Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мандат Харасьці прапануюць падоўжыць на год


Міклаш Харсьці

Міклаш Харсьці

Праект рэзалюцыі Рады ААН па правах чалавека прапаноўвае на год падоўжыць мандат спэцдакладчыка па сытуацыі ў Беларусі.

Галасаваньне па рэзалюцыі плянуецца правесьці сёньня ў рамках сэсіі Рады ААН па правах чалавека, якая праходзіць у Жэнэве.

«Рада пастанаўляе падоўжыць на адзін год мандат Спэцыяльнага дакладчыка па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і просіць Спэцыяльнага дакладчыка прадставіць даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Радзе па правах чалавека на яе дваццаць шостай сэсіі і на шэсьцьдзесят дзявятай сэсіі Генэральнай асамблеі ААН»,— гаворыцца ў праекце.

У дакумэнце таксама выказваецца глыбокая занепакоенасьць «працягам парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, якія носяць структурны і эндэмічны характар, а таксама сыстэмнымі і сыстэматычнымі абмежаваньнямі правоў чалавека, асабліва ў дачыненьні да свабоды асацыяцыяў, сходаў і права на свабоду думак і іх свабоднае выказваньне».

Рада выказвае занепакоенасьць з прычыны «прымяненьня катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў месцах утрыманьня пад вартай, адсутнасьці рэакцыі ўраду на выпадкі гвалтоўных зьнікненьняў палітычных апанэнтаў, парушэньняў працоўных правоў, раўназначных прымусовай працы, значных прабелаў у антыдыскрымінацыйным заканадаўстве, беспакаранасьці асобаў, якія парушаюць і ўшчамляюць правы чалавека, уціску арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, журналістаў і палітычных апанэнтаў, аказаньня ціску на адвакатаў, няўдзелу апазыцыйных палітычных партый у працы парлямэнту».

Рада заклікае ўрад Беларусі правесьці «ўсёабдымны агляд заканадаўства, палітыкі, стратэгій і практыкі для таго, каб нормы былі дакладна вызначаныя, адпавядалі міжнароднаму праву і абавязаньням краіны ў галіне правоў чалавека і не выкарыстоўваліся з мэтай перашкоды або празьмернага абмежаваньня любых правоў чалавека, уключна са свабодай выказваньня думак, асацыяцыяў і мірных сходаў і свабодай сродкаў масавай інфармацыі».

Рада настойліва заклікае ўрад Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных, а таксама рэабілітаваць тых, хто ўжо быў вызвалены.

Рэзалюцыя заклікае ўлады Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам ААН, у тым ліку дазволіўшы яму наведаць краіну і даўшы доступ да патрэбнай інфармацыі.

4 чэрвеня на сэсіі Рады ААН па правах чалавека быў заслуханы даклад спэцдакладчыка па сытуацыі ў Беларусі Міклаша Харасьці. Пры абмеркаваньні гэтага дакумэнта прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэнэве Міхаіл Хвастоў заявіў, што Беларусь ня мае патрэбы ў спэцыяльным дакладчыку або іншых падобных інстытутах, нагадвае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG