Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Спэцдакладчыку ААН па Беларусі працягнулі мандат


Міклаш Харасьці

Міклаш Харасьці

Гэта стала вядома пасьля сёньняшняга галасаваньня дэлегацыяў, якія цяпер уваходзяць у Раду ААН па правах чалавека.

За рэзалюцыю, якая зьмяшчае прапанову працягнуць мандат Міклашу Харасьці, аддалі свае галасы дэлегацыі 26 краін, супраць выступілі 3, устрымаліся 18.

Згодна з рэглямэнтам лёс пытаньня вырашаецца простай бальшынёй галасоў.

У дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі Ірляндыі, ЗША, Беларусі (Міхаіл Хвастоў), Вэнэсуэлы, Эквадору.

Дэлегат Ірляндыі, які выступіў па даручэньні краінаў Эўразьвязу, якія ўваходзяць у Раду ААН, адзначыў:

«Рэзалюцыя адлюстроўвае высновы, зробленыя спэцдакладчыкам наконт сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яны сьведчаць пра існаваньне сур’ёзных.парушэньняў правоў чалавека. Гэтыя парушэньні маюць сыстэмны і сыстэматычны характар. Яны ўключаюць у сябе абмежаваньні права на свабоду выказваньняў, мірныя сходы асацыяцыяў. Таксама па-ранейшаму працягваюцца запалохваньні, перасьлед і зьняволеньні палітычных апанэнтаў, праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў. Таксама ёсьць зьвесткі пра катаваньне і незаконнае абыходжаньне са зьняволенымі за кратамі».

Беларускія ўлады, як і чакалася, падтрымаў прадстаўнік Вэнэсуэлы. Ён казаў пра нібыта падвойныя стандарты адносна да Беларусі і палітызаванасьць гэтага пытаньня. Пасьля ўсіх выступаў адбылося галасаваньне.

Сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка так пракамэнтавала для «Свабоды» сёньняшняе рашэньне Рады па правах чалавека ААН працягнуць мандат спэцдакладчыка па Беларусі:

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

«Вельмі станоўча, што рэзалюцыя па Беларусі ўхваленая і мандат спэцдакладчыка будзе дзейнічаць яшчэ адзін год. Гэта знак таго, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не выпраўляецца і што яна знаходзіцца ў полі зроку міжнароднай супольнасьці.

Трэба яшчэ ўлічваць, што Рада па правах чалавека гэта не юрыдычны орган. У яго ўваходзяць прадстаўнікі краінаў. І сёньняшняе галасаваньне будзе ўплываць і на палітычныя рашэньні гэтых краінаў аб іх супрацоўніцтве зь Беларусьсю. Вось у чым яшчэ спэцыфіка гэтага рашэньня.

Гэта вельмі моцны знак».


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Вельмі важна, што спадар Харасьці будзе працягваць сваю справу», — лічыць сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі:

«Гэта быў досыць прынцыповы дакладчык. І вельмі добра, што ён і надалей будзе займацца Беларусьсю. Немалаважна, каб людзі не мяняліся. Рэжым Лукашэнкі любіць пад рознымі прычынамі мяняць людзей, якія займаюцца Беларусьсю. Напрыклад, націскаючы на тое, каб зьехалі тыя ці іншыя дыпляматы.

А для нас важна, каб людзі былі абазнаныя, заангажаваныя ў тэму. І, вядома, сумленныя. Вось гэтым якасьцям і адпавядае сёньняшні дакладчык».

Андрэй Савіных

Андрэй Савіных

«МЗС Беларусі не прызнае мандат спэцдакладчыка і ня будзе супрацоўнічаць зь ім», — паведаміў «Свабодзе» прэсавы сакратар міністэрства Андрэй Савіных:

«Прыняцьце дадзенай рэзалюцыі працягвае практыку палітызацыі працы Рады па правах чалавека. Рэзалюцыю ініцыявала група заходніх дзяржаў. Яна не зьяўляецца аб’ектыўнай. Мы адзначаем, што, нягледзячы на ціск краін Захаду, значаная частка дзяржаў Рады не падтрымалі гэты дакумэнт.

Мяркуем, што ўзаемапаважлівы і канструктыўны дыялёг па дадзеных пытаньнях дазволіў бы дасягнуць большых вынікаў, чым дэструктыўнае палітычнае маніпуляваньне. У гэтых умовах пазыцыя Беларусі застаецца ранейшай. Мы не прызнаём мандат спэцдакладчыка і ня будзем узаемадзейнічаць зь ім».


Што напісана ў рэзалюцыі?


Рада пастанаўляе падоўжыць на адзін год мандат Спэцыяльнага дакладчыка па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і просіць Спэцыяльнага дакладчыка прадставіць даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Радзе па правах чалавека на яе дваццаць шостай сэсіі і на шэсьцьдзесят дзявятай сэсіі Генэральнай асамблеі ААН,— гаворыцца ў праекце.

У дакумэнце таксама выказваецца глыбокая занепакоенасьць «працягам парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, якія носяць структурны і эндэмічны характар, а таксама сыстэмнымі і сыстэматычнымі абмежаваньнямі правоў чалавека, асабліва ў дачыненьні да свабоды асацыяцыяў, сходаў і права на свабоду думак і іх свабоднае выказваньне».

Рада выказвае занепакоенасьць з прычыны «ўжываньня катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў месцах утрыманьня пад вартай, адсутнасьці рэакцыі ўраду на выпадкі гвалтоўных зьнікненьняў палітычных апанэнтаў, парушэньняў працоўных правоў, раўназначных прымусовай працы, значных прабелаў у антыдыскрымінацыйным заканадаўстве, беспакаранасьці асобаў, якія парушаюць і ўшчамляюць правы чалавека, уціску арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, журналістаў і палітычных апанэнтаў, аказаньня ціску на адвакатаў, няўдзелу апазыцыйных палітычных партый у працы парлямэнту».

Рада заклікае ўрад Беларусі правесьці «ўсёабдымны агляд заканадаўства, палітыкі, стратэгій і практыкі для таго, каб нормы былі дакладна вызначаныя, адпавядалі міжнароднаму праву і абавязаньням краіны ў галіне правоў чалавека і не выкарыстоўваліся з мэтай перашкоды або празьмернага абмежаваньня любых правоў чалавека, уключна са свабодай выказваньня думак, асацыяцыяў і мірных сходаў і свабодай сродкаў масавай інфармацыі».

Рада настойліва заклікае ўрад Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных, а таксама рэабілітаваць тых, хто ўжо быў вызвалены.

Рэзалюцыя заклікае ўлады Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам ААН, у тым ліку дазволіўшы яму наведаць краіну і даўшы доступ да патрэбнай інфармацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG