Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі скарачаецца колькасьць прыёмных сем’яў, якія выхоўваюць сірот.

На ўтрыманьне прыёмнага дзіцяці дзяржава выдаткоўвае сям’і менш сродкаў, чым дзіцячым дамам і інтэрнатам. Акрамя таго, органы апекі настойваюць, каб у прыёмных сем’ях было больш за двое выхаванцаў.

Чаму многія беларусы не ўсынаўляюць дзяцей, а бяруць іх на выхаваньне, атрымліваючы за гэта грошы? Ці не ператварылася гадаваньне сіротаў у спосаб заробку?

Ці можна сьцьвярджаць, што ў сельскай мясцовасьці сем’і бяруць на выхаваньне сіротаў толькі дзеля заробку? Тыя з бацькоў, якія маюць багаты досьвед апякунства, прызнаюць, што такія выпадкі ёсьць. Прыёмная маці з Горацкага раёну спадарыня Жанна кажа, што некаторыя сем’і бяруць сіротаў празь безграшоўе, якое пануе па вёсках:

«Калі ў калгасе заробак два мільёны — гэта добра, то на прыёмных дзяцей цяпер плацяць 2 мільёны 100 тысяч. То бок для вёскі гэта добра. Дык а калі працы наагул няма — сядзі дома, і ўсё? Альбо ў калгасе без выхадных за два мільёны. А так у двары мама прыёмная знаходзіцца ў сям’і. Дзеці пайшлі ў школу, яна памыла за імі, есьці наварыла. Прыйшлі —урокі парабілі. Праблемаў з гэтымі дзецьмі шмат. І псыхозы, і нэўрозы. Ёсьць дыягназы такія, як эпілепсія».

Апошнім часам органы апекі пачалі настойваць, каб прыёмныя сем’і бралі на выхаваньне больш за двое сіротаў. Такое патрабаваньне зьменшыла колькасьць ахвотных гадаваць прыёмных дзяцей. На кожнае дзіця дзяржава выдзяляе адзін мільён 140 тысяч рублёў. Спадарыня Жанна кажа, што гэтых грошай недастаткова, каб забясьпечыць дзяцей як мае быць.

Сказалі, што даём вам яшчэ дзяцей, калі ня хочаце, то пішыце заяву на звальненьне
«За гэты мільён трэба дзіця пракарміць, адзежу купіць, абутак, школьнае, лекі, звазіць куды-небудзь, і трэба даць справаздачу. У нас у Горацкім раёне 18 сем’яў, у якіх па адным прыёмным дзіцяці. Сказалі, што даём вам яшчэ дзяцей, калі ня хочаце, то пішыце заяву на звальненьне. Дзяржава і тут хоча зэканоміць. Усё-ткі вазьмі ты адно дзіця — ці чатырох. Цяпер асабліва не бяруць».

У дзіцячых дамах і інтэрнатах на ўтрыманьне аднаго дзіцяці выдаткоўваецца ў два разы болей сродкаў, чым на дзіця ў прыёмнай сям’і.

Усынаўляюць сіротаў прыёмныя бацькі рэдка. Чаму? — пытаюся ў жыхаркі Бялыніцкага раёну спадарыні Галіны, якая выгадавала двух хлопцаў, а цяпер гадуе дзяўчынку:

«Я б яе ўдачарыла, але сутнасьць у тым, што я ёй кватэру не куплю.
Я б яе ўдачарыла, але сутнасьць у тым, што я ёй кватэру не куплю
Я пазбаўлю яе таго, што дзяржава ёй павінна даць. У мяне такіх сродкаў няма. Калі б за імі захоўвалася ўсё, я б яе ўдачарыла — што б я, яе не пракарміла б і не адзела?»

Пагутарыць пра жыцьцё сіротаў у прыёмных сем’ях з супрацоўнікамі органаў апекі не ўдалося. На гэтую тэму там адмаўляюцца гаварыць.

Лёс дзяцей з прыёмных сем’яў складаецца па-рознаму. Найчасьцей яны прывязваюцца да прыёмных бацькоў, якія як могуць ім дапамагаюць. Бываюць і іншыя выпадкі, зазначае спадарыня Жанна:

«Я ведаю шмат выпадкаў, калі з прыёмных сем’яў яны потым у турмы трапляюць. Бываюць і сем’і прыёмныя розныя, дзе бацькі без пэдагагічнай адукацыі, звычайныя калгасныя людзі. Ёсьць тыя, хто і п’е».

Правы прыёмных сем’яў бараніла няўрадавая арганізацыя «Добрая воля». Сёлета яе пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі пасьля скаргі Міністэрства адукацыі ў Міністэрства юстыцыі. Кіраўнік арганізацыі Леанід Скорабагаты лічыць: чыноўнікі спрабуюць дыскрэдытаваць прыёмныя сем’і — маўляў, тыя бяруць дзяцей дзеля прыработку:

«Стаіць задача расфармаваць дзіцячыя дамы, і яны знайшлі выйсьце, што ня будуць раздаваць дзяцей у сем’і, а возьмуць той жа інтэрнат — назавуць яго „дзіцячы гарадок“. Адна група ў ім будзе сям’ёй. Былі выхавацелькі — сталі прыёмнымі мамамі. А з прыёмнымі сем’ямі шмат праблемаў. Яны патрабуюць правоў, клопату пра дзяцей і выкананьня заканадаўства».
XS
SM
MD
LG