Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганцавічах гвалтам цягнуць на канцэрт Ганны Шаркуновай


З патрабаваньнем «забясьпечыць удзел у канцэрце дэлегацыі працоўнага калектыву» зьвярнуўся да кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацыяў Ганцавіцкага раёну намесьнік старшыні райвыканкаму Сяргей Сарокаў.

У сваёй тэлефанаграме ён патрабуе таксама «прадставіць інфармацыю аб набытых квітках у аддзел культуры райвыканкаму і пацьвердзіць яўку дэлегацыі» да 11 чэрвеня.

«Прадпрыемствы выкупляюць квіткі на канцэрты беларускіх поп-зорак, а людзі на канцэрт не прыходзяць, — распавядае ганцавіцкі чыноўнік Сяргей Сарокаў.

Падазрэньні ў выкарыстаньні адміністратыўнага рэсурсу Сарокаў адмятае — усё гэта ён робіць дзеля таго, каб людзі «далучыліся да прыгожага». З прадусарам Ганны Шаркуновай Уладзімерам Кубышкіным ён не кантактаваў. Што Кубышкін і пацьвердзіў Радыё Свабода.

Уладзімер Кубышкін: «Я магу прысягнуць, што ані я, ані Ганна Шаркунова ніколі не зьвярталіся, у адрозьненьне ад многіх іншых артыстаў, ані ў выканкамы, ані ў аддзелы культуры, і ніколі не прасілі пра правядзеньне канцэртаў.

Але існуе сыстэма, якая складалася на працягу апошніх 40–50 гадоў. Гэта ня кепска і ня добра, гэта так ёсьць. Квіткі праз касы, незалежна ад таго, хто прыяжджае, у прынцыпе не прадаюцца. Няма такога, каб чалавек пайшоў у касу раённага дома культуры па квіток».

Квіткі на канцэрт беларускай поп-сьпявачкі Ганны Шаркуновай каштуюць 40 тысяч рублёў. Адбудзецца ён сёньня ў Ганцавіцкім доме культуры.

«Я не пра выканаўцу клапачуся, — тлумачыць Сяргей Сарокаў сваё распараджэньне, — а пра тое, каб людзі далучыліся да культуры, каб іхны вольны час быў арганізаваны».

Чыноўнік кажа, што працуе на гэтай пасадзе паўгода, канцэрты ў Ганцавічах адбываюцца недзе раз на месяц. За ўвесь гэты час ніхто з жыхароў ня выказваў жаданьня пабачыць у Ганцавічах таго ці іншага артыста.

«Бывае, што паўзалі сядзіць на канцэрце, — кажа Сарокаў. — А калі ўжо прадпрыемству давялі графік, каб 4 чалавекі было, то кіраўніцтва хай бы падумала, каго трэба туды накіраваць, можа, каб нехта «перавыхаваўся».

Самому Сяргею Сарокаву спадабаўся канцэрт гурту «Тяни-толкай». Але і на ім былі тыя ж паўзалі.

«Зразумела, што людзей трэба падштурхнуць. „Ансамбль бацькі Атамана“ прыяжджаў — паўзалі. Ухцінскі — паўзалі. Іскуі Абалян — поўная заля. Цыганскае шоў „Алюр“ — дзьве траціны залі».

Калі такая культура жыхароў Ганцавіч ня надта цікавіць, то прымусіць іх палюбіць футбол ужо ўдалося. Сарокаў распавядае, што ў мінулым годзе ў іх была створаная футбольная каманда.

год таму даводзілася прымушаць. Мы на сёньняшні дзень першае месца ў чэмпіянаце займаем
«У гэтым годзе такі попыт — больш за тысячу балельшчыкаў прыходзіць на наш маленькі стадыёнчык. А яшчэ год таму даводзілася прымушаць. Мы на сёньняшні дзень першае месца ў чэмпіянаце займаем. А гэта таксама дзякуючы таму, што жыхары падтрымліваюць, — кажа Сяргей Сарокаў.

Пра прыбытак, кажа Сарокаў, ён ня думае. «Пра якую суму гаворка? 300 месцаў у залі, на канцэрт Шаркуновай квіткі па 40 тысяч — гэта 12 мільёнаў. Няхай Дом культуры мільён-два атрымае з гэтага канцэрта прыбытку, але культуру ўсё адно падтрымлівае дзяржава».

«Для мяне гэта не пытаньне грошай, прыбыткаў, а як прымусіць чалавека пабыць на канцэрце», — заключае Сарокаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG