Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калегія па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суду прысудзіла да выключнай меры пакараньня 23-гадовага жыхара Вялейкі.

Ён прызнаны вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасьцю двух чалавек, паведамляе Інтэрфакс. Забойства адбылося ў Горадні 5 жніўня 2012 году. Жыхар Вялейкі ў кватэры гарадзенскага інтэрнату забіў з рэўнасьці сваю жонку і яе знаёмага. Труп мужчыны забойца расчляніў і выкінуў у сьмецьцевы бак, а галаву забраў з сабой. З галавой у сумцы яго і затрымала міліцыя ў цягніку ў Ваўкавыску.

Сёлета пры канцы вясны сьмяротны прысуд быў вынесены і ў Магілёве — такую меру атрымаў крымінальнік па сукупнасьці злачынстваў, у тым ліку і ўдзел у забойстве сукамерніка.

У сувязі з гэтым выпадкам Эўразьвяз выказаў спадзяваньне, што асуджаны зможа скарыстаць сваё права на абскарджаньне прысуду. У сваёй заяве вярхоўная прадстаўніца ЭЗ Кэтрын Эштан нагадала, што Эўразьвяз «лічыць сьмяротнае пакараньне жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, якое ня можа служыць фактарам стрымліваньня і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне годнасьці і недатыкальнасьці чалавека».

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе да гэтага часу выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. За гэта краіну ўвесь час крытыкуюць міжнародныя арганізацыі, якія змагаюцца за скасаваньне сьмяротнага пакараньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG