Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд над Класкоўскай пройдзе 4–5 ліпеня


Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

Плянуецца, што суд над беларускай, якая знаходзіцца ў швэдзкай турме, — Вольгай Класкоўскай пройдзе 4–5 ліпеня.

Пра гэта яна сказала ў першым за тры месяцы ўтрыманьня пад вартай тэлефоннай размове з маці, Людмілай Класкоўскай.

Па словах маці, Вользе зьмянілі рэжым строгага адзіночнага зьняволеньня на мякчэйшы. Дагэтуль яна два з паловай месяцы прабыла ў ізаляцыі бяз права спатканьняў, тэлефонных размоваў, зносін зь іншымі падсьледнымі. Вольга па-ранейшаму ў адзіночнай камэры, але цяпер мае права на даўжэйшыя прагулкі, зносіны з суседзямі зь іншых камэр, сярод якіх ёсьць і выхадцы з краін СНД.

Класкоўская распавяла маці, што ў яе няма інфармацыі пра лёс яе малодшага сына Адэма. Пракурор дазволіў ёй зь ім спатканьне, пра гэта ж хадайнічалі супрацоўнікі турмы, але бацька хлопчыка, як кажа Вольга, усяляк перашкаджае сустрэчы.

Адвакат Вольгі Класкоўскай Ханс Брэдбэрг паведаміў ёй пра вынікі экспэртызы ў сувязі зь нібыта яе нападам на мужа. Зь іх вынікае, што на двух канфіскаваных нажах ёсьць сьляды крыві Адэмавага бацькі, але адбіткаў Вользіных пальцаў на іх няма.

«Гэта яшчэ раз пацьвярджае, што „бытавая драма“ зьяўляецца чыстай правакацыяй», — перадала словы Вольгі яе маці.

Сьледзтва цягнецца «невыносна доўга» таму, што пракурор у адпачынку, сказала Вольга. «Прыгнятае тое, што ад мяне нічога не залежыць, даводзіцца толькі чакаць і цярпець», — дадала яна.

Як адзначыла Людміла Класкоўская, падчас тэлефоннай размовы Вольга трымалася спакойна, упэўнена, прасіла родных ня падаць духам.

Пра затрыманьне 30-гадовай Вольгі Класкоўскай па падазрэньні ў замаху на забойства былога мужа стала вядома 2 красавіка. Класкоўскую затрымалі ў горадзе Ханінгэ на поўдзень ад Стакгольма. Цяпер яна ў турме Окэрсбэрга, за 30 км на паўночны ўсход ад Стакгольма. Швэдзкія ўлады сытуацыю не камэнтуюць, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG