Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будуць зьбіраць аўтамабілі Opel і Chevrolet


У чацьвер, Opel, які належыць амэрыканскай кампаніі General Motors, падпісала дамову мантаваць свае аўтамабілі ў Беларусі. Пагадненьне дзейнічае да 2017 году.

Дамова прадугледжвае, што з наступнага году беларуска-брытанская кампанія Unison будзе зьбіраць аўтамабілі Opel на сваіх аб’ектах у вёсцы Абчак, якая знаходзіцца за 10 км ад Менску, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Генэральны дырэктар Unison Дзьмітры Ягораў заявіў у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву БелТА, што ў першы год арганізацыя мяркуе сабраць 4-7 тысячаў Opel Corsa. Мантажныя часткі будуць імпартавацца з падразьдзяленьняў Opel у Гішпаніі і Германіі.

Паводле General Motors, сабраныя аўтамабілі будуць прадавацца ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах Мытнага зьвязу. Дырэктар Opel Пітэр Том заявіў, што кампанія хоча «рабіць аўтамабілі там, дзе яна іх прадае».

Але гэта не адзіная прычына, чаму «Опэль» пайшоў на такі крок. Пры зборцы аўтамабіля ў Беларусі кампанія будзе мець магчымасьць прадаваць машыны бяз мытаў у Расею і Казахстан. У Расеі Opel Corsa не вырабляецца.

Дзьмітры Ягораў паведаміў, што акрамя «Опэля» на беларускім заводзе таксама плянуюць зьбіраць некалькі мадэляў Chevrolet. Chevrolet таксама належыць GM.

Кампанія Unison заснаваная ў 1996 годзе і першапачаткова называлася Ford Union і займалася зборкай аўтамабіляў Форд. Але ў 2000 годзе амэрыканская кампанія адмовілася зьбіраць легкавыя аўтамабілі ў Беларусі і пабудавала завод у Санкт-Пецярбургу. Беларуска-брытанская кампанія зьмяніла сваю назву і пачала займацца зборкай машынаў карэйскай аўтамабільнай кампаніі Kia і іранскага Samand.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG