноўніка. Намесьнік старшыні райвыканкаму Сяргей Сарокаў абавязаў кіраўніцтва арганізацый і прадпрыемстваў свайго раёну забясьпечыць яўку на канцэрт і адсправаздачыцца. Просьба вылілася ў паўгадзінную гутарку.

— Чаму людзі самі не прыходзяць на канцэрты беларускіх выканаўцаў?

— Квіткі праз касы, незалежна ад таго, хто прыяжджае, не прадаюцца ў прынцыпе. Практыка такая — ініцыятыва распаўсюду квіткоў на канцэрты паходзіць ад адміністратараў мясцовых палацаў культуры ці нечага падобнага. Гэта іхная праца. Людзі павінны атрымліваць нейкі культурны адпачынак, ДК павінен зарабляць, каб утрымліваць штат. У іх ёсьць база больш-менш адпаведных артыстаў, і яны са сваёй ініцыятывы запрашаюць. Гэта іхная ініцыятыва, і ў іх ёсьць мэханізмы распаўсюду квіткоў.

Што да Ані Шаркуновай, то я ведаю, што пэўны працэнт квіткоў прадаецца. У Ані Шаркуновай харошае шоў. Яны разумеюць, што людзі застануцца задаволеныя, і ідуць на гэта.


Квіткі праз касы, незалежна ад таго, хто прыяжджае, не прадаюцца ў прынцыпе
— А якія артысты прыцягваюць адміністратыўны рэсурс?

— Ня буду называць прозьвішчы, але некаторыя артысты нейкім чынам маюць магчымасьць камунікаваць з адміністрацыяй: дапамажыце нам арганізаваць тур. А матывацыя губэрнатараў — чаму б не дапамагчы гэтай артыстцы?

Пасьля такіх «вэктарных» ініцыятываў вельмі складана. У Ганцавічах добра, калі хаця б адзін канцэрт у месяц праводзіцца. Бо для людзей гэтыя 40 тысяч дастаць з кішэні і аддаць за квіток — гэта плянка нейкая. 40 тысяч 300 чалавек могуць сабе дазволіць раз на месяц.

Дык вось «нейкай дзяўчынцы губэрнатары дапамаглі», а астатнія артысты — у канец чаргі, пралятаюць з гэтым горадам на месяц-два-тры.

Але я на іх злаваць не магу. Я ня ведаю, што б я рабіў, калі б меў блізкі кантакт з губэрнатарамі. Супраціўляцца гэтаму — дурасьць. Мы таксама камусьці пераходзім дарогу. Калі мы зарабляем грошы, мы камусьці не даем іх зарабіць.

— Усе зборы ад канцэрту ў Ганцавічах — 12 мільёнаў, калі будзе поўная заля. Вам гэта трэба?

— Мне мільён будзе каштаваць толькі даехаць туды. А ў нас артысты балету, грымёр. Нам каб зрабіць фанаграму новай песьні, трэба некалькі канцэртаў правесьці. Бо зрабіць песьню аднолькава каштуе — што ў Менску, што ў Лёндане.

— А навошта вы езьдзіце?

— Вы прапануеце працу памяняць? Вось чалавек у Ганцавічах (чыноўнік Сяргей Сарокаў) — гэта добры чалавек. Мы едзем на аншляг, мы гэта ведаем ужо. Гэтыя 300 месцаў — іх жа яшчэ трэба прадаць.

У нас сумленьне чыстае — мы прыяжджаем і адпрацоўваем. Вядома, якія 40 тысяч могуць быць (цана квітка на канцэрт Шаркуновай у Ганцавічах. — Рэд.). Мы кажам: давайце хаця б 60… Аня — ня танная артыстка. Нам што, увогуле ня езьдзіць? Ці квіткі рабіць, як у «Дэпэш Мод»? Тады гэта будзе адзін канцэрт у год.

— Дык а на чым вы зарабляеце?

— Ну вось так і зарабляем. І гэта праблема! Ад нас патрабуюць якаснага шоў, якаснай музыкі. Але ніхто ня думае, што каб зрабіць якасную праграму, трэба інвэставаць 100 тысяч даляраў. У нас з Аняй кошт праекту нашмат большы. За 10 гадоў мы інвэставалі нашмат болей.

— Самі задаволеныя заробкамі?

— Не. У Расеі б я быў вельмі багатым чалавекам. А цяпер я вымушаны ўсё, што зарабляю, укладаць далей, каб захаваць сыстэму. Я, вядома, ня маю патрэбы ў сацыяльнай дапамозе ад дзяржавы (сьмяецца). Я нават магу сабе дазволіць працаваць з новымі артыстамі.

Адміністратары кажуць: каб гэтая артыстка да нас прыехала, трэба сабраць залю. Залі ня будзе — артыстка не прыехала

Я не хачу, каб вы думалі: опа — сказалі — усе пабеглі людзей прымушаць, ракам ставіць. Гэтая сыстэма была заўжды. Кожны месяц нехта прыяжджае, адміністратары кажуць: каб гэтая артыстка да нас прыехала, трэба сабраць залю. Залі ня будзе — артыстка не прыехала.

— А магчымая такая сытуацыя, калі людзі самі прыйдуць?

— Магчымая. Ёсьць людзі, працэнтаў 25–30 залі, — гэта людзі, якім проста падабаецца хадзіць на канцэрты. Вось як у філярмоніі — ходзяць на ўсіх гастралёраў, проста любяць гэта рабіць. Нейкая колькасьць людзей выпадковых. А нейкая колькасьць прыйдзе менавіта на Аню Шаркунову. Заўжды ёсьць людзі, якія чакаюць менавіта Аню, стаяць каля грымёрак. Калі ў залі месцаў 400–500, то чарга па аўтографы стаіць паўтары гадзіны. Кожнаму трэба расьпісацца, з кожным сфатаграфавацца.

— Вам ня крыўдна, што расейскія сьпевакі больш папулярныя?

— Мне ня крыўдна. Гэта нармальна. Я сам выбіраю расейскіх сьпевакоў.

Музыка ў маленькай краіне ня можа акупіць сябе настолькі, каб у месяц выдаваць 30–40 радыёсынглаў. Людзі ж не ідыёты, яны слухаюць не расейскае ці беларускае, а тое, што ім падабаецца. Да таго ж на расейскую музыку працуюць такія глябальныя працэсы, якія мы ніколі тут сабе ня можам дазволіць. Бо каб запусьціць такі працэс, трэба мільёны-мільёны даляраў, а каб падтрымліваць яго, дык яшчэ больш.

Калі нехта больш-менш нешта зь сябе ўяўляе, ён разумее, што яму прасьцей зьехаць у Маскву

Калі мы Макса Фадзеева запросім у Беларусь, ён ня зможа тут працаваць. Мы гэты канвэер ня зможам загрузіць якаснай працай. Лепшыя людзі ўсё адно зьяжджаюць. Калі нехта больш-менш нешта зь сябе ўяўляе, ён разумее, што яму прасьцей зьехаць у Маскву. Зьяжджаюць усе, хто можа на ўзроўні расейскага ці ўкраінскага «саўнду» працаваць.

— Вось вы з Саладухам працуеце, а ў інтэрнэце зь яго сьцябуцца…

— Ну так, для моладзі ён фрык. Ну і што?! Гэта брэнд, ён зарабляе грошы. Зь беларускіх артыстаў ён самы высокааплатны, які сэнс зь яго іранізаваць? Усё гэта ідзе яму на карысьць.

Ён ведае на ўзроўні інстынктаў, што яму трэба рабіць. Ён сябе знайшоў ужо 15 гадоў таму, і ўсё — дзяўбе ў адну кропку. Стадыёны зьбірае, а як — гэта ўжо ня важна. Ён інвэставаў у гэта вялізныя грошы. Траціць на сябе ў год дзясяткі тысяч даляраў на падтрыманьне іміджу, статусу, абнаўленьне рэпэртуару. Але пры гэтым і зарабляе. У нас жа ўся музыка аматарская. Калектываў, якія зарабляюць, гэта 10–15 на краіну. Але, можа, столькі і трэба. Наш рынак большую колькасьць артыстаў ня можа вытрымаць. Большасьць артыстаў скубуць сабе па 100–200 даляраў на хлеб і выходзяць на сцэну, у чым прыехалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG